Грамадства33

«Незнаёмка прыйшла і дала 500 даляраў». Гісторыі таго, як беларусы дапамагаюць землякам у бядзе

Пасля падзей 2020 года беларусаў раскідала па ўсім свеце. Нехта паспеў пераехаць асэнсавана, прадаўшы маёмасць і маючы «стартавы капітал». Іншыя ўцякалі з краіны праз балоты і хмызнякі, з парай шкарпэтак у торбе і з пустымі кішэнямі. Яшчэ нехта трапіў у цяжкую сітуацыю ўжо за мяжой. «Свабода» сабрала гісторыі, у якіх беларусы не кінулі сваіх землякоў у бядзе.

Партрэты палітвязняў на Акцыі салідарнасці ў Вільні. Ілюстрацыйнае фота

Пасля Акрэсціна і Валадаркі «пасыпалася» здароўе

Вера (імя змененае дзеля бяспекі. — РС) прайшла ІЧУ на Акрэсціна і «Валадарку». На Акрэсціна яна была тры тыдні, у СІЗА-1 на Валадарскага — тры месяцы. На судзе паводле «народнага» артыкула 342 («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») Вера атрымала «хатнюю хімію».

Пасля таго, як яе адпусцілі з залі суду, Вера занялася сваім здароўем. Кажа, што за час знаходжання за кратамі два разы перанесла каранавірус, які даў розныя ўскладненні.

«Нам і на Акрэсціна, і на Валадарскага знарок падкідалі ў камеры людзей з ковідам. І мы бясконца хварэлі», — удакладніла былая зняволеная. 

У яе ўтварыліся даўгі за аплату адваката і шматлікіх візітаў да лекараў. Таму Вера вырашыла звярнуцца па дапамогу ў фонд BySol. Збор быў ананімны. Тым не менш Веры сабралі неабходную суму — каля 1500 еўра. 

«Хтосьці не хацеў праз фонд і таму мне асабіста пісаў і ахвяраваў грошы. Сказаць, што я афігела, гэта нічога не сказаць», — кажа Вера.

 Жанчына ў выніку выехала з Беларусі, цяпер за мяжой прыводзіць у парадак здароўе.

«Я не верыла так моцна, што мне дапамогуць. Шчыра, я не вельмі шмат атрымлівала дапамогі ад людзей у жыцці. Гэта для мяне як падарунак ад Дзеда Мароза, нават калі ты забыўся, што ты ў яго верыш! Гэта для мяне такая падпорка ў жыцці цяпер! Вось Венецыя стаіць на пáлях з лістоўніцы, якія ад марской вады не толькі не гніюць, але і робяцца з гадамі мацнейшымі. Так і для мяне стала такімі пáлямі гэтая дапамога і падтрымка», — кажа беларуска.

Яна пакуль не можа працаваць, бо цалкам не легалізавалася ў іншай краіне. Але ўпэўненая, што пры першай жа нагодзе будзе падтрымліваць іншых людзей.

«Калі такое здарылася з табой, ты проста не можаш не рабіць такое ж для іншых! Гэта проста вярнула мне веру ў людзей. Ані на пратэстах, ані ў турме я так не верыла ў людзей, як цяпер», — кажа Вера.

Рэпрэсіі, вайна ва Украіне, лячэнне анкалогіі ў Літве

Аляксандр Царук за апошнія тры гады прайшоў праз шматлікія выпрабаванні. Пасля рэпрэсій у Беларусі выехаў у Літву. Затым паехаў ваяваць за Украіну ў полк Кастуся Каліноўскага. З прычыны праблем са здароўем вярнуўся ў Вільню. Там у Аляксандра пры абследаванні знайшлі рак, таксама ўзнікла неабходнасць замены тазасцегнавога сустава. Пасля абвяшчэння збору сродкаў на аперацыю землякі ахвяравалі яму больш за 5 тысяч еўра.

