Грамадства2929

«Альбо вялікі гонар, альбо вялікая ганьба». Што адбывалася на канферэнцыі палка Каліноўскага па стратэгіях вызвалення Беларусі

Полк Каліноўскага вырашыў зрабіць тое, пра што даўно гавораць беларусы, — паспрабаваць аб’яднаць усе дэмакратычныя сілы і разам распрацаваць стратэгію вызвалення Беларусі. 29 лістапада ў Кіеве сустрэліся больш за сто прадстаўнікоў разнастайных ініцыятыў і партый, сярод якіх — нават непрымірымыя праціўнікі, што пастаянна крытыкуюць адзін аднаго. У кулуарах канферэнцыю ўжо назвалі гістарычнай і лёсавызначальнай. Што там адбывалася, вялікі рэпартаж зрабіла «Люстэрка».

Канферэнцыя палка Каліноўскага ў Кіеве 29 лістапада 2023 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

«Гэта твае людзі, беларусы, чаму ты не можаш прыехаць дзеля іх у першую чаргу?»

Пасля сутак у дарозе Кіеў сустрэў мяне мокрым снегам з дажджом, паветранымі трывогамі і канспірацыяй. Месца і дата правядзення канферэнцыі «Шлях да волі» арганізатары трымалі ў сакрэце да самага канца. Усё стала вядома літаральна за пару гадзін да пачатку падзеі.

— Адключыце геалакацыю на мабільных тэлефонах, пакуль будзеце дабірацца да месца, ніякіх фота і відэа па дарозе, а таксама падчас мерапрыемстваў. Бо па дэталях інтэр'ера можна вызначыць месца правядзення. Ракета, наведзеная па геалакацыі, далятае за пару гадзін, а мы з вамі тут на дзень, — папярэдзілі арганізатары. Яны таксама папрасілі пакінуць вялікія рэчы — заплечнікі і валізы — у гатэлях.

На ўваходзе ў будынак канферэнцыі — кантроль з металашукальнікам — правяраюць усе кішэні і кожнага асабіста. Людзі ў форме і з балаклавамі на некалькі хвілін нагадваюць АМАП і вяртаюць у Беларусь.

— Усё добра, праходзьце, — вырывае з флэшбэкаў ветлівы голас, і я іду на рэгістрацыю.

— Стаўце зялёную птушачку, калі вас можна фатаграфаваць, і чырвоны крыжык — калі не, — кажуць на рэгістрацыі. За той час, пакуль я знаходзілася ў чарзе, чырвоныя крыжыкі выбрала большасць людзей.

Выглядала, што канферэнц-зала, у якой усе сабраліся, змагла б прыняць і больш людзей, чым 100 беларусаў, што сюды прыехалі. Але, як адзначылі арганізатары, і на такую колькасць яны нават не разлічвалі. Не кажучы ўжо пра стракатасць прадстаўнікоў: каліноўцы, прадстаўнікі Інтэрнацыянальнага легіёна УСУ, рух «Вольная Беларусь» з Зянонам Пазняком і Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет разам з Каардынацыйнай радай, НАУ, прадстаўнікі БХД і «Народнай Грамады», «Еўрапейская Беларусь», BELPOL і BYPOL, «Кіберпартызаны» і «Супраціў»…

Сустрэць дзесьці на адным мерапрыемстве адначасова прадстаўнікоў такіх розных поглядаў, якія часта негатыўна выказваюцца адзін пра аднаго, — вялікая рэдкасць. Магчыма, тое, што атрымалася ў палка — ужо першая перамога.

Канферэнцыя палка Каліноўскага ў Кіеве 29 лістапада 2023 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Канферэнцыя стартавала з вынасу сцяга палка пад гімн «Пагоня» на словы Максіма Багдановіча, далей прагучаў украінскі дзяржаўны гімн.

— Жыве Беларусь! — усклікнуў камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт Прохараў.

— Жыве вечна! — адказала зала.

— Слава Украіне! — гукнуў ён.

— Героям слава! — адгукнуліся ўдзельнікі.

Вітальныя словы ўдзельнікам канферэнцыі перадала Святлана Ціханоўская. Яна заклікала беларусаў далучацца да добраахвотнікаў і сказала, што ў кожнай сустрэчы гаворыць пра падтрымку беларускіх ваяроў. Ціханоўская прысутнічала на канферэнцыі анлайн, што, безумоўна, выклікала пытанні ў кулуарах.

Дарэчы, ад Офіса Ціханоўскай быў яе дарадца Анатоль Лябедзька (ён у той жа дзень сустрэўся з дарадцам Офіса Зяленскага Міхаілам Падаляком). А ад Аб’яднанага пераходнага кабінета — кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько.

— Чаму не Павел Латушка ці Валер Кавалеўскі? — разважалі ўдзельнікі ў кулуарах.

