15-гадоваму сыну Кадырава ўручылі прэстыжную ўзнагароду Татарстана. Перад тым яго крытыкаваў татарскі дэпутат
Кіраўнік Татарстана Рустам Мініханаў уручыў 15-гадоваму сыну кіраўніка Чачні Адаму Кадыраву ордэн «Дуслык», другую па значнасці ўзнагароду ў рэспубліцы, паведаміў чачэнскі дэпутат Дзярждумы Адам Дэлімханаў.
На апублікаванай фатаграфіі Рамзан Кадыраў, Адам Кадыраў, Рустам Мініханаў і Адам Дэлімханаў стаяць на фоне будынкаў «Грозны Сіці». У Адама Кадырава пры гэтым на грудзях бачны ордэн, а на правай назе — прадмет, падобны да кабуры.
Незадоўга да таго, 19 кастрычніка, дэпутат Дзяржсавета Татарстана Азат Хамаеў на пасяджэнні гэтага органа абурыўся сітуацыяй са збіццём абвінавачанага ў спаленні Карана Мікіты Жураўля Адамам Кадыравым у грозненскім СІЗА.
«У якім прававым полі мы сёння жывем? Напрыклад, кіраўнік аднаго з суб'ектаў Расійскай Федэрацыі прысвойвае сыну званне героя за збіццё чалавека!», — сказаў Хамаеў.
Аднак пазней дэпутат сказаў, што выказаў «толькі асабістае меркаванне», і папрасіў прабачэння. Выказванне Хамаева пасля пракаментаваў і Мініханаў, які адзначыў, што пазіцыя дэпутата не выказвае меркаванне мусульман рэспублікі.
Цяперашняе ўручэнне ўзнагароды, верагодна, звязана з імкненнем залагодзіць Кадырава і «замяць» сітуацыю.
Каментары