Грамадства22

«Калі трапіў на Акрэсціна ў 2022 годзе, падумаў: блін, як жа добра было ў 2020!»

Збіраў подпісы за Бабарыку, галасаваў на выбарах у Жодзінскім ІЧУ, быў вымушаны абгаварыць сябе і прызнацца ў рэгістрацыі ў плане «Перамога», а цяпер змагаецца з анкалогіяй… Расказваем гісторыю Дзмітрыя Барэйчука.

Дзмітрый з жонкай. Фота з асабістага архіва героя

Па адукацыі Дзмітрый інжынер-радыёфізік. Кажа, што працуе ў айці-тэхналогіях з 1987 года. Ён займаўся малым прадпрымальніцтвам у розных сферах. Апошнім часам распрацоўваў праекты ў IT, удзельнічаў у стартапах. А таксама быў рамеснікам, рабіў сувенірную прадукцыю, прысвечаную беларускім гістарычным аб'ектам.

Мужчына шчыра кажа, што да 2020 года не надта цікавіўся палітыкай. Адзначае, што да гэтага часу не было людзей ці арганізацый, якія выклікалі б ў яго давер. Але, калі Дзмітрый пабачыў, што Віктар Бабарыка будзе балатавацца ў прэзідэнты, зразумеў: настаў час нешта мяняць.

— Я крыху ведаў Бабарыку — мы часам вялі перапіску па розных пытаннях у фэйсбуку. І калі ён заявіў, што будзе балатавацца, я спытаўся, што магу зрабіць, каб яго падтрымаць. Бабарыка сказаў: «Запісвайся ў групу, а там паглядзім». У мяне якраз было тры вольныя тыдні — я ўвесь час прысвяціў збору подпісаў. Сабраў 1200. Імкнуўся натхняць сваім прыкладам іншых зборшчыкаў. А калі Бабарыку затрымалі, я быў сярод тых, хто звярнуўся ў КДБ, каб банкіру змянілі меру стрымання.

Першы суд. Фота з асабістага архіва героя

Дзмітрыя затрымалі ў прыёмнай КДБ. На яго склалі пратакол па адміністрацыйным артыкуле 23.34, а потым прысудзілі 14 сутак. Спачатку мужчына трапіў на Акрэсціна.

— Умовы там былі такія, што я налічыў 22 парушэнні правіл утрымання. Пазней я падаў скаргу на гэты конт.

Галасаваць на выбарах Дзмітрыю прыйшлося ўжо ў Жодзінскім ІЧУ. Выбарчы ўчастак арганізавалі ў адной з камер.

У клетцы, дзе звычайна знаходзяцца затрыманыя, якіх выклікаюць на допыт да следчага, паставілі кабіну для галасавання, нейкімі тканінамі яе завесілі, але не цалкам. У выбарчай камісіі было 2 чалавекі.

— Быў такі цікавы момант: пры галасаванні выбаршчык абавязкова павінен паказаць пашпарт. А якія ж пашпарты ў зняволеных? Але адміністрацыя знайшла выйсце. Стаяў начальнік Жодзінскага ІЧУ і паказваў камісіі нашы асабістыя справы. І вось з дапамогай гэтых асабістых спраў камісія ўстанаўлівала нашы асобы. Канешне, ніхто не агучыў нам лічбы пасля падліку галасоў. Я ведаю, што ў 2020 годзе шмат дзе і на волі пратаколы не вывесілі, але ж…

Дзмітрый з іншымі «калегамі па няшчасці» падаў скаргу на парушэнне выбарчага заканадаўства ў Цэнтральную выбарчую камісію.

І, што самае цікавае, ЦВК прызнаў тыя парушэнні, якія былі пазначаныя. Але, паколькі гаворка ішла пра нязначную колькасць галасоў, было вырашана, што гэтыя парушэнні ў цэлым не паўплывалі на агульны ход выбараў.

