Аўтобус «Варшава — Гродна» ўначы ўрэзаўся ў паліцэйскую і пажарную машыны каля Беластока
17 снежня каля 4-й гадзіны ночы аўтобус «Варшава — Гродна» сутыкнуўся з аўтамабілямі пажарнай службы і паліцыі на трасе паблізу Беластока. Падрабязнасці пра гэты інцыдэнт расказаў чытач выдання «АвтоГродно».
Паводле словаў мужчыны, у аўтобусе было 6 чалавек пасажыраў і 2 кіроўцы. Пасажыры спалі, але ў нейкі момант адчулі моцны ўдар і прачнуліся.
Аказалася, што наперадзе на гэтым месцы на трасе S8 за дзве гадзіны да таго адбылося сутыкненне легкавога аўтамабіля і грузавіка. Кіроўца аўтобуса па нейкай прычыне не змог аб'ехаць службовыя аўтамабілі ратавальнікаў і супрацоўнікаў паліцыі, якія прыехалі на месца здарэння. Машыны былі прыпаркаваныя ўздоўж узбочыны.
«Спачатку правым бокам мы ўдарылі грузавы аўтамабіль пажарнай службы, а затым па інерцыі ўдарылі і легкавы аўтамабіль паліцэйскіх. У ім якраз знаходзіўся афіцэр, які запаўняў дакументы па першым здарэнні. Ён атрымаў траўмы і яго шпіталізавалі медыкі», — расказаў чытач «АвтоГродно».
Што да пасажыраў і кіроўцаў аўтобуса, то былі толькі праблемы з адной дзяўчынай. Першую гадзіну пасля ДТЗ яна адчувала сябе добра, але потым ёй стала дрэнна, і давялося выклікаць ёй хуткую, каб адвезці ў бальніцу. Але пасля яна патэлефанавала і сказала, што з ёй усё добра.
Удар па кузаве аўтобуса прыйшоўся ніжэй лініі шкла, пры гэтым адно шкло абсыпалася цалкам, а некаторыя разбіліся часткова. Аўтобус сваім ходам працягнуў рух на пляцоўку за паліцыяй.
Кіроўцу аўтобуса праверылі на алкатэстары. Экспертыза пацвердзіла, што на момант сутыкнення ён быў цвярозы. Мужчына затрыманы.
Каментары