Грамадства8989

Як магла б выглядаць форма і сімволіка беларускіх вайскоўцаў

На канферэнцыі беларускіх ваяроў, якая адбылася 29 лістапада ў Кіеве, сярод іншага былі прадстаўлены новыя беларускія вайсковыя сімволіка, уніформа і рангі. «Наша Ніва» даведалася падрабязней, як яны будуць выглядаць і якія сэнсы ў іх закладзены. 

Пракаментаваць прадстаўлены праект мы папрасілі спецыяліста ў гэтай галіне з пазыўным «Туман».

«Наша Ніва»: Тое, што было прэзентавана на канферэнцыі ў Кіеве, ці было разгледжана беларускімі вайскоўцамі, ухвалена імі і зацверджана?

Туман: На канференцыі была прадстаўлена ўніформа Беларускай вызвольнай арміі (БВА), баявая і парадная, а таксама ўсе элементы звязаныя з ёю — а гэта кукарды, пятліцы, нарукаўныя знакі прыналежнасці да БВА, вайсковыя рангі — пагоны, знакі адрознення па часе ўдзелу ў баях, адзнакі параненняў.

Шэрая парадная ўніформа прызначана беларускім вайскоўцам, якія ваююць ва Украіне і з’яўляюцца службоўцамі БВА.

Так, вынікі працы былі разгледжаны і ўхвалены Вайсковай працоўнай групай, якая складаецца з большасці камандзіраў вядомых беларускіх падраздзяленняў, парамілітарных і звязаных з імі, праваабарончых арганізацый, а таксама вядомых паважаных людзей, звязаных з вайсковай справай у якасці экспертаў. У вайсковую працоўную групу былі запрошаны ўсе камандзіры, але натуральна, што ў час вайны не ўсе могуць ахвяраваць на гэта час.

Сімвалы Беларускай вызвольнай арміі

«НН»: На атрыбутыцы фігуруе назва Беларуская вызвольная армія. Што гэта за структура?

Туман: Стварэнне Беларускай вызвольнай арміі зацверджана Дэкларацыяй аб намерах супрацоўнічаць у вызваленні Беларусі. З гэтай мэтай ствараецца сіла — Беларуская вызвольная армія — БВА. Сёння ўвесь беларускі народ чыніць супраціў злачыннаму рэжыму, які дзейнічае ў інтарэсах замежнай дзяржавы, пуцінскай Расіі. Таму БВА не будзе войскам у акадэмічным разуменні гэтага слова, гэта арганізацыя народнага змагання за аднаўленне законнасці, дэмакратычнага канстуцыйнага ладу і незалежнасці Беларусі. Тут знайдуць сваё месца і цывільны валанцёр і генерал.

Людзі могуць па-рознаму дапамагаць вызвольнай арміі — сваёй экспертнай дапамогай, фізічнай, у тым ліку вайсковай справай, матэрыяльнай ці грашовай. БВА — гэта арганічнае ўтварэнне, якое запатрабаваў час.

Эмблема і апазнавальныя знакі БВА

Мы ўсе, хто нешта робіць — удзельнікі Беларускай вызвольнай арміі, якая ратуе сваю краіну. Цяпер мы ўсе ў супраціве.

Пакуль што аб’яднанне працуе на гарызантальных сувязях, але ў пэўны час яе вайсковая частка можа быць перафарматавана ў «вертыкальную» структуру са штабам БВА і вайсковымі злучэннямі. То-бок ператварыцца ў армію ўжо не як грамадскае аб’яднанне, а вайсковае аб’яднанне (вайсковая структура, якая складаецца са злучэнняў).

Сцяг Беларускай вызвольнай арміі

«НН»: Назва структуры — гэта адсылка да Беларускай вызвольнай арміі, якая вядомая таксама пад назвай «Чорны кот», антысавецкай арганізацыі, якая да 1957 года вяла партызанскую барацьбу за аднаўленне незалежнасці Беларусі?

Туман: Над праектам працавалі гісторыкі, эксперты, вайскоўцы, якія добра ведаюць розныя прыклады вайсковага будаўніцтва беларусаў з нашай гісторыі. Яны не імкнуліся шукаць адпаведнік легендарнай арганізацыі «Чорны Кот», хоць і добра ведаюць пра яе існаванне. Ім добра вядомы іншыя вызвольныя арміі, метады іх працы, памылкі. Але так, спыніліся на гэтай аб’яднаўчай назве — Беларуская вызвольная армія. Яна і гістарычная, і мілагучная, яна — абагульнены вобраз беларускіх вайскоўцаў розных эпох. Назва выдатна адпавядае тым патрабаванням і тым мэтам, якія мы ставім перад сабой — вызваленне Беларусі.