Ён кажа, што дапамога ішла не толькі праз фонд. Многія людзі перадавалі грошы на картку ці асабіста. Дапамаглі і пабрацімы, якія засталіся ва Украіне. Аляксандр дадае, што ён не сядзіць склаўшы рукі (адна рука ў яго не працуе. — РС).

«Дапамагаю людзям, як магу. Вазіў гуманітарную дапамогу ў лагеры для ўцекачоў. Стараемся дапамагаць беларусам, якія вярнуліся ў Літву пасля вайны ва Украіне, стварылі сваю арганізацыю былых ваяроў», — патлумачыў суразмоўца.

Ён кажа, што ўдзячны ўсім, хто працягнуў яму руку ў цяжкі час. Наперадзе ў яго яшчэ абследаванні наконт анкалагічнай хваробы.

Цешацца не столькі грошам, колькі падтрымцы

Нядаўна з Беларусі выехалі Аліна Нагорная і Ігар Случак з двума малымі сынамі. Два гады яны вялі там падпольнае жыццё, асцерагаючыся арышту. Іхнія сацыяльныя сеткі ўлады прызналі «экстрэмісцкімі». Пачало псавацца здароўе. У выніку сужэнцы вырашылі пакінуць краіну. На арэнду жытла, рэчы для дзяцей і медыцынскую дапамогу яны папрасілі ў неабыякавых беларусаў праз BySol 5 тысяч еўра. За кароткі час ім пералічылі больш за 6 тысяч.

Аліна Нагорная і Ігар Случак

«Мы спадзяваліся, што людзі нас падтрымаюць. Бо наша праца па абароне беларускай мовы для многіх была важнай. І гэты збор для нас — паказчык, што людзі цанілі нашу працу, яна была патрэбнай», — кажа Ігар Случак.

Цяпер яны спрабуюць уладкаваць сваё жыццё ў Вільні. Случак кажа, што пакуль яны не зусім даюць рады.

«Бо ў Беларусі ў нас была добрая нянька, тут жа іншыя цэны на такія паслугі. Таму пакуль глядзім дзяцей увесь час. І «ябацькі» пакуль адпачываюць ад нас. Але мы ўладкуемся і возьмемся за працу», — запэўнівае «моўны інспектар».

Ігар дадае, што ў Беларусі жыццё больш таннае, але ў Літве ёсць бяспека, якой не было на радзіме. «Там маглі б арыштаваць і кінуць не ў зусім прыемныя ўмовы. Ды дзяцей забраць у прытулак. Тут хоць за гэта не страшна», — дадаў Случак. 

Не выпускалі з турэцкага шпіталя, пакуль не заплаціць за аперацыю

Яўген Грэкаў пасля пераследу ў Беларусі пераехаў жыць у Грузію. Ён працуе рэпетытарам англійскай і кітайскай моў. Беларусам у Грузіі трэба раз на год выехаць у іншую краіну, каб «абнуліць» тэрмін знаходжання. Яўген паехаў у Турэччыну і зламаў там нагу. Прычым так, што спатрэбілася складаная аперацыя. 

«Было горача. Мы стаялі на пірсе, і я вырашыў пакупацца. Вада была настолькі чыстая, што я не разлічыў глыбіню. І вось вышэйшыя сілы, я лічу, збераглі мяне — бо хацеў скокнуць «шчупаком», галавой у ваду, а ў апошні момант перадумаў і скокнуў «салдацікам«, нагамі. І зламаў нагу ў трох месцах», — успамінае суразмоўца.

На «хуткай» у паўпрытомным стане яго прывезлі ў шпіталь. Спыталіся пра медыцынскую страхоўку. Але Яўген яе не меў. «У цябе праблемы», — так мне адразу заявілі лекары і дадалі, што такая аперацыя будзе каштаваць ад 10 да 20 тысяч даляраў», — кажа беларус. Медыкам ён прызнаўся, што не мае такіх грошай. Тады лекары, па словах Яўгена, пачалі яго пераконваць, каб ехаў у Беларусь, а яны яго «наколюць» абязбольвальнымі сродкамі. 