Дзмітрый з сям'ёй. Фота з асабістага архіва героя

— Рэч у тым, што я цікаўлюся юрыспрудэнцыяй — хобі ў мяне такое, — тлумачыць Дзмітрый. — У першую чаргу я пачаў вучыць сам, якія правы маю па законе. А потым вучыў іншых людзей бараніць свае правы.

Аспрэчваў Дзмітрый і той прысуд, які атрымаў у 2020 годзе — дайшоў да Вярхоўнага суда. У яго атрымалася абскардзіць рашэнне суда першай інстанцыі — Вярхоўны суд пастанавіў прызнаць рашэнне аб арышце незаконным.

Але нічога акрамя адчування сатысфакцыі Дзмітрыю гэта не дало.

— Смешна атрымалася: арышт прызналі незаконным, але ж адміністрацыйную справу не спынілі. У выніку яе вярнулі ў суд Кастрычніцкага раёна Мінска, каб яе паўторна разгледзеў ужо іншы склад суда. Зразумела, што ў новай суддзі асабліва не было варыянтаў: яна прысудзіла мне паўторны арышт. Добра, хоць прызнала, што я яго ўжо адбыў. Я зноў дайшоў да Вярхоўнага суда, але гэтае рашэнне адменена не было.

Спакойна жыць Дзмітрыю і яго сям’і беларускія ўлады не давалі. Яго перыядычна шукалі міліцыянты — казалі, быццам бы мужчыну падазраюць у тым, што ён недзе нешта напісаў. Па зразумелых прычынах Дзмітрый усімі сіламі стараўся пазбягаць такіх сустрэч. Таму некалькі разоў у яго доме праводзілі ператрусы ў адсутнасць гаспадара — забіралі тэхніку і на некаторы час супакойваліся.

— Я спрабаваў выконваць усе магчымыя меры бяспекі, але ў канцы 2022 года мяне выпадкова засталі дома ў вёсцы. Вось тады быў грандыёзны ператрус з вывальваннем усіх рэчаў на падлогу.

Пасля гэтага Дзмітрыя павезлі ў ГУБАЗіК, дзе з яго літаральна выбілі пароль ад тэлефона. У тэлефоне нічога кампраметуючага не знайшлі.

— Але мяне ж не маглі проста адпусціць пасля таго, як незаконна затрымалі і збілі, — сумна ўсміхаецца Зміцер. — Што ім было рабіць? Казаць: «Прабач, мы памыліліся. Давай, брат, ідзі дадому»? Мяне адправілі ў РУУС Першамайскага раёна Мінска і там ужо сталі фальсіфікаваць справу за хуліганства.

Вынік даволі прадказальны — 15 сутак. Такім чынам Дзмітрый зноў трапіў на Акрэсціна.

— Пакуль чалавек сядзіць па адміністраціўцы, сілавікі шукаюць, ці можна завесці на яго крымінальную справу. А калі прычын няма, то іх жа лёгка хуценька прыдумаць.

У мяне так і атрымалася: аднойчы мяне пацягнулі ў ГУБАЗіК, дзе пабоямі і пагрозамі прымусілі прызнацца ў тым, што я падпісаўся на план «Перамога». Калі ты 7-8 дзён адсядзеў у жахлівых умовах на Акрэсціна, а потым цябе збіваюць, зневажаюць… Чалавечая воля ў гэты момант ужо задушаная. Ты ўжо гатовы пагадзіцца з усім, каб спыніць гэта. Я нават не ведаю, што цяжэй пераносіць — гвалт або прыніжэнне. Думаю, усё ж другое.

