Колькасць работнікаў скарачаецца. Як масавая эміграцыя будзе ўплываць на эканоміку ў Беларусі — змены адчуюць усе
Па розных даных за апошнія тры гады з Беларусі з’ехала не менш за 250 тысяч чалавек. Краіна высокімі тэмпамі губляе працаздольнае насельніцтва. «Наша Ніва» спытала ў эканаміста, як гэта адбіваецца на эканоміцы Беларусі цяпер і чаго чакаць у будучыні.
З'язджаюць у асноўным людзі працаздольнага ўзросту
Хваля міграцыі, якую мы назіраем пачынаючы з канца 2020 года, з’яўляецца самай вялікай у гісторыі Беларусі. Натуральна, што такі адток насельніцтва не можа не ўплываць на Беларусь у цэлым і на яе эканоміку ў прыватнасці.
Акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі кажа, што для карэктнай ацэнкі ўплыву міграцыі гэтыя 250 тысяч лепш адлічваць не ад агульнай колькасці насельніцтва Беларусі, а ад 4,21 млн (лічба працаздольнага насельніцтва станам на 2022 год).
«Але і гэтыя 250 тысяч таксама трэба разглядаць у суме з іншымі паказчыкамі. Бо ў нас людзі не толькі з'язджаюць з краіны, але і старэюць.
Цяпер лічба эміграцыі налажылася яшчэ і на феномен таго, што на пенсію выходзяць людзі шматлікага пакалення, а на рынак працы — наадварот нешматлікага пакалення людзей, народжаных у 1990-я. З улікам гэтага чынніка, лічба ў 250 тысяч пачынае быць даволі значнай, асабліва, калі суадносіць яе з колькасцю працаздольнага насельніцтва, бо з'язджаюць у асноўным людзі працаздольнага ўзросту», — тлумачыць эканаміст.
Першымі на сабе гэта адчувае бізнэс. Да такіх высноў Львоўскі прыходзіць, грунтуючыся на розных паказчыках, у тым ліку апытаннях прадстаўнікоў беларускага бізнэсу.
«BEROC раз у квартал праводзіць сацыялагічныя даследаванні. Дык вось па выніках апошніх апытанняў прадпрымальнікі назвалі недахоп кадраў галоўным бар’ерам для развіцця свайго бізнэсу».
Таксама эксперт звяртае ўвагу на недахоп лекараў, пра які ў тым ліку кажа і сам Лукашэнка.
«І гэтая ўвага з боку Лукашэнкі ідзе нават з улікам таго, што ён абапіраецца на афіцыйныя лічбы, якія з’яўляюцца завышанымі. Рэальна сітуацыя з медперсаналам, асабліва ў малых гарадах і сельскай мясцовасці, выглядае яшчэ горшай», — кажа Львоўскі.
Заробак расце, але вырасце і тэрмін размеркавання
Эканаміст адзначае, што недахоп кадраў назіраецца і ў іншых галінах. Але асабліва заўважны ён там, дзе прапануюць невялікую зарплату.
«Лукашэнка звярнуў увагу на праблему з недахопам кадраў, але змагацца з ёй вырашыў, як умее — савецкімі метадамі. Гэтая ідэя павелічэння тэрмінаў адпрацоўкі ўзялася не на пустым месцы», — лічыць эксперт.
Саму ідэю павелічэння тэрмінаў абавязковай адпрацоўкі і ўвядзення яе для платнікаў эканаміст называе непапулярнай не толькі сярод апанентаў Лукашэнкі, але і сярод нейтральна настроеных грамадзян і нават яго прыхільнікаў.
«Прыйсці да такіх захадаў улады маглі менавіта праз недахоп рук. Такім чынам дзяржава спрабуе залатаць свае дзіры, накіраваць людзей на працу ў дзяржаўныя органы і ўстановы.
Але для бізнэсу такі падыход будзе ствараць яшчэ большы недахоп працоўных рэсурсаў. Дадатковая частка абітурыентаў вырашыць з’ехаць з краіны, а іншую частку дзяржава забярэ на працяглыя абавязковыя адпрацоўкі. У выніку кадраў бізнэсу будзе не хапаць яшчэ больш».
Сярод іншых фактараў эксперт называе змены на рынку працы, якія можна заўважыць ужо цяпер. Праз недахоп кадраў у Беларусі назіраецца рост рэальнай заработнай платы. Яна, адзначае Львоўскі, на 15% вышэйшая, чым летась. І адбываецца гэта на фоне таго, што эканоміка не дасягнула паказчыкаў 2021 года.
«Гэта адно з наступстваў недахопу людзей, бо рэальнае беспрацоўе зніжаецца, заробкі растуць, а агульная колькасць занятых у эканоміцы пры гэтым усё адно скарачаецца».
