Грамадства1313

«Скажыце, а змагар — гэта хто?» Пра што пішуць у чаце ахвотных перасяліцца ў Беларусь

Беларусь губляе дзясяткі тысяч грамадзян, якія эмігруюць у іншыя краіны, але некаторыя замежнікі, наадварот, збіраюць чамаданы ў Беларусь. «Наша Ніва» вывучыла чат, створаны, каб матываваць жыхароў Латвіі перасяляцца ў нашу краіну.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Contributor Getty Images

Суполка, пра якую ідзе гаворка, мае назву «На ПМЖ в Беларусь. Chat». На сёння ў ёй 1547 падпісантаў. У апісанні чата пазначана: «Разбіраюцца пытанні афармлення дакументаў, міжнароднага пераезду, рэгістрацыі на новым месцы, куплі нерухомасці, сацыяльныя пытанні і гэтак далей». Гледзячы з тэматыкі паведамленняў, большасць удзельнікаў суполкі, калі не ўсе — гэта жыхары Латвіі.

Шмат удзельнікаў гэтай тэлеграм-суполкі хаваюцца за псеўданімамі. Але па тых, хто падпісвае акаўнт імем і прозвішчам, выглядае, што этнічных латышоў сярод будучых эмігрантаў у Беларусь няшмат: у спісе запар усходнеславянскія імёны. Удзельнікі чата пішуць пра легалізацыю на падставе беларускіх каранёў.

Вядома, перасяленцаў хвалююць звычайныя эмігранцкія пытанні: як зрабіць дакументы і разабрацца ў тонкасцях беларускіх дазволаў на пражыванне, як перавезці рэчы ў нашу краіну і набыць у ёй нерухомасць. Але ёсць і больш арыгінальныя паведамленні.

Адна з апошніх дыскусій у чаце — пра тое, з якіх прычын з’язджаць з Латвіі ў Беларусь і ці варта гэта рабіць. Перасяленцы прызнаюць, што заробкі ў нашай краіне ніжэйшыя, чым у Латвіі, але зважаюць, што ў Латвіі — усё па-латышску, а ў Беларусі можна застацца рускамоўным.

Так, у нашых школах выкладаюць беларускую мову, але эмігранты заўважаюць, што па-беларуску не выкладаюцца складаныя прадметы накшталт матэматыкі ці фізікі і выражаюць гатоўнасць вывучыць беларускую. А каб даказаць, што гэта не так складана, цытуюць пачатак купалаўскага «Кургана».

Багата абмеркаванняў у чаце даюць падставу лічыць, што сярод перасяленцаў шмат сталых людзей, а то і пенсіянераў:

«Я 32 гады стажу маю ў Латвіі, пенсія, калі паглядзець у vssa, у мяне будзе 350 еўра».

«Муж ужо пенсіянер, яму цяжка прывыкаць да кіравання ў буйным горадзе».

«А калі задэклараваўся ў Беларусі, то што, пенсію не плацяць?»

«Мне ў 70 гадоў трэба запытваць даведку аб несудзімасці і здаваць аналізы на ВІЧ і СНІД».

Некаторыя падыходзяць да эміграцыі ў Беларусь вельмі эмацыйна. Хвалююць і абставіны жыцця ў сваёй першапачатковай краіне, і бюракратычныя складанасці пераезду:

«А ў мяне сын пойдзе ў садочак налета — як уяўлю, што яму ні слова не перакладуць на рускую, дык яшчэ і будуць здзекавацца, тыркаць носам — дык мне проста блага. Таму будзем ратаваць дзяцей, так».

«Я пакуль усе даведкі збіраю, я не ем нармальна, не сплю, пакуль усё вывучаю. Гэта адымае і грошы, і сілы. Прадугледзець усе нюансы… Гэта тытанічная праца для простага чалавека. А тут яшчэ раптоўнае закрыццё межаў прарочаць… Наглуха закрыць. Я калі да АГіМа даеду, я там і ўпаду».

Таксама ўдзельнікаў чата хвалюе магчымасць таго, што краіны ЕС закрыюць мяжу з Беларуссю. Як тады трапіць у нашу краіну? Некаторыя кажуць пра магчымасць паехаць праз Турцыю, іншыя лічаць, што больш падыдзе Расія. 

Але абмяркоўваюць часам і праблемы ў краіне: 

«З працай у РБ складана. Асабліва тым, хто прыязджае нанова»

«Хто ў курсе, пры поўнай мабілізацыі ці будуць прызываць мужчын з ПМЖ, ці толькі грамадзян?»

Яшчэ адзін штрых да партрэта гэтых эмігрантаў у Беларусь — тое, як часта яны выкарыстоўваюць праўладную лексіку:

«Недапрацоўка. У Беларусі з гэтым строга. Бацька з кожнага запытае».

«Гэта не беларус, гэта змагар. Змагары — гэта антыбеларусы».

«Скажыце, а змагар — гэта хто?»