«Мне цяжка было тлумачыць, чаму я не магу аніяк ехаць у Беларусь. Добра, што са мной былі знаёмыя, якія «вызванілі» іншы шпіталь і там мне выставілі іншую цану — 5 тысяч даляраў», — тлумачыць эмігрант.

Яўген прызнаецца, што 5 тысяч даляраў для яго — шалёныя грошы. Бо з Беларусі хлопец ехаў з адным заплечнікам, а рэпетытарствам так шмат не заробіш. Пасля аперацыі яго папярэдзілі, што не выйдзе са шпіталя, пакуль не заплаціць — не выпусціць паліцыя на выхадзе. Суму, якая была патрэбная, каб выйсці са шпіталя, Яўгену пазычылі сябры і знаёмыя. Шпіталь пагадзіўся для пачатку на 1500 даляраў. 

«Я ўвесь час данаціў на розныя зборы, у тым ліку на BySoll. Хай гэта былі невялікія грошы з майго боку, але ўсё ж. Таму я вырашыў звярнуцца ў гэты фонд. Падаў усе дакументы, рахункі. І яны адкрылі мне збор», — кажа беларус.

Пакуль яму сабралі не ўсю суму. Але Яўген спадзяецца на дапамогу.

«Бо я лічу, што ў гэтыя цёмныя для нас часы мы, беларусы, мусім стаяць адзін за аднаго, падтрымліваць адзін аднаго. У Батумі ў нас моцная дыяспара. Мы тут адзін аднаго падтрымліваем і верым у лепшыя часы. Мы вернемся ў нашу родную краіну, гэта проста гістарычна наканавана. Але трэба яшчэ час», — дадаў Яўген.

Прасіў на цёплыя рэчы для дзяцей — атрымаў 3 з паловай тысячы еўра

Лекар Міхаіл Самборскі вырашыў прасіць дапамогу, бо дзеці не мелі на зіму цёплых рэчаў. Ён заявіў суму на 800 еўра. У выніку неабыякавыя людзі пералічылі яму больш за 4 тысячы.

«Я саромеўся прасіць дапамогі. Ну так я выхаваны. Я і не дужа спадзяваўся і думаў, што не такі я і пацярпелы. Але мяне сябры пераканалі звярнуцца. Мы ўжо купілі тое самае неабходнае, што нам патрабавалася», — кажа лекар.

Міхаіл Самборскі

Ён дадаў, што аніяк не чакаў такой вялікай падтрымкі. «Я сам данаціў увесь час, дапамагаў палітвязням, але гэта былі невялікія зусім сумы. Цяпер мне дапамаглі ў шмат разоў больш! Раней я лічыў, што я нейкі ненармальны, бо дапамагаў нават тым, мо каму і не варта. Цяпер жа бачу, што я недаацэньваў людзей! Гэта проста неверагодна — такая вялікая падтрымка. Я моцна крануты гэтым!» — кажа Міхаіл. 

Цяпер ён плануе дапамагчы сваёй дачцэ. Яна вучыцца ў ВНУ, падпрацоўвае і напісала ліст да рэктара, каб знізіў ёй кошт за навучанне. «Але калі рэктар не пагодзіцца, то трэба будзе дачцэ дапамагчы», — кажа лекар. 

«Нікому з людзей грошы з неба не падаюць, усе ж працуюць, зарабляюць. Але аказалі нам такую моцную падтрымку! Думаю, мы абавязаныя перамагчы, раз так дапамагаем адзін аднаму і трымаемся адзін аднаго», — лічыць Міхаіл. 

Апроч кісты, знайшлі яшчэ і апендыцыт

21-гадовая беларуска просіць называць яе Мільва. Яна тэрмінова ўцякала з Беларусі, бо сяброўка ўбачыла яе на здымках у кнізе «Я выходжу».