Пасля Ціханоўскай да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнулася кіраўніца Рады БНР Івонка Сурвіла. Яна назвала беларускіх добраахвотнікаў гонарам нацыі і пажадала поспехаў у канферэнцыі.

З вітальным словам таксама выступіў і лідар Міжфракцыйнага аб’яднання дэпутатаў «За дэмакратычную Беларусь» Вярхоўнай Рады Украіны, народны дэпутат Багдан Ярэменка. Ён агучыў зварот дэпутатаў аб’яднання да прэзідэнта Украіны, Кабінета міністраў і Вярхоўнай Рады з заклікам зрабіць усё магчымае для падтрымання беларускага руху супраціву і барацьбы за свабоду.

Канферэнцыя палка Каліноўскага ў Кіеве 29 лістапада 2023 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

«Беларусы, рыхтуйце вашыя рукі да рукапашнай, без гэтага не абыйдзецца»

Пасля вітанняў пачалася галоўная частка канферэнцыі — абмеркаванне стратэгіі па вызваленні краіны. Першым узяў слова палітычны прадстаўнік руху «Супраціў» Дзмітры Шчыгельскі. Ён заявіў, што Беларусь акупаваная Расіяй і таму ёсць пагроза для існавання самой нацыі. І назваў канферэнцыю лёсавызначальнай не толькі для краіны, але і для нацыі. Па меркаванні Шчыгельскага, у беларусаў няма іншага шляху, акрамя як аб’яднацца і фармаваць сілу, з якой бы лічыліся беларускія ўлады.

«Першая задача, якую мы ставілі — гэта пабачыць тут прадстаўнікоў розных сіл, партый, структур, рухаў, якія пачнуць дыялог. Адзіны шлях — гэта яднацца, прымаць адзіную стратэгію. Нягледзячы на ўсе праблемы, якія былі да гэтага. Фармаваць сілу. Прычым менавіта сілу, а не проста заявы і дэкларацыі. І або мы будзем разам, або мы знікнем і нас не будзе як палітычных суб’ектаў, — сказаў Шчыгельскі. — 

Мы лічым, што галоўная сіла, якая ёсць у нас — гэта беларускі народ, і без беларусаў у Беларусі і іх удзелу мы нічога не зменім. У нас таксама ёсць розныя палітычныя партыі, рухі, сілы, якія, не аб’яднаўшыся, не выпрацаваўшы асноўную стратэгію, не змогуць дамагчыся пераменаў.

Мы не можам спадзявацца на акно магчымасцяў. Ну, спадзявацца, канешне, можам. Але галоўная задача ў тым, каб працаваць над стварэннем гэтых магчымасцяў і ўплываць на тое, што можам. Кожны з нас паасобку — кожная сіла, група, партыя — не зможа вырашыць [пытанне лёсу Беларусі]».

Канферэнцыя палка Каліноўскага ў Кіеве 29 лістапада 2023 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

«Мы лічым вельмі важным пераходзіць да стварэння палітычнай дзяржавы і нацыі. Нам неабходна ствараць структуры, што ўласцівыя для дзяржавы, і ў тым ліку кінетычную сілу, якая можа прымусіць пераходзіць да перамоваў, — перакананы Шчыгельскі. — Пры гэтым перамовы могуць быць (і гэта самы пажаданы варыянт), але без Лукашэнкі як чалавека, які непрымальны для абсалютнай большасці беларускага народа. Мы лічым, што неабходна выкарыстоўваць усе магчымасці: як палітычныя, дыпламатычныя, санкцыйныя, міжнародна-прававыя, так і сілавыя. Для таго, каб прымусіць рэжым перш за ўсё дэакупаваць Беларусь, а пасля перайсці да перамоваў».

Шчыгельскі адзначыў, што пляцоўка канферэнцыі павінна стаць месцам для выпрацоўкі і узгаднення адпаведнай стратэгіі. Пры гэтым Кіеў, па словах палітыка, павінен стаць стратэгічным партнёрам Беларусі:

«Лёс Беларусі, я ўпэўнены, будзе вырашацца ў Кіеве (не Кіевам, але ў Кіеве і пры ўдзеле Кіева). Для нас вельмі важна атрымаць стратэгічнага партнёра ў асноўным у гэтай краіне. Ніхто так добра не разумее беларусаў, як украінцы. І ніхто так добра не разумее ўкраінцаў, як беларусы. У нас агульная праблема і агульны вораг».

Намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук заявіў, што да вызвалення Беларусі могуць быць розныя падыходы і канцэпцыі. Аднак ён падкрэсліў, што рэжым Лукашэнкі ніколі не сыдзе па сваёй волі.

«І нават калі Лукашэнка памрэ, ён можа перадаць уладу свайму малодшаму сыну ці старэйшым. На жаль, давайце канстатаваць, што беларуская незалежнасць здадзеная без адзінага стрэлу. І здала яе наша армія (і трэба яшчэ разбірацца, ці яна беларуская на сённяшні час), — лічыць Кабанчук. — Таму, беларусы, як у песні Высоцкага: рыхтуйце вашыя рукі да рукапашнай, без гэтага не абыйдзецца».

