8 лютага Уладзімір Зяленскі адправіў у адстаўку галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага. Замест яго на гэтую пасаду быў прызначаны Аляксандр Сырскі — цяпер ужо былы камандуючы Сухапутных войскаў УСУ. СМІ практычна адразу звярнулі ўвагу на тое, што новы ўкраінскі галоўнакамандуючы нарадзіўся ва Уладзімірскай вобласці Расіі і вучыўся ў Маскоўскім вышэйшым агульнавайсковым камандным вучылішчы. Асабліва актыўна пра гэта паведамляла расійская прапаганда, піша «Медуза».
Новы галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі нарадзіўся ў 1965 годзе ў вёсцы Навінкі Уладзімірскай вобласці РСФСР у сям'і вайскоўца. Як піша «Украінская служба Бі-бі-сі», у 1970-я гады бацьку Сырскага перавялі служыць ва Украіну, з ім пераехала ўся сям'я. Школу новы галоўнакамандуючы УСУ скончыў у Харкаве і, як сцвярджае «Бі-бі-сі», гэты горад ён лічыць родным.
З 1982 па 1986 год Сырскі вучыўся ў Маскоўскім вышэйшым агульнавайсковым камандным вучылішчы (МВАКВ). Прыкладна ў тыя ж гады там вучыліся цяперашнія дэпутаты Дзярждумы Расіі — Андрэй Картаполаў (кіраўнік Камітэта абароны) і Андрэй Лугавы (падазраваны ў забойстве былога разведчыка Аляксандра Літвіненкі), звярнула ўвагу «Руская служба Бі-бі-сі».
У 1980-х Сырскі камандаваў мотастралковым узводам, які базаваўся ў Лубнах Палтаўскай вобласці, у 1990-я — батальёнам і палком 6-й дывізіі Нацгвардыі Украіны, якія стаялі ў Харкаўскай вобласці. Пазней ён вучыўся ў Акадэміі УСУ і Нацыянальнай акадэміі абароны Украіны.
Ва Уладзіміры, як сцвярджаюць расійскія СМІ, жыве брат Аляксандра Сырскага Алег. Прыкладна праз гадзіну пасля таго, як стала вядома аб прызначэнні Сырскага, з Алегам звязалася расійскае дзяржагенцтва ТАСС. Ён расказаў, што ўжо даўно не бачыўся з братам.
«Я з ім не кантактую, я нават не ведаю, дзе ён. Я пра яго нічога не ведаю. Даўно ўжо, вельмі даўно ён з'ехаў туды [ва Украіну]. Ён там усё жыццё, ён там пачаў службу і працягвае яе, у яго там сям'я», — сказаў Алег.
Расійская прапаганда актыўна пісала пра бацькоў Сырскага. Тэлеканал Russia Today сцвярджае, што яны жывуць у Расіі і нібыта «рэгулярна» ўдзельнічаюць у акцыі «Несмяротны полк». Да такой высновы канал прыйшоў, вывучыўшы сацсеткі, якія меркавана належаць сваякам Сырскага.
RT таксама паведаміў, што яго супрацоўнікам удалося пагаварыць са знаёмымі бацькоў новага галоўнакамандуючага УСУ. У прыватнасці, канал прыводзіць словы жыхаркі Уладзіміра і кіраўніка музея адной са школ Таццяны Весяловай, якая раней мела зносіны са сваякамі Сырскага. Яна сцвярджае, што многія выпускнікі школы ведалі Сырскага і на сустрэчы выпускнікоў называлі яго «здраднікам».
RT піша, што паразмаўляла з яшчэ адной знаёмай сям'і Вольгай. Яна называе бацькоў галоўнакамандуючага патрыётамі, а пра Аляксандра яны цяпер зусім не гавораць, «быццам яго і не было ніколі».
