Супрацоўнікі МТЗ на навагоднія святы будуць адпачываць як расіяне
Работнікаў Мінскага трактарнага завода чакаюць працяглыя навагоднія канікулы. Пра гэта паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал прадпрыемства.
Выхаднымі днямі на прадпрыемстве абвясцілі перыяд з 30 снежня 2023 года да 7 студзеня 2024 года ўключна. Такім чынам, адпачываць работнікі будуць без перапынку дзевяць дзён.
Пры гэтым тры дні (з 3 да 5 студзеня), якія агульнадзяржаўным графікам вызначаныя як працоўныя, на заводзе перанесеныя на суботы ў лютым, сакавіку і лістападзе.
Як растлумачыў памочнік гендырэктара МТЗ па працы і заробку Сяргей Таўстаногаў, графік складзены зыходзячы з вытворчых патрэб і з улікам цеснага кааперацыйнага супрацоўніцтва з Расіяй, дзе навагоднія канікулы працягнуцца да 8 студзеня ўключна.
Таксама адзначаецца, што і майскія канікулы будуць у завадчан крыху большымі, чым у цэлым у краіне: адпачываць на МТЗ будуць з 9 да 14 мая ўключна, а 10 мая будзе адпрацоўвацца 4 мая.
Раней паведамлялася, што на МТЗ будуць плаціць тым работнікам, якія прывядуць на завод новага супрацоўніка.
Каментары