Сімволіка Беларускай вызвольнай арміі на бранятэхніцы ва Украіне

«НН»: Мы, здаецца, ужо бачылі падобную сімволіку на бранятэхніцы, тады ўсе палічылі, што гэта ўкраінскае ІПСА. Ці можаце нешта расказаць пра той выпадак?

Туман: Калі вы бачылі на тэхніцы нешта падобнае да шасціканцовага крыжа ў васьміканцовай зорцы, то гэта, мабыць, яна [Беларуская вызвольная армія] і ёсць. Але і Часовая вайсковая камісія (ЧВК), і Беларуская вызвольная армія — гэта сакрэтныя арганізацыі, і мы не можам больш падрабязна пра іх распавядаць.

Спецыялізацыя вайсковых геральдістаў і ўніфармістаў вузкая: яны толькі распрацоўваюць сімволіку, уніформу і вайсковую атрыбутыку. З мэтай бяспекі ў іншыя справы БВА яны не пасвечаны. Ім трэба працаваць з камандзірамі БВА, а гэта людзі канкрэтныя, людзі справы. На вайне няма часу баўбатаць і заводзіць ў лабірынт слоў, за кожным словам стаіць жыццё. І гэта гонар — дапамагаць ім.

Шэўроны Беларускай вызвольнай арміі з крыжам Усяслава Чарадзея 

«НН»: Чаму знак-крыж названы ў гонар Усяслава Чарадзея, а не ў гонар больш блізкіх да нас па часе гетманаў Хадкевіча ці Астрожскага?

Туман: Рэч у тым, што пры гетмане Астрожскім і нашых выбітных палкаводцаў сярэднявечча ўжо ўся гэтая сімволіка існавала. А таму лічыць гэта іх спадчынай было б з геральдычнага пункта гледжання няправільным. Яны карысталіся ўласнымі гербамі, а таксама дзяржаўнай сімволікай — гербам Пагоня, вобразам Багародзіцы, шасціканцовым крыжам і іншымі выявамі.

Відавочна, што распрацоўшчыкі натхняліся тымі часамі, калі дзяржаўная і вайсковая сімволіка толькі з’явіліся. Гэтыя сімвалы, і крыж, і зорка, маюць агульнахрысціянскае значэнне, уключаюць у сябе ўплывы як Усходу, так і Захаду, бо ўзніклі яшчэ да расколу на праваслаўную і каталіцкую канфесіі. Да таго ж такая васьміканцовая зорка існавала яшчэ нават у дахрысціянскія часы.

Адлік пачынаецца з летапісных часоў, з нашых полацкіх князёў, у тым ліку найвыбітнага князя-ваяра, дзяржаўнага будаўніка і хрысціцеля Беларускай зямлі — Усяслава Чарадзея. Дакладна можна сцвярджаць, што ён карыстаўся ў якасці свайго сімвала шасціканцовым Святым або Чэсным крыжам, больш нам вядомым як крыж Ефрасінні Полацкай ці крыж князёў Барыса Усяславіча і Рагвалода-Васіля Барысавіча. Нядаўнія знаходкі пячатак полацкіх князеў дазволілі нам аднавіць яшчэ адзін дынастычны сімвал Рагвалодавічаў — васміканцовую зорку. Таму нам падалося слушным выводзіць нашу сучасную вайсковую сімволіку адтуль, а таксама ўводзіць яе ў інфармацыйнае і геральдычнае поле пад імем найбольш вядомага і славутага князя.

Нарукаўны знак і нашыўкі мундзіра Беларускай вызвольнай арміі

Частка працы вайсковых геральдыстаў — гэта ўсё ж іміджавая праца, яе вынікі павінны быць зразумелымі людзям. Яны не павінны ўжо так глыбока заархівіравацца, каб людзі паціскалі плячыма і пыталіся «а што гэта?», «што вы мелі на ўвазе?». Яны будуюць зразумелую іерархію беларускай сімволікі, таму і прывязваюцца да найбуйнейшых вайсковых, дзяржаваўтваральных вобразаў.

І згаданыя гетманы знойдуць свае месца ў асобных узнагародах.

Плюс Усяслава Чарадзея ў тым, што гэта вобраз аб’яднаўчы. Ён, як і Ефрасіння Полацкая, яднае ўсіх беларусаў. Трэба падкрэсліць, што наша гісторыя пачынаецца не толькі ад Вялікага Княства Літоўскага, а значна раней, яшчэ ў дахрысціянскія часы. Наш народ, які стаў нацыяй мае выбітную тысячагадовую гісторыю! Зразумела ворагі і іх мясцовыя памагатыя хочуць з нас зрабіць манкуртаў, маўляў, якая ў вас гісторыя — лапці ды маслабойкі. Расчарую іх, мы самая моцная нацыя ў Сусвеце, бо іншая нацыя паміж такімі драпежнікамі ўжо знікла б, а мы жывем і жыць будзем пакуль застанеца хаця б адзін носьбіт Беларускасці.

Таксама, паколькі паводле легенды князь ператвараўся ў ваўка і ўначы з’яўляўся перад ворагам, да нашай уніформы ўзяты шэры колер воўка. Да таго ж форма такога колеру практычная, дзясяткі краін свету маюць уніформу менавіта шэрага колеру.

Распрацоўшчыкі перабралі больш за трыццаць адценняў шэрага па каляроўніку, а пасля выбраны колер паказалі вайсковай працоўнай групе, якая яго прыняла. Усе адмовіліся ад ахоўнага колера, прынамсі зялена-аліўкавага ў розных адценнях, бо не хацелі патрапіць у адзін колер з расейцамі, бо мы мусім ад іх яўна адрознівацца. Такое размежаванне нам вельмі патрэбна ў гэты ваенны час.

Нашыўкі і шэўроны Беларускай вызвольнай арміі

Але шэрая форма прызначана пакуль толькі для вайскоўцаў, ваюючых ва Украіне, канчатковага рашэння па колерах будучай беларускай арміі пакуль няма. Магчыма яна будзе падзяляцца па колерах родах войскаў: цёмна-сіні — авіяцыя і СПА, карычневата-ахоўны — сухапутныя войскі. Дарэчы, хучэй за ўсё чорны колер будзе замацаваны як гістарычны за паліцыяй, белы — за Ганаровай вартай. Канчатковага рашэння ЧВК няма, бо гэта зараз не прыярытэтныя пытанні.

«НН»: Якое сімвалічнае значэнне мае васьміканцовая зорка?

Туман: На Беларусі яшчэ ў дагеральдычныя часы былі найбольш распаўсюджаны зоркі і крыжы — дахрысціянскія сімвалы, протасімволіка. Зорка-Сонца — найстаражытны знак і сакральны сімвал для пераважнай большасці народаў. Сонца традыцыйна ўспрымаецца як увасабленне вярхоўнага бажаства ў розных рэлігіях і культурах. Галоўная зорка-Сонца і зоркі наогул — сімвалы вечнасці, высокіх імкненняў, ідэалаў, пуцяводнасці, шчасця і іншага. Розная колькасць кутоў, канцоў або прамянёў, якія ўтвараюць зорку, а таксама іх колер надаюць зоркам асаблівы, уласцівы толькі ім сэнс ў геральдыцы, эмблематыцы, вайсковай сімволіцы.

Сярод зорак найбольш распаўсюджаныя ў Еўропе шасціканцовыя і васьміканцовыя зоркі. Яны прысутнічаюць ў хрысціянскай сімволіцы — ў інтэр’ерах і на купалах храмаў, ў вайсковай сімволіцы, напрыклад, як ордэнскія зоркі. Шасціканцовая зорка, напрыклад, якая мае рэлігійнае значэнне — як Біблейская, або «Віфлеемская зорка». Яна часта асацыюецца ў нас з габрэйскай культурай і сімволікай. Таму ў беларускай сімволіцы і геральдыцы замест яе часта выкарыстоўвалася васьміканцовая зорка. І геральдысты прапануюць увесці ў практыку яе назву — «Беларуская зорка».

Васьміканцовая зорка мае сваё значэнне. Яна абазначае паняцці: «Бог», «Сонца», «Добрая вестка», «Пачатак», «Нараджэнне» і іншае. Важна таксама, што такая зорка выступала як сімвалічны адпаведнік Ісуса Хрыста. Менавіта гэтая акалічнасць — прысутнасць седзячага на троне Ісуса Хрыста і васьміканцовай зоркі, як яго сімвалічнага ўвасаблення, на пячатках полацкіх князёў Усяслава Чарадзея і яго нашчадкаў, дазволіла нам стварыць адпаведную эмблему БВА. Гэтая зорка з крыжом таксама мае сваю назву — «Беларуская вайсковая зорка». Таму эмблема новая, але мае глыбокія карані.

Увогуле зоркі розных канфігурацый вельмі распаўсюджаны ў дзяржаўнай і вайсковай сімволіцы Еўропы і ў цэлым Захаду. Напрыклад, васьміканцовая зорка сустракаецца яшчэ ў сімволіцы ўзброеных сіл Македоніі (але мае там іншае паходжанне — ад сімволікі македонскіх цароў), а шасціканцовая зорка захавалася ў Літве.

Апазнавальныя знакі Беларускай вызвольнай арміі

«НН»: На што арыентаваліся ў стварэнні новай уніформы і знакаў адрознення? Ці былі нейкія напрацоўкі ўзятыя з 90-х гадоў?

Туман: Адразу, каб надалей не ўзнікала ніякіх пытанняў, акрэслім, што

распрацоўшчыкі не рабілі ніякіх копій з уніформы іншых краін, у тым ліку з уніформы Вермахта. Яны правялі грунтоўнае гістарычнае даследаванне, якое змяшчае 700 выяў, зрабілі дзясяткі абгрунтаванняў. І калі нехта кажа — «во, хлопцы ўзялі ў немцаў скапіравалі» — гэта глупства. Гэта ўжо мае назву — «сіндром Штырліца».

Быў даследаваны перыяд пачатку XX стагоддзя. Глядзелі на тых беларускіх вайскоўцаў, што служылі ў абсалютна розных войсках, дзе ўжо былі сфарміраваныя сучаснага выгляду мундзіры з кішэнямі.

Арыентавацца на больш ранні перыяд, часы Вялікага Княства Літоўскага ці вызвольных паўстанняў, было немэтазгодна, бо там мундзіры былі з «голымі грудзямі» без кішэняў, з радамі гузікаў — з гэтага асабліва нічога не пацягнеш. Нейкія элементы, вядома, глядзелі, але

з большага звярталіся да перыяду Першай сусветнай вайны, да беларускіх вайскоўцаў у розных арміях, пасля — да перыяду БНР, слуцкіх паўстанцаў, беларускіх часцей у зноў такі розных арміях — Літвы, Польшчы, дзе існавалі Літоўска-беларуская дывізія ці Беларуская вайсковая камісія ў складзе Войска Польскага, фарміраванні пад камандаваннем Балаховіча.

Пра тое, як даследавалі ўніформу — да кожнага гузіка, кішэні, пагона, іх колеру — можна асобную кнігу напісаць. Гэта сотні малюнкаў, некалькі асобных канцэпцый. Праца шла вельмі асцярожна, адказна, пакрокава.

Са свайго боку мы можам дакладна сцвярджаць, што беларусы, згуртаваныя ў антысавецкія вайсковыя часткі, найбольш часта насілі мундзіры з трохмысковым клапанам. На фатаздымках і каляровых рэканструкцыях шмат беларусаў у расійскіх фрэнчах з такімі клапанамі, у брытанскіх, германскі, літоўскіх і самаробных мундзірах з такімі кішэнямі. І што б ні казалі, большасць беларускіх антысавецкіх фарміраванняў насілі шэрыя, альбо шэра-зяленыя, альбо шэра-блакітныя, шэра-карычневыя мундзіры, бо шэры і ягоныя адценні — гэта адзін з найраспаўсюджаных колераў мундзіраў ваюючых бакоў. Таксама шэры колер — колер непафарбаванага палатна, з якога шылі сялянскую і вайсковую вопратку беларускія паўстанцы, случакі і іншыя.

Мундзір Беларускай вызвольнай арміі

«НН»: Ці маглі б больш падрабязна распавесці пра элементы параднай уніформы?

Туман: На левым рукаве параднага мундзіра можна заўважыць чырвоныя рыскі, якімі пазначаюцца параненні. На іншым рукаве срэбныя шаўроны-«птушкі» — гэта адзнакі за пэўны перыяд выкарыстання ваяра па баявым прызначэнні. Прапаноўвалася нашываць адну «птушачку» за паўгода, але канчаткова перыяд будзе акрэслены ЧВК. Таксама на локці ёсць вышыўка сіл спецыяльных аперацый у выглядзе крыла з мячом, якая пазычана са старажытнага беларускага герба.

Кукарды БВА і знак сіл спецыяльных аперацый

На плячы з левага боку агульнавайсковы нарукаўны знак Беларускай вызвольнай арміі, з правага — нарукаўны знак падраздзялення.

Вайсковымі геральдыстамі распрацавана 30 эмблем па ўсіх родах войскаў і службах, але, як кажуць, не да часу. Пакуль беларускія вайскоўцы аб’ядноўваюцца пад адной эмблемай, каб не было такога, што ў кожнага вайскоўца па сваёй эмблеме. Магчыма, так будзе пазней, альбо эмблема будзе па прызначэнні фарміравання, а пакуль агульная — для ўсіх вайскоўцаў ва Украіне.

Пятліцы Беларускай вызвольнай арміі

Вы пыталіся, што ўзята з 90-х гадоў. Дык вось у 1990-я гады адзін з праектаў параднай формы беларускіх вайскоўцаў, распрацаваны Яўгенам Куліком, прадугледжваў пятліцы з крыжам Усяслава Полацкага. Такія ж мелі ў канцы Другой сусветнай вайны беларускія антысавецкія падраздзяленні.

Некаторыя называюць гэты сімвал «крыжом Ярылы», але гэта хучэй «народная» назва, якая, напэўна, вельмі здзівіла б вядомага язычніцкага бога ўраджаю, вясны і кахання. Ды і не да месца, чаму не Пярун, не бог вайны Кара ды іншыя? Прапанаваны геральдыстамі варыянт больш адпавядае гістарычнаму — шасціканцовы крыж Усяслава Полацкага з рознай даўжынёй перакладзін: верхняя — вужэйшая.

Пятліцы і стужка да верхняга гузіка

Яшчэ адзін гістарычны элемент — стужка да гузіка. Яна была не ўзнагароднай, як некаторыя стужкі ў іншых арміях, напрыклад, тая ж георгіеўская ці нямецкія ордэнскія стужкі, а адразу была знакам адрознення, знакам прыналежнасці. У час Першай сусветнай вайны гэта была такая протасімволіка: прасцей жа было зрабіць бела-чырвона-белы бант, павязку на рукаў альбо вось такую стужку.

Кастусь Езавітаў увёў яе прыказам для вайскоўцаў-беларусаў як знак адрознення, таму палічылі вартым гэта захаваць. А дзе зараз патрэбны такі знак адрознення? У Беларусі не патрэбны, а вось ва Украіне, каб паказаць сярод Замежнага легіёна, што «вось гэта — беларусы, бачыце», ён патрэбны.

Вайскоўцы сказалі, што калі гэта быў знак адрознення, то няхай ён такім і застаецца. Адзінае што, вайсковая працоўная група, якая прымала ўніформу, прапанавала, што менавіта гэтую стужку змогуць выкарыстоўваць толькі тыя, хто знаходзіцца на фронце і мае кантракт з УСУ. Бо будуць яшчэ тылавыя службы, якія таксама будуць мець права нашэння шэрай уніформы, яны таксама важныя частка Беларускай вызвольнай арміі, але гэтую стужку будуць мець тыя, хто непасрэдна ваюе.

Вайскоўцы могуць увесці нейкі статут для стужкі, як і калі яе мацуюць да мундзіра, але задумвалася яна як агульны знак адрознення для беларусаў.

Гальштук і цямляк да мундзіра Беларускай вызвольнай арміі

Яшчэ адна цікавая рэч у мундзіры — гэта цямляк, традыцыйная статусная рэч. Цемлякі былі афіцэрскія і падафіцэрскія, а таксама нацыянальныя, зробленыя з нітак пэўных колераў. А былі і больш простыя, палявыя, скураныя. Гэты элемент таксама закладзены ва ўніформу, бо прадугледжваецца, што будзе ўзнагародная зброя, ці то корцік, ці то шабля, або ўвогуле службовая зброя, як, напрыклад, у ганаровай варты або сцяжной групы, дзе тры чалавекі павінны мець шаблю.

Увогуле ўсе гэтыя распрацоўкі робяцца на будучыню. Кажуць, што не да часу, але трэба заўсёды распрацоўваць увесь геральдычны алфавіт, усю табліцу множання, каб, калі зноў у Беларусі прыдуць да ўлады дэмакратычныя сілы, не было сітуацыі, што зноў бракуе часу на распрацоўку сваіх сімвалаў. І прыходзіць потым гома-саветыкус і кажа — ну не ўсё ж так дрэнна было ў лукашысцкай Беларусі, давайце захаваем, што ёсць.

І цяпер ёсць тыя, хто кажа: «Давайце зорку пяціканцовую захаваем». Многія моцна «забацылены» саўком. Нават тыя, хто сёння ваюе ва Украіне з расейцамі, яны адмаўляюцца ад нацыянальных сімвалаў. Ваююць з рускімі, але носяць усё рускае. Недахоп культуры, недахоп інфармацыі, ведаў тэарэтычных і нашая вайсковая ўпартасць, традыцыйнасць. Дзяды ваявалі, мы насілі, хай будзе як было.

Гэта «бацыла», ад якой чалавек мусіць вылечыцца. Мэта геральдыстаў якраз паказаць нешта здаровае, нацыянальнае. Напрыклад, колер крапавага берэта, які цяпер Кубракову невядома за што без экзаменаў далі, прапануецца замяніць на кармазінавы колер. Гэта цёмна-чырвоны, насычаны колер, халаднейшы за крапавы.

Гэты ж колер з’явіцца на службовым пасведчанні БВА, якое будзе мець кожны службовец, што спрычыніўся да супраціву.

Аксельбанты да мундзіра БВА

Таксама да статусных элементаў формы можна аднесці аксельбант.

