Усяго патроху11

«Маёй ідэяй было даць старой вопратцы новае жыццё». Жыхарка Баранавіч з ношанага адзення стварае дызайнерскае 

Жыхарка Баранавіч Кацярына Занько перыядычна ладзіць набегі на сэканд-хэнды і стварае аўтарскае жаночае адзенне, якое купляюць не толькі ў Беларусі. Пра сваю незвычайную справу майстрыха расказала выданню Bar24.

Кацярына прызнаецца, што жаданне шыць вопратку ўзнікла ў яе зусім спантанна.

«Пасля заканчэння школы я не хацела паступаць на платнае. Таму вырашыла адправіцца ў вучылішча. З усіх спецыяльнасцяў, якім у той час можна было навучыцца ў Баранавічах, мне больш за ўсё спадабалася прафесія краўчыхі», — расказвае Кацярына.

Фота: архіў Кацярыны Занько

Скончыўшы вучобу, яна некаторы час падзарабляла ў прыватнікаў: ставіла гузікі ў вопратку, якую потым прадавалі на рынку. Праца, па словах Кацярыны, была дзіка манатоннай. Але самае галоўнае — у ёй не было ніякага развіцця.

«Мне хацелася неяк прымяніць навыкі, атрыманыя ў каледжы, на практыцы. Але банальна не хапала вопыту. Ідэя, як набіць руку, мне прыйшла падчас дэкрэтнага адпачынку», — успамінае Кацярына.

Пачынала з рамонту чужых рэчаў

Жанчына вырашыла адкрыць уласнае атэлье па рамонце адзення.

Адважыцца на гэты смелы для неспрактыкаванага майстра крок дапамагла суседка Кацярыны. Яна была кваліфікаванай краўчыхай, якая магла шмат чаму навучыць і мела вялікі досвед працы ў майстэрні. Але ёй не хапала смеласці, каб адкрыць сваю справу. Кацярына ж, наадварот, працаваць на сябе не баялася, але ёй для гэтага не хапала вопыту. Аб'яднаўшы намаганні, жанчыны адправілася ў цэнтр занятасці, дзе атрымалі субсідыю для старту сваёй справы. І праца пачалася.

Фота: архіў Кацярыны Занько

«Майстар па рамонце адзення — справа не сумная і не занудная, як многім можа здацца. Праца ў атэлье — гэта сапраўдная творчасць! Да кожнай рэчы трэба знайсці падыход. Прыдумаць, як вырашыць праблему, каб падарыць вопратцы новае жыццё», — лічыць майстар.

На працягу дзесяці гадоў жанчыны працавалі ў атэлье, займаючыся рамонтам рэчаў. Пакуль Кацярыне не захацелася паспрабаваць сябе ў стварэнні адзення з нуля.

«Я не хацела стаяць на месцы. Вырашыла развіваць свае навыкі і зноў паступіла ў вучылішча на спецыяльнасць мадэльер-канструктар», — успамінае жанчына.

«З таго моманту знайшла свой стыль»

Падчас вучобы Кацярына стала не проста ствараць жаночую вопратку, праходзячы ўвесь этап — ад эскізу ды пашыву. Яна пачала распрацоўваць цэлыя калекцыі! А з часам стала ўдзельнічаць і ў конкурсах для мадэльераў, на якіх «неаднаразова займала прызавыя месцы».

«Такія мерапрыемствы былі для мяне як для майстра-пачаткоўца добрым штуршком. Гэта выдатная магчымасць заявіць пра сябе. Паказаць іншым, на што ты здольная як мадэльер. І, вядома, гэта неверагодны вопыт!» — адзначае Кацярына.

Фота: архіў Кацярыны Занько

Жанчына ўспамінае, што на конкурсах яна ўвесь час параўноўвала сваю вопратку з мадэлямі іншых дызайнераў. Звяртала ўвагу на недахопы і памылкі ў працы і імкнулася, каб яе адзенне выглядала актуальна і сучасна. Аднак неўзабаве ўсвядоміла, што «фішка» якраз у іншым — не ў сучаснасці, а ў аўтэнтычнасці.

Гэта ўсведамленне прыйшло ў 2015 годзе, калі Кацярына прымала ўдзел у чарговым «Тыдні моды». Яе калекцыя, створаная з выкарыстаннем элементаў старога адзення, кардынальна адрознівалася ад таго, што яна рабіла раней. І вылучаліся на фоне работ іншых удзельнікаў. Вынік — першае месца на конкурсе.

«Маёй ідэяй было даць старой вопратцы новае жыццё, што я і зрабіла. Сукенкі ўпрыгожылі калажы з элементаў і ўзораў старых, здавалася б, ужо нікому не патрэбных рэчаў. З таго моманту я пачала ствараць жаночую вопратку менавіта ў такой стылістыцы. Я знайшла свой стыль», — распавядае Кацярына.

Фота: архіў Кацярыны Занько

Убор для экскурсавода ў стылі работ Ван Гога

Вярнуўшыся з конкурсу з перамогай, Кацярына зняла памяшканне пад майстэрню і пачала працу па стварэнні адзення, асноўнай ідэяй якой стала экалагічнасць.