«Беларусы таксама розныя. Я тут ведаю аднаго беларуса, дык ён па-руску адмаўляецца гаварыць, толькі на мове. На аватарцы ў яго БЧБ-сцяг, ён увесь такі за Ціханоўскую. Не камунікую з ім у выніку».

У суполцы адзіны адкрыты адміністратар, і гэта чалавек пад нікам Аляксандрс Лемяшонакс. Праўда, часам адміністратар у паведамленнях ад імя чата піша пра сябе з жаночымі канчаткамі, але можам выказаць здагадку, што акаўнтам Аляксандра карыстаецца яго жонка Дар’я Лемяшонак — тым больш што спасылка на чат пазначаная ў яе акаўнце ў фэйсбуку. 

Аляксандр і Дар'я Лемяшонкі. Фота: facebook.com/bakhaki

Аляксандр родам з Рыгі, вучыўся ў школе ў буйным мястэчку Скрыверы, што знаходзіцца за 84 кіламетры ад Рыгі. Цяпер мужчына жыве з жонкай у Наваполацку. 

Жонка Аляксандра Дар’я родам з Наваполацка, яна скончыла каледж у Полацку і мясцовы дзяржуніверсітэт імя апякункі горада Еўфрасінні. Жанчына працуе выкладчыцай англійскай мовы ў анлайн-школе Skyeng. Таксама ў сваёй старонцы на фэйсбуку яна называе сябе «працаўніцай святла», «пасвячонай вядзьмаркай» і «майстаркай [японскай нетрадыцыйнай медыцыны] рэйкі, масажу».

У сваім фэйсбуку Дар’я публікуе шмат прарасійскіх пастоў і нярэдка даходзіць да знявагі Украіны, не любіць і заходнія краіны. Вось некалькі цытат:

«Ахрэсары, тут новая версія падкаціла пра тое, хто ж насамрэч выкапаў Чорнае мора:))»

«Цяпер зразумела, адкуль бяруцца ваенныя прагнозы ўкраінскіх «экспертаў»:)) — гадаюць на чабурэках».

«Бамжы, бруд, галеча, няма дарог. І гэта пра Мілан! Цікавы шпацыр па вуліцах сталіцы моды:)»

«Чытаю каментары пад пастом Уладзіславы пра смачныя беларускія шакаладкі. Панабеглі хахлы з чумой у галаве».

Часам пра рэсурс расказвае блогер Раман Самуль. Гэта латвіец, які пераехаў у Беларусь, як сцвярджаецца, праз палітычны пераслед у Латвіі. Мужчына вядзе свой ютуб-канал пад назвай «Правда ТВ», на які падпісана амаль 23 тысячы чалавек. Вось некалькі загалоўкаў яго апошніх ролікаў, каб вы разумелі іх тэматыку:

«Беларусь — гэта Швейцарыя ў Еўропе», «Вадзім Ава: Са старых у Латвіі здзекуюцца і ўсяляк спрабуюць іх знішчыць», «Андрэй Мамыкін: У Латвіі за меркаванне здзекуюцца і цкуюць», «Таццяна Манцян: З Трыябалтыкі даўно час валіць!».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Сейм Латвіі ўхваліў забарону рускай мовы ў грамадскіх СМІ

Латвія цалкам гатова закрыць мяжу з Беларуссю ў выпадку масавага наплыву мігрантаў — прэзідэнт Рынкевіч

У Латвіі хочуць забараніць аўтамабілі з беларускімі нумарамі

Каментары13

  • наваполацкая каналізацыя
    11.10.2023
    суседнія краіны ачышчаюцца, і ўсё ***** плыве ў Бедарусь (
  • А
    11.10.2023
    Як беларус з Латвіі, заўсёды не магу вызначыцца, ці мне радавацца, што яны нарэшце зваляць адсюль, ці плакаць, што іх цяпер у Беларусі больш стане. Але самае пытанне, на якое няма адказу, чаму, падла, не ў Расею???
  • Багдан
    11.10.2023
    Можна толькі пазайздросьціці латышам, што такая кароста ад іх з'язджае.

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў2

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

«Знёс агароджу і вылецеў на сустрэчную паласу ў лоб таксі». Сур'ёзная аварыя на сталічным праспекце1

Пуцін павіншаваў Лукашэнку з Вадохрышчам і пажадаў поспехаў на выбарах4

«Яе ўсе бераглі, як маглі». Камандзіры — пра Марыю Зайцаву, якая загінула ва Украіне20

Ціханоўская абмяркуе выбары ў Беларусі з міністрамі замежных спраў краін ЕС, а таксама ў Давосе10

ХАМАС перадаў Ізраілю спіс закладнікаў, якіх павінны вызваліць сёння. Ізраіль абвясціў спыненне агню3

Маршрутка з пасажырамі трапіла ў ДТЗ пад Мінскам1

Трамп плануе наведаць Кітай у першыя сто дзён прэзідэнцтва

Вольга Лойка: На перамовах па Украіне ад Беларусі маглі б быць Лукашэнка і Бяляцкі26

Аляксей Протас стаў першай зоркай матча «Вашынгтона»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў2

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →