Фестываль беларускіх фільмаў Bulbamovie ў Вільні. Там пакажуць і стужку пра Мікалая Лукашэнку
Усе стужкі кароткаметражныя, не больш за 20 хвілін.
16 снежня (субота) у віленскай прасторы CreateCulture Space адбудзецца паказ конкурсных фільмаў 9-га фестывалю беларускіх фільмаў Bulbamovie, піша Reform.by.
Дырэктар вядомага форуму Януш Гаўрылюк падрыхтаваў для віленскай публікі адмысловую праграму кароткага метра аўтараў незалежнага беларускага кіно, ды таксама чакаецца прэм’ера новай стужкі, назва якой пакуль трымаецца ў сакрэце.
У праграме — і мантажная драма пра Мікалая Лукашэнку — «Матузкі» Паўла Нядзведзя, і амаль «нуараўскі» анімацыйны баявік «Кроў і караоке» Юрыя Сямашкі, і мабільны трылер «Апошняя начная змена» Максіма Шведа… І пераможца кароткаметражнага конкурсу Котбускага кінафестывалю экзістэнцыяльная драма «Усё нармальна» Антона Жука.
У межах паказу плануюцца і сустрэчы з аўтарамі — на віленскіх гастролях Bulbamovie абяцалі быць рэжысёр Максім Швед, актор Павел Крыксуноў, рэжысёр, мантажор Арцём Лобач, рэжысёрка Вольга Загароднікава, уласна, падзвіжнік беларускага кіно, рэжысёр, дырэктар фестывалю Bulbamovie Януш Гаўрылюк.
Час і месца сустрэчы: 16 снежня, 17.00, сядзіба CreateCulture Space (вуліца Karmelitu, 5).
Зарэгістравацца на івэнт можна тут.
Арганізатарамi мерапрыемства з’яўляюцца: Bulbamovie, DOC FILM_Belsat_TV і CreateCulture Space.
Каментары