На гэтых словах прысутныя ў зале заапладзіравалі. Кабанчук працягнуў і прапанаваў стратэгію ад палка:

«Палітыка-дыпламатычны ціск — за кошт далейшай дэлегітымацыі дзейнага сёння на тэрыторыі Беларусі рашысцкага рэжыму Лукашэнкі. Грамадскі ціск — за кошт узмацнення санкцыйнага ціску на прадстаўнікоў лукашэнкаўскага бізнэсу і вайсковай прамысловасці. Правядзенне акцый грамадскага непадпарадкавання на тэрыторыі РБ у каардынацыі з [апазіцыйным] сілавым блокам для стрымлівання і разбурэння лагістычных і прамысловых магчымасцяў кааперацыі прадпрыемстваў беларускага і расійскага ВПК. Гэта вельмі важны момант, таму што мы ведаем, што сёння прадпрыемствы беларускага ВПК працуюць на 100% у інтарэсах Расійскай Федэрацыі. Вырабляюцца снарады, зброя, оптыка — і ўсё ідзе на вайну супраць Украіны».

Канферэнцыя палка Каліноўскага ў Кіеве 29 лістапада 2023 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Таксама Кабанчук расказаў, як можа праходзіць круглы стол з тымі прадстаўнікамі ўладаў і сілавікоў, якія падтрымліваюць каштоўнасці і ідэі незалежнай Беларусі.

«Мы прапануем [размову] не ў разрэзе таго, што мы будзем зараз мірыцца з лукашыстамі і ўсім ім прабачым, не. У каго рукі ў крыві, тыя павінны прайсці праз люстрацыю і сесці ў турму. Але да лукашыстаў і чыноўнікаў (у тым ліку і сілавікоў), якім дарагія каштоўнасці незалежнасці Беларусі, мы зробім зварот, каб у пэўны пераломны момант яны вызначыліся з бокам і падтрымалі бок народа. Безумоўна, сам Лукашэнка як вайсковы злачынец, міжнародны злачынец павінен быць на нарах».

Кабанчук адзначыў, што каліноўцы не збіраюцца захопліваць уладу і ператварацца ў вайсковую хунту.

«Нашы сённяшнія крокі падкрэсліваюць нашы намеры, што мы ўсё ж не хочам станавіцца хунтай. Мы ўжо знашлі паразуменне з нашымі партнёрамі — як сярод беларускай апазіцыі, так і сярод знешніх партнёраў. І мы гаворым цяпер як грамадзяне Беларусі. Мы не гаворым як вайскоўцы Узброеных сіл Украіны.

Мы разумеем, што такое вайна, і мы, канечне, не хочам такога сцэнара ў Беларусі. Але мы як народ пакідаем сабе права на супрацьдзеянне. Права на паўстанне як крайні метад змагання з дыктатурай. І калі паўстане пытанне, калі рэжым будзе ладзіць бязмежны гвалт, то мы як грамадзяне Беларусі можам прыйсці на дапамогу нашаму народу. Гэта галоўны наш мэсэдж», — падсумаваў намеснік кіраўніка палка.

«Без унутранай кансалідацыі і выжывання апазіцыі мы не пераможам рэжым Лукашэнкі з проксірасійскім рэжымам»

Чалец Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько дадаў, што важна сістэматызаваць усю інфармацыю пра чыноўнікаў, сілавыя структуры, каб дакладна разумець моцныя і слабыя бакі ўладаў.

— У нас ёсць шмат інфармацыі ад «Кіберпартызанаў», Bypol і Belpol. Шмат унутранай інфармацыі, але няма яе сістэматызацыі, каб мы маглі дакладна зразумець, хто нам супрацьстаіць, як гэты арганізм працуе, дзе нервы, дзе мозг», — адзначыў Манько і прапанаваў выкарыстоўваць яшчэ і інфармацыю ад удзельнікаў плана «Перамога». Ён таксама паспадзяваўся, што на такой пляцоўцы атрымаецца стварыць каардынацыйны цэнтр па вызваленні Беларусі. Праўда, што Кабінет прапануе рабіць па вызваленні Беларусі, кіраўнік місіі не сказаў нават у агульных рысах.

— Ці гатовы сам Аб’яднаны пераходны кабінет аб’ядноўвацца? — пацікавіўся ў палітыка мадэратар канферэнцыі Яўген Валошын.

— Я лічу, што большая частка гатовая (зразумела, што ёсць рознавектарныя рухі). Я быў у арганізацыйным камітэце, удзельнічаў у сходах. І я разумею ўсе гісторыі, звязаныя з пераходным кабінетам. Так, ёсць рух некаторы, які супрацьстаіць (што гэта за рух і хто ў яго ўваходзіць, выступоўца не патлумачыў. — Заўв. рэд.), але асноўная маса зацікаўленая аб’ядноўвацца. Змяніліся адносіны ў бакоў, нам трэба гэта падтрымліваць і развіваць. І сёння зроблены вялікі задзел для гэтага.