Той факт, што ўлады з аднаго боку прыдумляюць, як спыніць адток кадраў, а з іншага працягваюць выціскаць з краіны нязгодных, эканаміст тлумачыць тым, што развіццё эканомікі не з’яўляецца прыярытэтным кірункам для рэжыму Лукашэнкі.
«Тут трэба правільна разумець прыярытэты гэтай улады. Перадусім на першым месцы ідзе ўтрыманне ўлады. На другім месцы — утрыманне эканомікі ад крызісу ў кароткатэрміновай перспектыве. Ім трэба пратрымацца некалькі месяцаў, год, а што будзе праз 10 гадоў — у іх гэта ўжо самыя апошнія думкі».
Працоўныя мігранты выправяць сітуацыю? А што з пенсіямі?
Львоўскі ж кажа, што сітуацыя, якая складаецца цяпер, будзе несці не толькі кароткатэрміновыя, але і доўгатэрміновыя наступствы.
Сярод глабальных наступстваў ён называе праблемы, звязаныя з пенсійным забеспячэннем. Бо масавая міграцыя ў пары з дэмаграфічнай ямай будуць павялічваць нагрузку на тых, хто працуе.
«Цяпер на аднаго чалавека працаздольнага ўзросту ў нас прыходзіцца каля 0,4 пенсіянера. Да 2050-2055 года гэтая лічба нават без уліку міграцыі павялічыцца ў паўтара разы да 0,6 — 0,65 пенсіянера на аднаго працуючага беларуса».
Львоўскі называе гэта сур'ёзнай праблемай, але адзначае, што Лукашэнку і іншых людзей, якія цяпер знаходзяцца ва ўладзе, гэтыя пытанні не турбуюць.
«Пытанні, што адбудзецца не цяпер і не праз год, турбуюць кіраўніцтва ў самую апошнюю чаргу. Бо выключна з біялагічных прычын ніхто з бягучага складу ўраду не будзе ва ўладзе праз 20-30 гадоў. Таму гэта не іх праблемы.
У іншых краінах ёсць партыі, якія дбаюць пра сваю будучыню, бо чалавек памрэ, а партыя застанецца. У нас падобны фактар не грае ніякай ролі», — кажа эксперт.
Таксама Львоўскі лічыць, што ў Беларусі не атрымаецца выратаваць сітуацыю за кошт мігрантаў. І тут, на яго думку, праблема не толькі ў эканамічным становішчы.
«Прыехаць у Беларусь, працаўладкавацца, застацца тут жыць і атрымаць грамадзянства складана з пункта гледжання заканадаўства. У нас у прынцыпе ніхто асабліва сур'ёзна не займаўся тым, каб зрабіць Беларусь спрыяльнай для эміграцыі. Эмігрантам прасцей атрымаць грамадзянства ў ЗША або ў Германіі, чым у Беларусі. Апроч гэтага, у Беларусі вельмі негатыўны рэйтынг, як у краіны», — адзначае эканаміст.
Беларусы купляюць за мяжой усё больш нерухомасці
Вось некаторыя фактары, якія паказваюць на тое, што міграцыя з краіны працягваецца, а многія беларусы, што выехалі раней, не плануюць вяртацца ў на Радзіму:
— За восем месяцаў бягучага года колькасць беларускіх грамадзян, што жывуць у Літве, пабольшала на 12 тысяч чалавек. Калі на пачатак года іх было 48 тысяч, то станам на 1 верасня — ужо 60 тысяч.
— Расце колькасць нерухомасці, якую набываюць грамадзяне Беларусі. Калі за 2021 год беларусы набылі ў Літве 72 кватэры, 12 дамоў і 38 зямельных участкаў, то праз год гэтыя лічбы выраслі больш чым у два разы. Так, за 2022-гі беларусы купілі 185 кватэр, 29 дамоў і 89 зямельных участкаў у Літве.
— Дакладных лічбаў, колькі людзей пераехала з Беларусі ў Польшчу, няма. Станам на 30 чэрвеня, там пражывала больш за 90 тысяч беларусаў з ДНЖ. Па ацэнках Цэнтра беларускай салідарнасці, на розных падставах у Польшчы можа знаходзіцца больш за 300 тысяч грамадзян Беларусі.
— У Польшчы два гады запар назіраецца амаль двухкратнае павелічэнне куплі кватэр грамадзянамі Беларусі. У 2022 годзе беларусы купілі не менш за 1,3 тысячы кватэр у Польшчы. У 2021 годзе было — 729 кватэр.
Паводле апытання «Беларуская эміграцыя ў Польшчы», 45% беларусаў, якія з'ехалі ў тую краіну, плануюць там застацца, яшчэ 28% не вызначыліся з планамі. 22% рэспандэнтаў гатовыя вярнуцца ў Беларусь, калі дазволіць сітуацыя.
За 2022 год 2985 грамадзян Беларусі атрымалі польскае грамадзянства. Гэта таксама рэкордная лічба.
Каментары