Аксельбант прысутнічае ў арміях амаль усіх краін. Найперш яго насілі афіцэры Генеральнага і іншых штабоў: але таксама і іншыя службоўцы. Потым аксельбант стаў элементам параднай формы для ўсіх. Яго насілі і шарагоўцы, і афіцэры, у першых ён быў адзінарным, у другіх — падвойным.

Некаторыя кажуць, што гэты элемент пайшоў ад вяровак, як сімвала пагарды смерцю, але ёсць і іншыя меркаванні. Існавалі аксельбанты, якія былі спалучаны з пагонамі. Увогуле першыя пагоны — гэта такія складаныя плеценыя рэчы, якія часта мелі элементы, якія звісалі на грудзі — кутасы, махру. Пасля аксельбант ператварыўся ў асобны элемент.

Да канца не вызначана, які ён будзе мець статус, але ўсё ідзе да таго, што ён будзе статусным элементам для ўсіх, хто мае парадна-прадстаўнічую форму адзення. Шарагоўцы і падафіцэры будуць традыцыйна мець адзінарны аксельбант, астатнія — падвойны.

Сёння пакуль няма вайсковай паліцыі ці нейкіх падобных структур, але мы трымаем у галаве, што для іх аксельбант можа быць іншага колеру, напрыклад, можа быць апавіты бел-чырвона-белым шнурам.

Жэст «Малая Пагоня» і знакі адрознення Беларускай вызвольнай арміі

«НН»: Жэст прывітання вы назвалі «Малая Пагоня». Што гэта за сімвал і чаму ён мае такую назву?

Туман: У нас у Беларусі дагэтуль захоўваецца савецкая практыка, што вайсковае прывітанне можна аддаваць толькі прыкладаннем рукі да галавы, але толькі з галаўным уборам. Мы адышлі ад гэтага. Адзін з нашых сяброў прапанаваў «Малую Пагоню» ў якасці вайсковага прывітання. Гэта прыцісканне рукі, якая трымае ўяўны меч, да сэрца. Вайскоўцам гэта вельмі лёгка растлумачыць, як павінна быць. «Малая Пагоня» прысутнічала ў беларускай геральдыцы, вайсковай сімволіцы, гэта быў асобны герб. Часта рыцары прыціскалі сам меч да сэрца, як знак павагі адзін да аднаго. Гэтая семантыка вельмі даўняя.

«НН»: Вы распрацавалі таксама вайсковыя рангі. Ці ёсць нейкія адрозненні ад тых, што выкарыстоўваюцца ў сённяшняй беларускай арміі?

Туман: Рангі былі зроблены строга ва ўвязцы з сістэмай НАТА і іхнімі кодамі. Прыбраліся прапаршчыкі, якіх замянілі на харужага, падхаружага. Фактычна і тое, і другое азначае літаральна «сцяганосец». Але прапаршчык паходзіць ад неўласцівага нам слова «прапар», а харужы ад «харугва».

Вайсковыя рангі Беларускай вызвольнай арміі

Таксама ў нас з’явіліся капралы, быў дапрацаваны сержанцкі і ўвесь падафіцэрскі склад, распаўсюджаны ў заходніх арміях, у тым ліку краінах НАТА. Прыбралі малодшага лейтэнанта, які быў вельмі сумнеўным прамежкавым рангам. Дадаецца брыгадны генерал, гэта першае генеральскае званне для таго, каб брыгадамі ўсё ж такі камандавалі генералы, а не як сёння бывае, што брыгадай да сваёй смерці камандуе падпалкоўнік ці палкоўнік.

Згодна з сістэмай НАТА, як у 26 краінах альянсу, першую зорку на пагонах будзе атрымліваць падпаручык (адпаведнік лейтэнанта). Праз гэта ўзнікла напруга ў некаторых малодшых афіцэраў, бо ў іх з пагонаў прыбярэцца адна зорка. Капітан — гэта ўжо не чатыры зоркі, а тры, а старэйшы лейтэнант — не тры зоркі, а дзве. Мы на гэта адказваем жартам: трэба, хлопцы, хутчэй старэйшымі афіцэрамі станавіцца. Дарэчы, на вайне, калі пасада адпавядае рангу па статутах любой арміі, рангі ідуць значна хутчэй. 

Пагоны шараговых, падафіцэраў, афіцэраў і генералаў Беларускай вызвольнай арміі

Малодшыя афіцэры будуць мець ад адной да трох зорак на пагонах, гэтак жа як і старэйшыя афіцэры, але ў апошніх яшчэ дадасца ўнізе папярочны металічны галун. Ён называецца «кракадзіл», бо ўсе галуны маюць традыцыйны часоў ВКЛ зігзаг, які нагадвае «зубы-іклы». Мы яго запазычылі з беларускіх вайсковых сцягоў часоў ВКЛ. Генералы ідуць па той жа самай сістэме, але ў іх можа быць чатыры зоркі, а замест галуна будзе дубовае лісце. Ну і найвышэйшы ранг — генерал арміі — будзе мець адну зорку, дубовае лісце і яшчэ герб «Пагоня».

