Найлепшы ў свеце сэрвіс, вельмі прыгожа і ўсюды суперсмачна. Невідавочны кірунак для зімовага адпачынку
Максім працуе бэкэндарам у міжнароднай кампаніі. Цяпер жыве ў Берліне. У Японіі ён быў ужо 5 разоў. І ён лічыць, што гэта вельмі добры (хоць і нечаканы) кірунак для адпачынку ўзімку. Максім распавёў у блогу на dev.by пра цікавыя месцы ў Японіі, якія там цэны (яны вас прыемна здзівяць) і што смачнага можна з’есці на астравах.
Як зрабіць візу ў Японію
Беларусам у Японію патрэбная віза. Добрая навіна — яна дармовая, робіцца без праблемаў. Для візы трэба даказаць, што ў вас ёсць грошы на рахунку (разлік каля 100 еўра/ноч) і паказаць броні гатэляў і транспарту. Дарэчы, медычная страхоўка непатрэбная.
Першы раз вам яе дадуць на тры месяцы пад даты вандроўкі (могуць быць нязначныя адхіленні). Адмовы ў візе не будзе, але будзеце даносіць дакументы, якія пацвярджаюць ваш маршрут — броні гатэляў, квіткі на цягнікі і самалёт. Можа заняць шмат часу.
Не рэкамендую падавацца ў амбасадзе Японіі ў Беларусі. Супрацоўнікі там (прычым беларусы) вялікія бюракраты, проста жах. Папрасілі распісаць канкрэтны штодзённы (!) план маёй вандроўкі. Таксама падаваўся на японскую візу ў амбасадзе ў Берліне і Нідэрландах, і ў гэтых амбасадах не патрабавалі.
Японія вельмі адрознівалася ад таго, што я бачыў да гэтага. Перш за ўсё, мяне ўразіла рэклама туалетаў адразу ў аэрапорце. Я такога да гэтага часу не бачыў у іншых краінах.
Па-другое, мяне вельмі здзівілі цягнікі ў такійскім метро, якія ездзяць па маршрутах, а не па ветках, таму не заўсёды зразумела, куды на іх даедзеш.
Ад заснежанага гарналыжнага курорту да трапічных пляжаў
Падчас сваіх візітаў у Японію я аб’ездзіў ледзь не ўсю краіну. Але часцей за ўсё бываў у горадзе Сапара на поўначы краіны, недалёка ад Курыльскіх астравоў. Людзі з той часткі Японіі моцна адрозніваюцца ад астатняй краіны. Іх продкі ў асноўным збеглі ад палітычнага ці іншага пераследу, таму не любяць распавядаць пра сваё сямейнае дрэва, чым адрозніваюцца ад іншых японцаў, якія вельмі добра ведаюць генеалогію на 500 гадоў ці болей.
Гэта самая халодная частка Японіі. Вельмі прыгожая прырода, горы, снег. Туды любяць прыязджаць амерыканцы і аўстралійцы — аднолькавы часавы пояс для апошніх. Ад’едзеш 30 хвілін на аўтобусе ад Сапара, і ўжо можаш катацца на горных лыжах. А побач знаходзіцца невялічкі гарадок Niseko, папулярны гарналыжны курорт. У мяне такое ўражанне, што там фрылансераў больш, чым звычайных жыхароў.
Японія — невялікая краіна, але вельмі выцягнутая. На самым поўдні там ёсць архіпелаг Рюку, а самы вялікі востраў Акінава. Я меркаваў паехаць туды пагрэцца, але ўзімку там сезон дажджоў. Таму нягледзячы на цёплую ваду я здолеў паплаваць толькі адзін раз.
Акінава — гэта радзіма філасофіі «ікігай» — вучэння пра пачуццё прыналежнасці, разуменне свайго месца ў жыцці. Магчыма, таму тамашнія жыхары вельмі расслабленыя. Апроч гэтага там вельмі прыгожая прырода. Папулярнае месца для адпачынку не толькі сярод японцаў, але і людзей з Еўропы, ЗША, Аўстраліі.
Невысокія цэны (асабліва для такой развітой краіны)
Цэны ў Японіі вас прыемна здзівяць. Зараз ена моцна ўпала, таму шмат еўрапейцаў і амерыканцаў прыязджаюць у Японію на адпачынак. Напрыклад, да пандэміі гатэль у Токіа каштаваў 60 еўра. Столькі ж каштаваў гатэль у Берліне. Зараз гатэль у Берліне каштуе 120 еўра, а ў Токіа — 90 еўра. У іншых вялікіх гарадах можна зняць добры трохзоркавы гатэль са сняданкам за 40 еўра/ноч.
Ежа ў Японіі ў крамах даражэйшая за Берлін, але кавярні і рэстарацыі на 30% танней. Напрыклад, рамэн можна набыць за 4 еўра. Такія цэны па ўсёй Японіі, Можа толькі ў Токія трохі даражэй. І смачна будзе ў 99% месцаў, нават самых танных. Ды якасць ежы і сэрвісу значна лепшыя за еўрапейскія краіны.
Японцы вельмі любяць паесці, гэта адна з галоўных мэтаў і асалодаў іхняга жыцця. Напрыклад, як у многіх іншых азіяцкіх краінах, тут цалкам нармальна здымаць кватэру без кухні і проста есці штодня не дома.
