Інкасатараў збіраюцца выкарыстоўваць у контртэрарыстычных аперацыях
Сёння дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі адразу ў першым і другім чытаннях папраўкі ў законы па пытаннях барацьбы з тэрарызмам.
Як паведамляе прэс-служба ніжняй палаты Нацыянальнага сходу, органы дзяржбяспекі надзяляюцца паўнамоцтвамі па каардынацыі дзейнасці субʼектаў, якія непасрэдна ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам (за выключэннем службы бяспекі прэзідэнта), а таксама іншых дзяржорганаў і іншых арганізацый пры рэалізацыі імі паўнамоцтваў у сферы барацьбы з тэрарызмам.
Службы інкасацыі ў зоне контртэрарыстычнай аперацыі цяпер можна будзе прыцягваць да аховы абʼектаў, суправаджэння і забеспячэння бяспекі фізічных асоб і транспартных сродкаў.
Работнікі гэтых службаў у выпадку прыцягнення да контртэрарыстычнай аперацыі атрымліваюць права на прымяненне фізічнай сілы, зброі ў парадку і на ўмовах, устаноўленых для работнікаў ваенізаванай аховы.
Таксама, паведамляе прэс-служба, у законе вызначаныя адзіныя падыходы ў пытаннях кампенсацыі субʼектам барацьбы з тэрарызмам матэрыяльных стратаў, прычыненых іх маёмасці ў ходзе правядзення контртэрарыстычнай аперацыі. Таксама ўдакладняюцца правілы прымянення зброі супрацоўнікамі органаў дзяржбяспекі. Падрабязнасці пра гэта пакуль невядомыя.
Каментары