Пра бацькоў Сырскага таксама піша праўладны тэлеграм-канал Shot. Выданне сцвярджае, што яму ўдалося звязацца з бацькам новага галоўнакамандуючага УСУ, які папрасіў «не чапаць іх сям'ю, таму што для іх гэта цяжкі час». Ніякіх пацвярджэнняў тэлеграм-канал не прыводзіць.
Shot са спасылкай на сацсеткі нібыта бацькоў Сырскага таксама піша, што яны ўдзельнічаюць у «Несмяротным палку». Канал сцвярджае, што на бацькоў галоўнакамандуючага УСУ «цяпер абрынулася хваля хэйту».
Прапагандыст RT Канстанцін Прыдыбайла апублікаваў фатаграфіі, на якіх, як ён сцвярджае, Аляксандр Сырскі адлюстраваны на святкаванні Дня Расіі. «Еў торт з украінскім і расійскім сцягам на вярхушцы, абдымаўся з расійскімі вайскоўцамі на прыёме», — піша Прыдыбайла. Пра якое мерапрыемства ідзе гаворка, ён не ўдакладніў.
Дзяржагенцтва «РИА Новости» выпусціла матэрыял, у якім гаворыцца, што «меркаваны брат» Сырскага Алег у 2013 годзе быў аштрафаваны судом ва Уладзіміры на 30 тысяч рублёў па артыкуле аб загадзя хлуслівым паведамленні пра рыхтаваны выбух. Верагодна, гаворка ідзе пра таго ж брата, з якім меў зносіны ТАСС, але «РИА Новости» называе яго «меркаваным».
Газета «Комсомольская правда» піша, што бацькоў Сырскага завуць Людміла Іванаўна і Станіслаў Пракопавіч. «Медуза» выявіла на сайце Ленінскага раённага суда пазоў Сырскага Станіслава Пракопавіча да вайсковага камісарыята вобласці ад 2013 года. У ім ён патрабуе прызнаць яго права на пераразлік пенсіі ў сувязі з павелічэннем памеру акладу па вайсковым званні. У рашэнні суда гаворыцца, што Сырскі С.П. — пенсіянер Мінабароны РФ і яму прызначаная пенсія за выслугу гадоў. Ці сапраўды гэта пазоў бацькі новага галоўнакамандуючага УСУ, невядома.
«Комсомольская правда» паведамляе, што карэспандэнт выдання з'ездзіў ва Уладзімір і знайшоў кватэру бацькоў Сырскага. Выданне сцвярджае, што бацькі «забарыкадаваліся ад журналістаў у кватэры, папрасілі суседзяў нікога не пускаць у агульны хол і трымалі аблогу з упартасцю сапраўдных ваяроў».
Карэспандэнт «КП» пагаварыў з сакратаркай дома Наталляй Аляксееўнай, якая, як сцвярджаецца, сябруе з маці Аляксандра Сырскага. Яна сцвярджае, што пасля 2014 года Сырскі да бацькоў не прыязджаў.
Пра «патрыятычную пазіцыю» сваякоў Сырскага піша і праўладны тэлеграм-канал Readovka. Выданне сцвярджае, што знайшло старонкі маці Сырскага ў сацсетках, на якіх можна знайсці «ад пажаданняў моцнага здароўя прэзідэнту Пуціну да жартаў над канцлерам ФРГ Шольцам за яго пастаўкі зброі для УСУ».
RT паведаміла, што выявіла ліст маці Сырскага свайму бацьку, які загінуў падчас «Вялікай Айчыннай вайны», «ратуючы таварышаў ад фашыстаў». Мяркуючы па скрыншотах, тэкст быў размешчаны ва «Укантакце». Ніякіх пацверджанняў сапраўднасці ліста RT не прыводзіць.
Навіны актыўна растыражавалі іншыя праўладныя СМІ, у тым ліку «Известия», «Российская газета», «Взгляд», «Газета.ру», «РИА Новости» і іншыя.
Каментары