Японцы вельмі любяць паесці
У кожнай прэфектуры (рэгіёнах) краіны свая ежа са сваімі асаблівасцямі. Шмат хто наведвае Японію, толькі каб паездзіць па розных гарадах ды пакаштаваць лакальныя рамэны.
Японская кухня — гэта не толькі сушы. Хоць зазначу, што іх шмат ядуць. Але толькі нігіры (самыя простыя сушы — толькі норы і рыба). Усе гэтыя роллы а-ля «Філадэльфія» — не пра сапраўдную Японію, але зараз і яны становяцца папулярнымі. Галоўнае ў мясцовых сушы — гэта смачная і свежая рыба, і яе мусіць быць шмат.
Акрамя сушы яшчэ любяць рамэн, карэ (рыс з мясам і падліўкай, вельмі смачна!). Папулярная і арыгінальная індыйская кухня, якую робяць сапраўдныя выхадцы з Індыі. Ёсць і суп-карэ. Папулярна тэмпура (нешта накшталт кляру), асабліва гародніна ў тэмпуры. Яшчэ я люблю тонкацу — вельмі падобна да шніцэля.
Калі казаць пра напоі, то тут ёсць больш за 10 відаў кока-колы. Ёсць нават са смакам сакуры! Мне падабаецца напой карпіс. Цяжка апісаць, што гэта дакладна, найбольш моцна гэты напой нагадвае соду з малаком. З алкагольных напояў шмат п’юць сакэ ды віно са слівы. Ёсць і гарэлка з бульбы, моцная, пад 50%.
Стэрэатыпы пра японцаў
Мне цяжка абагульняць японцаў. Кожны чалавек мае свой характар і асаблівасці. Таму мне цяжка выказвацца за ўвесь народ.
Але дакладна скажу, што японцы амаль увогуле не размаўляюць па-ангельску. Калі пачынаеш з імі размаўляць, то многія проста ўцякаюць. Адзінае месца, дзе з гэтым амаль няма праблемаў — Токіа. Шмат жыхароў вывучылі мову падчас падрыхтоўкі да апошняй Алімпіяды.
Яшчэ ёсць стэрэатып, што японцы не паказваюць свае эмоцыі. Гэта часткова праўда. Але, напрыклад, у Акінаве зусім інакш — мясцовыя вельмі расслабленыя і адкрытыя. Таксама часткова праўдай з’яўляецца стэрэатып пра працавітасць японцаў. Магчыма, таму іх складана сустрэць за мяжой. Японцы вандруюць толькі калі вучацца ва ўніверсітэце або ўжо на пенсіі. Тут не прынята браць адпачынак.
Куды варта паехаць у Японіі, калі вы там упершыню:
Вось мой асабісты топ-5:
- Старая сталіца Японіі Кіёта, горад са шматлікімі старымі храмамі і аўтэнтычнай культурай.
- Сінтаісцкі храм каля Хірасімы.
- Канешне ж, сталіца краіны Токіа, самы вялікі горад на планеце, дзе жыве больш за 40 млн чалавек.
- Кавалак Ісландыі ў Японіі, што завецца Онсэн — месца з гарачымі крыніцамі.
- Нара — яшчэ адна старая сталіца Японіі, людзі там вельмі любяць аленяў. Яны з’яўляюцца сакральнымі жывёламі і вымагаюць ежу ў турыстаў. Калі не дасі ежу, то будуць цягнуць і бадацца.
У Японіі вельмі прыгожая прырода і добрая інфраструктура, таму краіна вас дакладна здзівіць. Па краіне зручна вандраваць. У Японіі ёсць магчымасць набыць праязную картку, якая працуе на ўсіх цягніках і амаль усіх аўтобусах унутры краіны — Japanese Rail Pass.
Чаму варта ехаць у Японію
- Найлепшы сэрвіс у свеце. Паўсюль цудоўнае абслугоўванне. З цікавостак: у Японіі не прынята даваць чаявыя. Калі пакідаеш некалькі манет, то людзі пабягуць за табой, каб вярнуць. Лічаць, што заўсёды мусіць быць добры сэрвіс і не трэба дадаткова плаціць.
- Вельмі прыгожая і іншая ад Еўропы прырода.
- Людзі, якія вельмі адрозніваюцца ад еўрапейцаў. Японцы пабудавалі моцную, выбітную, самабытную культуру.
- Уся Японія вельмі моцна насычаная гісторыяй. Тут нармальна, калі некаторыя фірмы існуюць некалькі стагоддзяў.
- Ежа! Паўсюль суперсмачна.
Падсумоўваючы, магу сказаць, што Японія — вельмі разнастайная і цікавая краіна, вельмі своеасаблівая. І дзякуючы сваёй геаграфіі, і дзякуючы гісторыі. Таму сюды варта прыязджаць, каб адкрыць нешта новае. Так, з Еўропы ляцець доўга і дорага. Але падарожжа сюды — варта таго.
Пабывала ў 38 краінах, назапасіла на некалькі кватэр. Як беларуска працуе сцюардэсай на прыватнай яхце
«Больш за палову майго офіса выкарыстоўвала гэтую візу проста для падарожжаў». Што думаюць айцішнікі пра закрыццё праграмы Poland.Business Harbour
«Косткі ад рыбы на талерцы ён складаў акуратнай ялінкай». Беларусы расказалі, што іх раз'юшвае ў партнёрах
Каментары
https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/ru/335135