Хочам пазначыць, што памер зоркі і ў падпаручыка, і ў генерала аднолькавы, што адпавядае вайсковай этыцы.

«НН»: Хто будзе прысвойваць рангі БВА?

Туман: Распрацавана сістэма, вайсковая працоўная група з беларускіх вайскоўцаў прыняла і пацвердзіла, што ў яе няма пытанняў і што яны згодныя ёю карыстацца. Цяпер, вядома, яе трэба ўвесці.

Была ідэя, што нейкі палітычны ці вайсковы цэнтр, нейкі наш дзяржаўны кіраўнік увядзе яе сваім загадам. Ёсць жа ў нас Рада БНР, Кабінет Святланы Ціханоўскай. Але пакуль гэтага не атрымалася. Ніхто не хоча браць на сябе ініцыятыву і адказнасць. І згодна з традыцыяй гэта можа зрабіць любы вайсковы кіраўнік, які будзе ў рангу старшыні Часовай вайсковай камісіі.

Так робіцца падчас вайны, адсутнасці ўлады, калі развалены канстытуцыйныя дзяржаўныя інстытуты, бо народ — гэта адзіная крыніца улады, ён вылучае сваіх прадстаўнікоў, стварае свае камітэты. І найвышэйшы вайсковы кіраўнік, як гэта і было ў гісторыі, можа сваім загадам уводзіць рангі, сімволіку, знакі і нават узнагароды.

Да таго, наколькі вядома, у ЧВК прысутнічаюць старэйшыя афіцэры, якія глыбока ў гэтым пытанні. Рангі будуць прысваівацца строга з займаемай пасадай і колькасцю асабовага складу якім кіруе вайсковец. ЧВК разглядаецца прапанова павярнуць вайсковыя (у тым ліку спецыяльныя) рангі (звання) вайскоўцам БВА, якіх грамадзянін Лукашэнка незаконна пазбавіў.

«НН»: А новыя рангі не будуць уваходзіць у супярэчнасць з украінскімі?

Туман: Прадстаўлены праект высока ацанілі ўкраінскія геральдысты. Усё зроблена на належным узроўні, гістарычна адпаведна і прывабна. Да таго ж, нацыянальныя рангі прыведзены ў поўную адпаведнасць кодам НАТА.

Нагрудны знак прыналежнасці да БВА-Украіна

Семантычнай, сэнсавай супярэчнасці не будзе, а юрыдычная — гэта справа ўжо не столькі геральдыстаў, колькі справа беларускіх стасункаў з украінскімі ўладамі, з УСУ. Але пакуль украінскія ўлады спрыяльна ставяцца да справы, бо яна ставіць за мэту дапамагаць Украіне, а не замінаць ёй.

Але натуральна, што ўкраінскія і беларускія рангі будуць існаваць адначасова. Нельга прымусіць украінцаў прыстасаваць рангі да іхніх. Таму па кантракце гэта можа быць радавы, але, калі ён камандуе пэўнай вайсковай часткай, то па беларускіх рангах, згодна з гістарычнымі традыцыямі і юрыдычнымі дакументамі, ён можа быць нават маёрам. Думаю, кіраўніцтва БВА ў будучым прыйдзе да дамовы з УСУ па агульным прызнанні рангаў. Пакуль усё ідзе па алфавіце, спачатку першая літара, пасля астатнія.

«НН»: Ці распрацоўвалася сістэма розных каманд для войска?

Туман: Добра вядомыя ў гэтым накірунку праца Беларускага згуртавання вайскоўцаў, Статут Станіслава Судніка. Але глыбока сістэма каманд пакуль не распрацоўваецца, толькі збіраюцца матэрыялы на гэтую тэму, і ўжо ёсць цікавыя прапановы. Вядома, пасля гэта будзе ў якасці праекта вынесена на пасяджэнні ЧВК згодна з парадкам дня.

Увогуле каманды прадугледжвае страявы статут. Калі будуць створаны нейкія вайскова-статутныя структуры, то ў абавязках будзе распрацаваць гэтыя вайсковыя каманды.

Асобая парадная форма для мірнага часу і парадна-прадстаўнічая форма для ваеннага часу пры ўдзеле ў святочных мерапрыемствах.

Парадна-прадстаўнічая і асобая парадная форма для мужчын і жанчын

«НН»: Ці ёсць ужо нейкія вырабленыя ўзоры формы, рыштунку і знакаў адрознення? Ці зможам мы ў хуткім часе пабачыць іх на кімсьці з беларускіх ваяроў ці палітыкаў?