Дзмітрый з сям'ёй. Фота з асабістага архіва героя

Дзмітрый апісвае ўмовы на Акрэсціна ў 2022 годзе: прыблізна паўметра прасторы на чалавека, адсутнасць туалетнай паперы некалькі дзён запар, у камеру засяляюць бяздомных…

— Калі трапіў на Акрэсціна ў 2022 годзе, падумаў: блін, як жа добра было ў 2020! Да выбараў супрацоўнікі гэтай установы ўсё ж баяліся жорстка парушаць правілы. Але нагадаю, што нават тады мы налічылі 22 парушэнні. Толькі ў 2022 годзе я зразумеў, для каго гучала фраза «Часам не да законаў!» — для сілавікоў. Яны сталі адчуваць поўную ўсёдазволенасць. Цяпер гэта іх любімая фраза. Сілавікі ўвесь час яе паўтараюць. Яны ведалі, што я тлумачу іншым людзям іх законныя правы і казалі: «Ну, што ты сядзіш тут такі разумны? Шмат ты дасягнуў, ведаючы і абараняючы свае правы?!»

На думку Дзмітрыя, сілавікі сапраўды вельмі моцна баяцца плана «Перамога», таму прымушаюць людзей прызнавацца ў рэгістрацыі ў ім, каб запалохаць тых, хто тэарэтычна можа ў яго ўступіць.

— У маім тэлефоне яны знайшлі толькі скрыншот аднаго паведамлення ў тэлеграме. Нейкі невядомы мне чалавек напісаў: «Усіх, хто зарэгістраваўся ў плане «Перамога», мы вельмі просім перайсці па спасылцы і запоўніць форму». Што я, дурны? Канешне, разумеў, што гэта нейкая правакацыя. Зрабіў скрыншот, каб потым спытаць, ці нехта ведае, што гэта. А потым забыўся. Вось на падставе гэтага мяне і вырашылі абвінаваціць.

Дзмітрый кажа, што разумеў: прызнання ў рэгістрацыі ў плане «Перамога» недастаткова для таго, каб была заведзена крымінальная справа. Трэба ж яшчэ высветліць і даказаць мэту гэтай рэгістрацыі — неабходна пацвердзіць, што чалавек планаваў ажыццяўляць экстрэмісцкія дзеянні. Дзмітрый жа сцвярджаў, што зарэгістраваўся, бо было цікава.

Пасля сканчэння 15 сутак Дзмітрыю далі яшчэ 3, а пасля іх перазатрымалі ўжо па крымінальнай справе.

— Мяне вазілі ў Следчы камітэт, і там ужо следчы ў прысутнасці адваката складаў пратакол допыту, дзеля таго, каб легалізаваць мае «прызнанні» ў ГУБАЗіКу. Але ж, вядома, гэта таксама фарс. Бо за тваёй спінай стаіць супрацоўнік ГУБАЗіКу, які перыядычна кладзе руку табе на плячо і кажа: «Давай, кажы так, як ты казаў нам. Бо інакш будзем ехаць назад і заедзем да нас зноў ды паразмаўляем». Каб усё гэта хутчэй скончылася, я яшчэ раз абгаварыў сябе. У нейкі момант пабачыў, што па справе плана «Перамогі» ўжо праходзіць каля 50 чалавек.

Потым Дзмітрыя яшчэ раз затрымлівалі па крымінальнай справе і выбілі ў яго яшчэ адно прызнанне — патрабавалі сказаць, быццам бы ён пакінуў абразлівы каментарый пра нейкага сілавіка.

У выніку 18 снежня 2022 года (пасля чатырох затрыманняў) мужчыну адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Літаральна праз тыдзень ён звярнуўся па медыцынскую дапамогу ў лякарню. Дзмітрыя мучылі болі ў жываце. Ён быў упэўнены, што праблема з ныркамі. Бо, калі мужчыну затрымалі па крымінальнай справе, яго трымалі ў карцары ІЧУ Акрэсціна.

— У маленькім аднамесным бетонным карцары нас было ад 7 да 9 чалавек. Было вельмі холадна, цяжка сагрэцца. Не было матрацаў. А як спаць на бетоннай падлозе, каб захаваць ныркі?

Але высветлілася, што ў Дзмітрыя кістозная пухліна. Некалькі разоў ён ляжаў у бальніцы, але па розных прычынах да аперацыі справа не дайшла. У верасні 2023 года ў сям'і заканчваліся польскія візы, таму Дзмітрый разам з жонкай і двума дзецьмі вырашыў тэрмінова ехаць у Польшчу.

