Абноўленая вакцына «Спутнік лайт» з'явіцца ў шырокім ужытку ў снежні
Эфектыўнасць абноўленага «Спутнік лайт» супраць актуальных штамаў кавіду блізкая да 100%, сцвярджае распрацоўшчык вакцыны.
Эфектыўнасць вакцыны «Спутнік лайт» з абноўленым антыгенным складам супраць актуальных штамаў SARS-CoV-2 блізкая да 100%. Пра гэта ТАСС паведаміў дырэктар Цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі імя Гамалеі Мінздароўя Расіі Аляксандр Гінцбург.
«На сённяшні дзень па віруснейтралізацыі [супраць] тых актуальных штамаў, якія ў нас цыркулююць, ацэньваем блізка да 95-97%, то-бок да 100%», — сказаў ён.
Гінцбург таксама паведаміў пра завяршэнне клінічных даследаванняў абноўленага «Спутніка лайт». Ён чакае, што першыя серыі прэпарату трапяць у грамадзянскі абарот да 10 снежня.
23 кастрычніка Аляксандр Гінцбург заяўляў, што першапачатковы варыянт «Спутніка лайт» бяссільны супраць новых штамаў, а абноўлены варыянт вакцыны з'явіцца ў шырокім ужытку не раней за сакавік.
«Спутнік лайт» — гэта аднакампанентная вакцына, у Беларусі, апроч «Спутніка», таксама прышчапляюць кітайскай вакцынай Vero Cell і дзе-нідзе бустарнай кубінскай «Саберана плюс».
Каментары