Туман: Упершыню з часоў 19 стагоддзя выраблена беларуская спражка на дзягу (пояс). Спражка беларускага вайскоўца можа насіцца на розных тыпах уніформы. Але пакуль што размова ідзе пра вайсковую парадна-прадстаўнічую форму.

Рамяні, спражкі і гузікі

Было вельмі прыемна дадаць на спражку герб Пагоня ўзору 1991 года. Апошні раз падобныя спражкі насілі ў часы Касцюшкі, або ў часы 1812 года, калі Напалеон аднавіў на пэўны тэрмін ВКЛ, а далей ужо і не было такой нагоды, каб насіць спражкі з Пагоняй.

У часы БНР і пазней, напрыклад, кукарды не было магчымасці вырабляць, бралі літоўскія ці нават цывільныя з Віленскай гімназіі, альбо літоўскія гузікі. Не было часу. Цяпер ёсць магчымасць зрабіць сваё.

На прадпрыемстве прапаноўваюць тры розныя варыянты — просты, сярэдні і найлепшы. Але выбіраецца толькі найлепшы. Узровень атрыбутыкі — гэта таксамы паказчык сур'ёзнасці праекта. Для параўнання — у сённяшняй лукашэнкаўскай арміі захоўваюцца бесталковыя складаныя кампазіцыі, як кажуць, «так ніхто ўжо не ваюе». Сёння геральдычныя выявы мусяць быць сціплымі, а лукашысты ўсё яшчэ ў рэчышчы савецкіх «нацюрмортаў». Бо ў сучаснай Беларусі з-за рапрэсій ўжо не засталося спецыялістаў у галіне геральдыкі.

Літоўская і беларуская спражкі з Пагоняй
Беларуская спражка з Пагоняй

«НН»: Якія планы ў вас сёння?

Туман: Кіраўніцтва БВА цяпер мае ў гэтым патрэбу, бо ўсё ж уніформа — гэта абавязковы атрыбут любога нацыянальнага войска. Але справа павінна ісці па тэхналагічных кроках, без памылак.

Прататыпы ўніформы ўжо вырабляюцца. Да міліметраў удасканальваюцца тыя ж кішэні. Тое, што намаляваў дызайнер, мусіць перайсці да тэхнолагаў і канструктараў, якія мусяць перанесці гэта ўсё на лякалы, прыстасаваць пад краўцова-швацкія прылады.

Гэта не проста пайсці ў атэлье і пашыць. У гэтай справе ёсць шмат акалічнасцей. Трэба спакойна прайсці гэты працэс. Калі атрымаецца ўжо пашыты ўзор, толькі тады можна яго аддаць на нейкі масавы пашыў.

Галоўнае — праца ідзе, ідэі ператвараюцца ў малюнкі, малюнкі ў эталонныя выявы, выявы ўвасобліваюцца ў метале, тканіне, скуры. Гэта вялікае шчасце мастака — быць патрэбным Радзіме.

З чытачамі «Нашай Нівы» распрацоўшчыкі ўніформы і сімволікі Беларускай вызвольнай арміі таксама падзяліліся двума тэматычнымі календарамі на 2024 год, якія вы можаце вышэй спампаваць і раздрукаваць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары89

  • Ваша Ніва
    03.01.2024
    Да падрыву пятай кропкі ў беларускага КДБ 3, 2, 1...
  • Крутая спражка з Пагоняй
    03.01.2024
    Беларуская спражка з Пагоняй такая прыгожая!
    Хацелася б патрымаць яе ў руках!
  • Падабаецца
    03.01.2024
    Прыгожа

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў6

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Усе навіны →
Усе навіны

ГУБАЗіК паправіў пракуратуру17

«Відаць, я добра шыфравалася, што за мной прыйшлі толькі ў 2023 годзе». Мінчанка расказала пра арышт і ўцёкі2

Кур'ер пераканаў 87-гадовую мінчанку не перадаваць грошы на «лячэнне сваячкі»1

У Маскве нацыяналізавалі нерухомасць алігарха з беларускімі каранямі Аляксея Хоціна

Прапагандысты выпадкова паведамілі, колькі плацяць за стварэнне крынджовых стыкераў да Дня народнага адзінства4

Апублікавала рылз пра Караткевіча і выйшла замуж праз восем месяцаў. Гісторыя кахання двух беларусаў3

У ЗША спынілі крымінальны пераслед Трампа па справе штурму Капітолія2

Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года2

Генпракуратура расказала пра вялікую справу па дваровых чатах2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў6

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Галоўнае
Усе навіны →