Канферэнцыя палка Каліноўскага ў Кіеве 29 лістапада 2023 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Прадстаўнік руху «Вольная Беларусь» Павел Вусаў, які прысутнічаў на канферэнцыі анлайн, запярэчыў Манько, што ворага яны ведаюць і як ён працуе — таксама (ужо потым з залы на гэтую пікіроўку Манько і Усава заўважылі, што, магчыма, варта таму, хто ведае ворага, расказаць таму, хто не ведае).

— Асноўная праблема, з якой мы сутыкаемся ў 2020-м: мы недаацэньваем ворага, яго цынічнасць і рэсурсы. І мы пераацэньваем уласныя сілы і не разумеем свае слабасці — псіхалагічныя, маральныя, палітычныя — мы іх недаацэньваем, — лічыць Вусаў.

Ён заявіў, што трэба ствараць колькасную і якасную сілу для ціску на рэжым. Але — ізноў жа — нейкай канкрэтыкі, як менавіта гэта зрабіць, не прагучала. Спадзяюся, што пакуль.

— Мы павінны разумець, што рэжым Лукашэнкі можа скончыцца заўтра, а можа скончыцца праз пяць ці дзесяць гадоў, — сказаў Вусаў. — Мы павінны быць гатовымі да рашэння рэальных палітычных задач на выпадак, калі Лукашэнка абрынецца ў найбліжэйшы час і калі праз пяць-дзесяць гадоў. Больш за тое, стаіць задача, каб апазіцыя была кансалідаваная — як заўтра, так і праз пяць год. Каб не адбылося таго, што адбываецца зараз — унутранага распаду, маральнага расчаравання.

Без унутранай кансалідацыі і выжывання апазіцыі мы не пераможам рэжым Лукашэнкі з проксірасійскім рэжымам. Для гэтага трэба быць удвая мацнейшымі. Праз пяць гадоў, калі так тэндэнцыі будуць працягвацца і мы нічога не зможам грунтоўнага зрабіць, што б падмацоўвала апазіцыю, то не будзе каму змагацца з рэжымам Лукашэнкі, не будзе каго, хто павінен прыйсці на змену рэжыму. Таму ў стратэгіі, што полк прапаноўвае, трэба вырашаць пытанне ўзмацнення маральнай кансалідацыі апазіцыі. Я лічу, што полк Каліноўскага можа стаць такім цэнтрам кансалідацыі.

— А нацыянальна-вызвольны рух гатовы кансалідавацца са спадаром Манько і АПК, пачаць гэтую кансалідацыю? — удакладніў Валошын, відавочна намякаючы на халодныя адносіны «Вольнай Беларусі» на чале з Пазняком да Кабінета на чале з Ціханоўскай.

— Мы вельмі актыўна супрацоўнічаем з палком Каліноўскага, і тут няма пытанняў з кансалідацыяй, і не было, — сказаў Вусаў. — Другое — як супрацоўнічаць і дзейнічаць з Аб’яднаным кабінетам і Офісам Ціханоўскай, з той жа Каардынацыйнай радай. Хаця спробы з першымі двума былі, але не рэалізаваліся ў сістэмную працу. Па розных прычынах, раскрываць я іх не буду. Калі будзе прапанаваны механізм, як гэтая кансалідацыя будзе выглядаць, тады будзе ясна, пра што вядзецца гаворка. Пакуль мы размаўляем пра нейкую прыгожую форму.

Полк працягнуў усім руку і зрабіў крок, стварыўшы пляцоўку, каб сабраць усіх суб’ектаў, паміж якімі існуюць супярэчнасці і недавер. Ці здолее полк развіваць гэтую пляцоўку, каб распрацоўваць механізмы для супрацы (а гэта трэба зрабіць вельмі хутка), і ўсе з гэтым пагодзяцца, то і «Вольная Беларусь» уключыцца ў гэтую працу. Калі полк Каліноўскага далей будзе націскаць і працягваць гэтую працу, я лічу, што з гэтага можа нешта атрымацца.

Канферэнцыя палка Каліноўскага ў Кіеве 29 лістапада 2023 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў паўтарыў тэзіс Шчыгельскага, што ў стварэнні канцэпцыі вызвалення краіны абапірацца трэба на беларускі народ. Ён таксама заявіў, што без дапамогі саюзнікаў тут не абысціся.

— Нам важна весці стратэгічны дыялог з ЕС, ЗША і асабліва — з Украінай, — лічыць ён. — Пасля вайны ў мірных перамовах пытанне Беларусі можа быць пастаўленае, а можа быць не пастаўленае. У іх могуць удзельнічаць улады Беларусі і дэмакратычная апазіцыя — або ніхто з гэтых бакоў. Гэта шмат у чым залежыць менавіта ад таго, як гэтае пытанне будзе вырашаць Украіна і як яна бачыць стратэгічнае супрацоўніцтва з Беларуссю. Як яна бачыць існаванне Беларусі — як тэрыторыю за жалезнай заслонай з агрэсіўнай Расіяй [ці інакш]. Ці Украіна будзе разумець, што, разбураючы саюз Беларусі і Расіі і ствараючы дэмакратычную Беларусь, [яна сабе] гарантуе бяспеку.

«Больш за паўтара года ідзе вайна, а ад усіх дэмакратычных сіл усё, што мы чуем, — гэта гаварыльня»

Пасля выступлення спікераў у залі разгарэлася бурнае абмеркаванне. Не без спрэчак і сыходу ўбок ад тэмы — напрыклад спробы спытацца ў Генадзя Манько пра яго сябра Віктара Рахманько, які ў 2000-х кіраваў «Беларускай чыгункай», а цяпер працуе ў «Газпраме». Ці гучных заяваў пра нелегітымнасць Ціханоўскай і Кабінета. Але падобных людзей называлі правакатарамі і асаджвалі, стараючыся вярнуцца да галоўнай тэмы.

Не дзіва, што пасля такіх перапалак людзі ўсё роўна задавалі ў розных фармулёўках адно з самых хвалюючых пытанняў — ці гатовыя дэмсілы насамрэч аб’яднацца, быццам бы не верачы, што такое магчыма. Пра яго гаварылі ў кулуарах і агучвалі на канферэнцыі навучаныя горкім вопытам апазіцыйных скандалаў беларусы.

— Спачатку мы пачулі гісторыю пра гарызантальныя сувязі, а ў выніку прыйшлі да таго, што трэба аб’яднацца вакол палка, — падняўся ваенкор Палка Каліноўскага з пазыўным Кос. — Тады ў мяне пытанне да ўсіх вас. Кожны з вас гатовы пакласці руку на сэрца, адкінуць свае палітычныя амбіцыі і рухацца да мэты, прыклаўшы ўсе высілкі, выкарыстоўваючы моцныя бакі кожнага, размеркаваць свае абавязкі так, каб кожны адказваў за свой блок? <…> Дамовіцца і рухацца да сваёй мэты, а не цягнуць коўдру на сябе?

— Нам патрэбна рыхтаваць сваю армію, а не чакаць, пакуль да нас прыйдзе чужая, — дадала Хелен Мінская з партыі «Народная грамада», якую узначальвае Мікалай Статкевіч. — Таму, калі ласка, аб’яднайцеся ўсе і зрабіце так, каб наша армія была забяспечана ўсім неабходным. Каб яны не чакалі ні дроны, ні машыну, ні амуніцыю. Нас тысячы, мы ганарымся гэтым, але калі ты спрабуеш сабраць 3500 даляраў на машыну, у нас ні ў каго грошай няма! Данясіце мой мэсэдж да ўсіх, калі ласка.

Канферэнцыя палка Каліноўскага ў Кіеве 29 лістапада 2023 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Павел Вусаў на пытанні аб аб’яднанні прапанаваў у межах працоўнай групы з прадстаўнікоў палітычных партый, рухаў і суполак (як высветлілася, такая арганізацыя ўжо два месяцы як створаная) дапрацаваць стратэгію вызвалення Беларусі, «калі хопіць палітычнай волі да гэтага вярнуцца». А ўжо пасля на працягу некалькіх месяцаў стварыць Раду Бяспекі, аб працы над якой, дарэчы, Зянон Пазняк казаў яшчэ ў лютым бягучага года.

— Тут перадусім першую ролю іграе полк Каліноўскага, — лічыць Вусаў. — Вось месяц і стане выпрабаваннем для ўсіх нас. Ці здолеем мы на працягу гэтага часу вярнуцца да распрацоўкі далейшых аспектаў стратэгіі (сцэнаравання, стратэгічнага планавання, ацэнкі ворагаў і саюзнікаў, фарміравання вайсковага фактару). Калі зможам, то сэнс і вынік гэтай канферэнцыі будзе пазітыўным. Калі не здолеем, то суб’екта палітычнай апазіцыі няма і не будзе. І перспектыва палітычных перамен у Беларусі будзе далёкай і не будзе ў руках палітычнай апазіцыі. Будуць раз’язджаць па канферэнцыях, ствараць дэкларацыі без сур’ёзных вынікаў.

Андрэй Ягораў заявіў, што «не трэба верыць палітыкам, якія кажуць, што гатовыя да аб’яднання». Ён лічыць, што яно будзе трывалым толькі тады, калі ёсць «выразныя санкцыі за парушэнне дамоўленасцяў». І без іх дамоўленасці нічым не гарантаваныя.

— Сілай мы не аб’яднаемся, нам трэба нейкі пакт аб ненападзе, — падтрымаў Ягорава яшчэ адзін член Каардынацыйнай рады Міхаіл Бобін. — Давайце не перашкаджаць рабіць працу адно адному. Гэта ўжо адзін шлях да стратэгіі.