«Юрыстка параіла мне ўцякаць. Так я апынулася ў Грузіі. Пачаліся праблемы са здароўем. Мне патрэбна была аперацыя па гінекалогіі. І аказалася, гэта не ўсё — яшчэ знайшлі запаленне апендыкса», — кажа Мільва.

Са шпіталя яе не хацелі адпускаць, пакуль не аплаціць усе рахункі. «На жаль, медыцынская страхоўка на такія выпадкі дзейнічае толькі праз год пасля афармлення. Я ж у Грузіі на той момант была толькі 10 месяцаў», — кажа беларуска. 

Яна засталася вінаватая шпіталю каля 1500 даляраў. Дзяўчына працавала барыстай і не мела такіх грошай. Сродкі ёй пазычыла начальніца з працы, але гэтыя грошы трэба было аддаць. Мільва мусіла звярнуцца ў BySol, таксама напісала ў чаты беларускай дыяспары ў Грузіі.

«Быў шок, калі адгукнулася адна беларуска. Яна прыйшла і проста прынесла мне 500 даляраў! «Вось, — кажа, — трымайце». І пажадала мне здароўя. Але было такое, што і хэйцілі ў чатах. Маўляў, маладая, ідзі працуй. Як мне працаваць пасля аперацыі?» — кажа беларуска.

Мільва зрабіла такую выснову, што чалавек можа атрымаць дапамогу ад іншых людзей, асабліва тады, калі сам некаму дапамагае.

Яна кажа, што і ў Беларусі, і ў Грузіі актыўна займалася дапамогай бадзяжным жывёлам.

«Можа быць, у мяне добрая карма. Пасля аперацыі патрэбны былі адмысловыя кампрэсійныя панчохі і кіёк. Я напісала ў чат, і мне незнаёмая жанчына аддала такія панчохі і кіёк са словамі: «Калі яны ўжо вам не будуць патрэбныя, проста аддайце таму, каму трэба будзе. Хай будзе такі акт дабра». Гэта ўсё было вельмі нечакана і вельмі прыемна», — кажа Мільва.

Каментары3

  • -
    15.11.2023
    а мая вера ў людзей амаль страчана...
  • беларуска
    15.11.2023
    НН, дадайце спасылку на збор для Яўгена ў артыкул, каб людзі не шукалі і маглі адразу заданаціць. Дзякуй
  • ром
    15.11.2023
    -, 👍👍 значыть ты нармельны чалавек!

Чаму ў Мазыры амаль двое сутак не маглі аднавіць электразабеспячэнне? І пры чым тут вайна3

Чаму ў Мазыры амаль двое сутак не маглі аднавіць электразабеспячэнне? І пры чым тут вайна

Усе навіны →
Усе навіны

Змітра Дашкевіча будуць судзіць па новай крымінальнай справе ўжо на гэтым тыдні7

Латушка: Я магу баяцца піць ваду ці каву ў грамадскіх месцах13

Каля мяжы Польшчы з Беларуссю агрэсіўная моладзь атакавала польскіх вайскоўцаў ВІДЭА27

18-гадовага хлопца з Быхава судзяць за «здраду дзяржаве»9

У Беларусі не будуць рэагаваць на ўвядзенне Латвіяй забароны ўезду для беларускіх аўтамабіляў3

У Гродне збіраюцца правесці «своеасаблівы вальс» БТР-аў1

Лябедзька: Беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай. Але трэба закласці пераходны перыяд19

Дзякуючы ўрагану ў Гомелі зрабілі навуковае адкрыццё3

Карбалевіч: Мінск загаварыў па-іншаму, але гэта пакуль толькі словы, дзеянняў мінімум1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму ў Мазыры амаль двое сутак не маглі аднавіць электразабеспячэнне? І пры чым тут вайна3

Чаму ў Мазыры амаль двое сутак не маглі аднавіць электразабеспячэнне? І пры чым тут вайна

Галоўнае
Усе навіны →