Сутнасць працэсу — у дбайнай перапрацоўцы вінтажных прадметаў з сэканд-хэнду. Кацярына разразае рэчы на маленькія часткі і выкарыстоўвае гэтыя элементы пры стварэнні новага вырабу. Такім чынам, са старога адзення жанчыне ўдаецца ствараць не толькі нешта новае і ўнікальнае, але і дапамагаць захаванню навакольнага асяроддзя.

Фота: архіў Кацярыны Занько

Паралельна з тым, як з'яўляліся новыя мадэлі, майстрыха пачала выкладваць свае работы ў Інтэрнэце. І хутка знайшла прыхільнікаў сваёй творчасці.

Многія, па словах Кацярыны, дзівіліся, што падобныя рэчы вырабляюць у Баранавічах. Пакідалі хвалебныя водгукі і ахвотна замаўлялі вырабы, яшчэ больш натхняючы дызайнера на творчасць.

На гэты момант у сваёй аўтарскай тэхніцы Кацярына стварае шыйныя хусткі, сукенкі, тунікі, джэмперы, сарафаны, камізэлькі і спадніцы.

Фота: архіў Кацярыны Занько

«Мае пакупніцы — гэта простыя жанчыны, у якіх унутры ёсць запыт на нешта незвычайнае, творчае і яркае», — распавядае пра сваіх кліентак дызайнерка.

Па словах Кацярыны, яе вопратку носяць жанчыны Германіі, Канады, ЗША, Галандыі і іншых краін. Цяпер, дарэчы, яна працуе над уборам у стылі работ Вінцэнта Ван Гога — для дзяўчыны, якая праводзіць экскурсіі ў яго музеі ў Галандыі.

Фота: архіў Кацярыны Занько

«Калі бачу ў кагосьці прыгожыя кветкі на вопратцы, так і хочацца іх выразаць»

Працэс стварэння сукенкі, па словах Кацярыны, падобны да напісання карціны. Майстрыха выкладае перад сабой палатно, якое пачынае запаўняць рознымі элементамі. Па крупінках, выкарыстоўваючы кавалачкі ўзораў і малюнкаў з паношаных старых рэчаў, стварае эфектную кампазіцыю, якая ўпрыгожыць будучы выраб.

«Часта я раблю рэйд па сэканд-хэндах горада, дзе вышукваю рэчы, якія могуць пайсці ў расход для стварэння адзення. З выгляду непрывабныя рэчы могуць стаць выдатным матэрыялам для маіх вырабаў. Даходзіць да смешнага: часам, калі гуляю ў горадзе і бачу ў кагосьці прыгожыя кветкі на вопратцы, так і хочацца іх выразаць!» — смяецца Кацярына.

Фота: архіў Кацярыны Занько

Вытворчасць майстрыхі практычна безадкідная. Калі нейкія дэталі не падыходзяць да адной рэчы, яны цалкам могуць падысці да іншай.

«Гэта нялёгкі хлеб»

Дзяўчына адзначае: хоць працэс стварэння адзення творчы і цікавы, гэта вельмі цяжкая праца. На стварэнне адной сукенкі сыходзіць у сярэднім да двух тыдняў. Калі заказ тэрміновы, даводзіцца працаваць і начамі.

«Ад працэсу моцна стамляешся, а рукі ўвесь час сколатыя іголкамі. Гэта нялёгкі хлеб», — адзначае Кацярына.

Родныя і блізкія разумеюць гэта і падтрымліваюць Кацярыну ў яе рамястве. Сын і дачка майстрыхі таксама праяўляюць цікавасць да рукадзелля, дапамагаюць выразаць розныя элементы для дэкаравання адзення.

Планаў, якія тычацца сваёй любімай справы, Кацярына намагаецца не будаваць. Кажа, што стараецца жыць сённяшнім днём.

«У мяне ўсё проста: ёсць замоўца — ёсць я. Калі кліентаў няма, трэба шукаць іншую працу. Бо не важна, наколькі ты творчы чалавек, і наколькі моцна табой рухае мастацтва. Асноўная мэта — пракарміць сябе. Хто б што ні казаў. Такая рэальнасць, і гэта нармальна. Я працягну рабіць тое, што ўмею. І буду радая, калі гэта знойдзе водгук у людзях», — падсумоўвае жанчына.

Каментары1

  • Максим Дизайнер
    20.11.2023
    Блондинка - огонь!Дизайн - от ментальной старухи. Страна 20-и летних теток и 50-и летних все еще девочек.

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?2

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

Усе навіны →
Усе навіны

Адкуль узяўся «кулямёт з феерверкаў» на пратэстах у Грузіі?8

Прызначылі кіраўнікоў трох буйных кампаній1

Былы сакратар патрыярха Маскоўскага: Кірыл лічыць сябе важнейшым за Пуціна13

Міністра па падатках адправілі ў Магілёў на новую пасаду

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі15

Чыноўнікі ў Гомельскай вобласці запатрабавалі адключыць тэлевізары ў арганізацыях і прадпрыемствах ад інтэрнэту1

У Беларусі пачалося абмеркаванне праекта Кодэкса аб ахове здароўя2

Сёння даляр патаннеў амаль на чатыры капейкі2

Беларуса, якога затрымалі на пратэстах у Грузіі, вызвалілі з СІЗА2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?2

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

Галоўнае
Усе навіны →