Далей слова ўзялі байцы палка Каліноўскага і жорстка прайшліся па палітыках, якіх абвінавацілі ў «гаварыльні».

— Я скажу ад сябе, але думаю, што байцы Палка Каліноўскага мяне падтрымаюць. Больш за паўтара года ідзе вайна, а ад усіх дэмакратычных сіл усё, што мы чуем — гэта гаварыльня, — кажа адзін з хлопцаў, што не прадставіўся з мэтаў бяспекі. — Спадарства, асабіста я ехаў сюды, каб усё ж такі з’явіўся нейкі палітычны суб’ект, з якім можа размаўляць Украіна і які можа браць на сябе адказнасць. А яго я не бачу.

Выступоўца заўважыў, што аб’яднанне павінна быць на базе палка. Бо ПКК — прыклад таго, як аб’ядналіся людзі «абсалютна розных палітычных поглядаў»

— А ў нас тут ёсць усе, паверце, ад лібералаў да анархістаў, — працягнуў выступоўца. — Яны робяць разам сваю працу, неяк змаглі дамовіцца. Вельмі б хацелася, каб наша сустрэча скончылася не толькі стварэннем палітычнага суб’екта, але і выпрацоўкай нейкага канкрэтнага і пакрокавага дакумента, як нам дасягнуць сваёй мэты. Каб гэты дакумент, яго сутнасць, была зразумелая кожнаму беларускаму абывацелю і кожнай бабцы каля пад’езда. Каб яны разумелі, куды мы ідзём і што мы хочам, і што будзе далей.

Па залі прайшоўся гул адабрэння — байцу заапладзіравалі. Крытычна выказаўся і былы беларускі вясляр, а цяпер баец Палка Каліноўскага Павел Шурмей з пазыўным Дзядзька.

— Вельмі хачу звярнуць увагу на словы Паўла Вусава. Не зараз, а паўтара года таму павінен быў быць пачатак працы над планам: хто, што павінен рабіць праз год, праз тры гады, пяць гадоў, на жаль, дзесяць гадоў, — сказаў ён. — Колькі беларусаў-мужыкоў з’ехала з краіны? Адзін працэнт, калі б да нас прыяднаўся, колькі б нас было са зброяй у руках!

На гэтым моманце зала яго падтрымала апладысментамі.

— Вось гэтыя бла-бла-бла мне нагадваюць лёс Рэчы Паспалітай. Чым усё скончылася? Трэба ўжо працаваць над планам, хто за што адказвае. Дыпламаты — над планам з Еўропай, ЗША, светам. Фінансісты за што адказваюць? Людзі са зброяй — за што? Калі прыйдзе час нашага агульнага павяртання на Радзіму, і палітыкі будуць рабіць «бла-бла-бла», а людзі са зброяй вырашаць, што яны гатовыя вызваліць Беларусь, то палітыкі потым будуць казаць: «Дык гэта ж хунта». Вось так яна і адбудзецца — бо вы не можаце і не жадаеце дамовіцца між сабой. Нейкія пратаколы аб намерах, «падумаем, што мы зробім» — праз месяц. Праз месяц [вы] ўжо павінныя сядзець і працаваць над планам.

Канферэнцыя Палка Каліноўскага ў Кіеве 29 лістапада 2023 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

«Што за прадстаўнікоў вы дасылаеце, што не могуць падпісваць дакументы! Як такое магчыма?»

У кулуарах перад трэцяй часткай канферэнцыі яе ўжо называлі гістарычнай. Вядучы Яўген Валошын нават параўнаў «Шлях да волі» па значнасці з сустрэчай у Белавежскай пушчы, калі Беларусь атрымала незалежнасць

— Фатаграфуй-фатаграфуй. Гэта будуць другія Віскулі, вось убачыш, — натхнёна расказваў ён мне ў перапынку.

Аказалася, што справа ў «Мемарандуме канферэнцыі» і «Адозве да вольных народаў свету», які збіраліся падпісаць як мінімум чальцы аргкамітэту канферэнцыі («Фонд Кастуся Каліноўскага», рух «Вольная Беларусь», «Аб'яднаны пераходны кабінет», «Народнае антыкрызіснае ўпраўленне», «Офіс Святланы Ціханоўскай», «Каардынацыйная рада» і іншыя), а таксама ўсе ахвотныя удзельнікі, каб замацаваць свае словы і падпісаць дакумент аб аб’яднанні.

Аргкамітэт працаваў над мемарандумам і адозвай цягам двух месяцаў. І, па ідэі, тэкст павінен быў быць узгоднены з усімі ініцыятывамі. Але аказалася — не зусім.

Калі да канферэнцыі анлайн далучыўся лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк (а таксама чалец КР Роза Турарбекава), ён зусім нечакана стаў зачытваць праўкі, якія, па яго меркаванні, трэба ўнесці ў дакументы.