— Мы сабралі ўсе пажыткі ў старэнькі аўтамабіль і адправіліся ў доўгі шлях. Цудам нам удалося выехаць з Беларусі і ўсё ж трапіць у Польшчу.

Ужо тут Дзмітрый звярнуўся па дапамогу ў анкалагічны цэнтр. У снежні 2023 года яму зрабілі аперацыю.

У дзень нашай размовы мужчына чарговы раз быў у лекара і спадзяваўся пачуць добрыя навіны. Але высветлілася, што наперадзе ў яго яшчэ даволі працяглае лячэнне.

— На жаль, гісторыя яшчэ не скончаная. Яшчэ давядзецца пазмагацца. Але ж мы будзем змагацца.

«Байсол» адкрыў збор на лячэнне і рэабілітацыю Дзмітрыя Барэйчука. Вы таксама можаце ў ім паўдзельнічаць.

Чытаць таксама:

«Прыйшлі ў «стакан» тармасіць яго, а ён ужо халодны». Некалькі жыццёвых гісторый ад зняволенага на «сутках»

«Хлопцаў шкада, але калі ўжо людзі навучацца?!» Чаму ў затрыманні Nizkiz пачалі вінаваціць саміх музыкаў

«А калі табе ў**аць па галаве?» Дзяўчына прыехала ў Беларусь замяніць пашпарт — і апынулася за кратамі. Вось яе гісторыя

Каментары2

  • Anatol Starkou
    14.01.2024
    Тэкст мутны. А калі пажадае рэдакцыя НН, то не правільны. Бо ён - ассорти. Няма галоўнай лініі, акрамя імя героя.

    Герой: Я ніколі не сунуў нос у палітыку, а калі насталі крытычныя дні 2020 года - тут я даў копаці і палез у палітыку.
    Малайчына. Пра сям'ю чаму не думаў. Рэвалюцыі захацелася? Ну дык беларускія бальшавікі табе і майму сваяку Віктару Бабарыку рэвалюцыю ўстроілі. Ташчыцеся цяпер ад яе, бо вы ў палітыцы нулі.

    Кістозная пухліна. 
    Я плакаль. Бо не сказана злокачественная опухоль иль так себе.
  • Софа
    14.01.2024
    Ведаю завочна Дзімітрыя па сацсеткам яшчэ з часоў ВТ і Ко. Натхняў многіх бараніць свае правы у адносінах з даішнікамі - у тым ліку і мяне. Так што палітыкай ён займаўся раней за 20-ы. Бо усё наша жыццё гэта палітыка, нельга быць па-за палітыкай!!!

Стала вядома пра арышт гісторыка Ігара Мельнікава8

Стала вядома пра арышт гісторыка Ігара Мельнікава

Усе навіны →
Усе навіны

У возеры Свіцязь забаранілі купацца. У чым прычына?

Mercedes урэзаўся ў Fiat, а пасля збіў двух чалавек

Трамп стаў найстарэйшым кандыдатам на пасаду прэзідэнта ЗША ў гісторыі5

Мінск апынуўся ў топе самых танных гарадоў свету — за жыллё трэба плаціць у 10 разоў менш, чым у Нью-Ёрку6

Першыя праблемы беларусаў на Алімпіядзе ў Парыжы. Весляры ўжо там, а лодкі не прапусцілі 

Топавы амерыканскі часопіс спрагназаваў, колькі беларусы заваююць медалёў на Алімпіядзе. У расіян будзе нуль

Харыс заручылася дастатковай падтрымкай для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты

Пуцін зрабіў Z-спевака Шамана заслужаным артыстам Расіі5

Еўрасаюз пачынае перамовы пра бязвізавы рэжым з Арменіяй3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома пра арышт гісторыка Ігара Мельнікава8

Стала вядома пра арышт гісторыка Ігара Мельнікава

Галоўнае
Усе навіны →