— Пра што ён гаворыць? Які мемарандум? Дзе гэта ўсё пабачыць? — пачуўся разгублены шэпт у залі. Высветлілася, што многія прысутныя нават і не ў курсе пра гэтыя дакументы.

Праз хвілін дзесяць Зянон Станіслававіч скончыў і прапанаваў папрацаваць яшчэ і выпусціць дакумент на наступны дзень.

Пасля невялікай дыскусіі і ўдакладненняў па тэзісах мадэратар Яўген Валошын зачытаў тэкст мемарандуму і адозвы. Тады стала больш-менш зразумела, пра што гаворка.

Мемарандум па выніках канферэнцыі «Шлях да волі» (поўны тэкст)

Звяртаючы ўвагу на выклікі, якія стаяць перад беларускім народам і краінай, разумеючы гістарычную і палітычную адказнасць перад беларускім грамадствам, канстатуючы галоўнымі нацыянальнымі прыярытэтамі беларускага народа: суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, дэмакратыю, мы, ніжэйпадпісаныя, дэкларуем:

  • прымаем на сябе абавязак усебакова падтрымліваць і ўзмацняць беларускі нацыянальна-вызвольны рух;
  • выкарыстоўваць усе сілы і сродкі для вызвалення Беларусі ад гібріднай акупацыі;
  • падтрымліваць усіх беларускіх дабраахвотнікаў, якія змагаюца з рашызмам і рэжымам Лукашэнкі;
  • усебакова падтрымліваць барацьбу Украіны за свабоду, незалежнасць, тэрытарыальную цэласнасць і еўрапейскую бяспеку;
  • вітаем намаганні па кансалідацыі нацыянальна арыентаваных дэмакратычных сілаў Беларусі;
  • пацвярджаем свой намер да стварэння кансультацыйнай пляцоўкі беларускіх нацыянальна-арыентаваных дэмакратычных сілаў «Шлях да волі»
  • супольна распрацоўваем стратэгію вызвалення Беларусі, у адпаведнасці з якой рыхтуем сілы і сродкі.

Мемарандум уступае ў сілу з моманту падпісання і адкрыты для далучэння.

    Адозва да вольных народаў свету

    Мы, прадстаўнікі нацыянальна-арыентаваных дэмакратычных сілаў Беларусі, сабраліся 29.11.23 у горадзе Кіеў, каб заявіць, што беларусы ёсць адным з вольных еўрапейскіх народаў.

    Мы абвяшчаем адной са сваіх асноўных мэтаў вызваленне Беларусі ад расійскай гібрыднай акупацыі ды ўнутранай тыраніі.

    Мы сабраліся ў сталіцы вольнай Украіны для таго, каб выказаць поўную салідарнасць ды падтрымку ўкраінскаму народу ў вайне за незалежнасць. Мы вітаем кожнага беларускага ваяра і валанцера, якія змагаюцца за свабоду ва Украіне.

    Беларускія ваяры ў складзе палка К. Каліноўскага ды іншых фармаванняў у шэрагах УСУ ствараюць новую старонку ў шматвековай гісторыі адносін паміж Украінай ды Беларуссю.

    Нашыя краіны аб’ядноўвае прага жыць вольнымі ў еўрапейскай сям'і народаў. У свеце разгараецца барацьба паміж сіламі святла і цемры, дэмакратыі і тыраніі. Мы заяўляем, што беларусы ў гэтай барацьбе стаяць на баку «воінаў святла, воінаў дабра».

    Зараз за прагу беларускага народа жыць вольнымі, сваёй свабодай ды жыццём ахвяруюць тысячы палітвязняў ў лукашысцкіх турмах. Удзельнікі канферэнцыі заклікаюць урады ўсіх дэмакратычных дзяржаў свету ўзмацніць ціск на дыктатарскі рэжым Лукашэнкі для вызвалення нашых паплечнікаў.

    Удзельнікі канферэнцыі заклікаюць вольныя народы свету падтрымаць нашыя намаганні па аднаўленні законнасці ды дэмакратыі ў Беларусі, выкарыстоўваючы ўсе законныя метады. У якасці апошняга сродку супраць тыраніі мы пакідаем за сабой магчымасць народнага паўстання.

    Жыве Беларусь!

    Удзельнікі канферэнцыі «Шлях да волі».

    29.11.23. Кіеў

    Яўген Валошын запрасіў прадстаўнікоў аргкамітэта пачаць падпісваць дакументы. Першым гэта зрабіў камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт. Затым падпісацца папрасілі дарадцу Офіса Святланы Ціханоўскай — спадара Анатоля Лябедзьку. Але ён заявіў, што не мае паўнамоцтваў падпісваць гэтыя дакументы.

    — У Офісе Святланы Ціханоўскай ёсць толькі дзве асобы, што маюць права падпісваць такія дакументы, — заявіў Лябедзька. — Мяне няма ў пераліку гэтых асобаў, але я пастаўлю свой подпіс як дэпутат Незалежнасці (Лябедзька быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР XII склікання, што надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона. — Заўв. рэд.).

    Арганізатары дадалі, што ўжо ёсць дамоўленасці з Офісам Ціханоўскай, каб надаць сілу подпісу Лябедзькі на працягу тыдня.

    Яўген Валошын адзначыў, што ёсць магчымасць дыстанцыйна падпісаць гэты ліст, адправіўшы запыт на пошту палка Кастуся Каліноўскага. Дакумент адкрыты да далучэння, любая ініцыятыва можа даслаць свае дакументы на пошту ці іншыя сродкі сувязі палка Кастуся Каліноўскага і паставіць подпіс.

    Таксама не змог паставіць свой подпіс і чалец Аб’яднанага пераходнага кабінета Генадзь Манько. Бо высветлілася, што ён, як і Лябедзька, не можа ставіць подпісы пад такімі дакументамі.

    — АПК папрасіў 1−2 дні на прыняцце рашэння агулам усяго Кабінета, — заявіў ён і падпісаў ад сябе.

    Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў таксама паставіў свой подпіс з агаворкай, што Рада — выбарны орган, і яна яшчэ павінна галасаваць за гэта.

    У зале загудзелі: «Што за прадстаўнікоў вы дасылаеце, што не могуць падпісваць дакументы! Як такое магчыма? Што тады ўвогуле прымаецца? Што будзе, калі, напрыклад, рашэнне не прымуць?»

    — Гэта добрае пытанне, спадарства. Была працэдура, розныя суб’екты месяц рыхтавалі, адпраўлялі людзей на канферэнцыю, — разважае Яўген Валошын. — Я не палітык, не юрыст, я просты журналіст. І вось я разважаю: то так, то не, то праўкі, то яшчэ што. Нейкая гэта трошкі складаная працэдура атрымалася. Замуж пойдзеш? І так, і не — так жа не адказваюць. Але, спадзяюся, мы вырашым гэтае пытанне.

    Між тым Зянон Пазняк таксама заявіў, што не падпіша гэтыя дакументы, бо з яго боку былі заўвагі па тэксце і ён даслаў іх на пошту канферэнцыі. Палітык лічыць, што трэба стварыць камісію, што ўнясе праўкі ў дакумент, — і тады ўжо яго прымаць.

    — Разглядайце і заўтра прымайце, — сказаў Зянон Пазняк. Вадзім Кабанчук патлумачыў, што ў аргкамітэце прымаў удзел яго паплечнік Павел Вусаў — відаць, узнікла міскамунікацыя. Тады Пазняк прапанаваў унесці запіс у дакументы і потым усё ж сабраць камісію і падкарэктаваць яго. «Там нават ёсць граматычныя памылкі», — заявіў ён, але пасля ўгавораў усё ж пагадзіўся.

    У выніку аргкамітэт вырашыў разаслаць варыянт з праўкамі ўсім удзельнікам канферэнцыі і на працягу двух тыдняў яго падпісаць. Вынікам можа быць, як сказаў Яўген Валошын, «альбо вялікі гонар, альбо вялікая ганьба».

    Каментары29

    • не такі як ёсць
      30.11.2023
      Ураджанне ад прачытанага: тыя, хто заклікае не сварыцца, абвінавачваюць іншых; тыя, хто заклікае весці прадметную размову-пустасловяць; ПК, які заклікае аб’яднацца і адмовіцца ад сваіх палітычных амбіцый-прапануе аб’яднацца вакол….. самаго ПК, ну і як без гэтага: Кіеў, за Кіеў…, дзякуючы Кіеву, без Кіева не… Зянон-глыба, не мяняецца стагоддзямі. Пайду перачытаю, мо не так зразумеў 😩
    • ром
      30.11.2023
      Ахаххахааа цирк и клоуны
      Это же какой то юмористический стендап))) аля Жванецкий… можно гастроли давать)))
      —-
      Беларусам нужно для решения проблем только 2 ракеты… одна по дроздам, другая по тому месту где собиралось это сборище… а после можно и выборы проводить и дальше нормально жить
    • Пеця
      30.11.2023
      Пазняк як заўсёды ў сваiм амплуа- ставiць палкi ў калёсы, каб толькi рэальна не пачалася. 30 гадоў працуе на вусатае...

    Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?3

    Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

    Усе навіны →
    Усе навіны

    Памятаеце міністра спорту Качана, які ўляпаўся ў туалетны скандал? Яго цяперашняя пасада не ўражвае3

    Цягнік Мінск — Гомель прыбыў на канцавую станцыю са спазненнем на чатыры з паловай гадзіны

    У Мінску з'явіліся дзве новыя вуліцы. Вось якія назвы1

    Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

    Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай2

    Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»39

    «У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

    «Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

    Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

    больш чытаных навін
    больш лайканых навін

    Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?3

    Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

    Галоўнае
    Усе навіны →