Тысячы новых кватэр і жыхароў. У горада сур'ёзныя планы на Сцяпянку
Сталічную Сцяпянку чакаюць вялікія перамены. На гэтую тэрыторыю некалькі гадоў таму быў распрацаваны праект дэталёвага планавання, зараз у яго ўнясуць змены. Хутка стартуе грамадскае абмеркаванне. У найбліжэйшае дзесяцігоддзе кватэр і насельніцтва ў гэтым раёне Мінска павінна пабольшаць. Падрабязнасці распавядае Onliner.
Абмяркоўваць будуць праект дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах вуліцы Карвата — мясцовага праезда — паўночнай тэрыторыі гаражнай забудовы — МКАД — працягу вуліцы Ваўпшасава — паўночна-заходняй мяжы ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны 95 ЛРпр — чыгункі.
Участак вялікі — больш за 142 гектары, знаходзіцца ён у Партызанскім раёне Мінска.
Грамадскае абмеркаванне будзе праходзіць з 25 верасня да 10 кастрычніка 2023 года. Прэзентацыя праекта — у электронным выглядзе, дакумент ужо ёсць на сайце раённай адміністрацыі.
Рэалізоўваць праект будуць у два этапы. Першы — да 2028 года, другі — да 2030-га.
Запланавалі вялікае жыллёвае будаўніцтва. У асноўным узводзіць шматпавярховікі будуць на былых вытворчых, камунальных і незасвоеных землях. Тут павінна з'явіцца 166,3 тысячы «квадратаў» жылля. Сярод прыярытэтаў — фарміраванне камфортных дваровых прастор, з высокім узроўнем упарадкавання і азеляненнем.
Калі цяпер у Сцяпянцы 1885 кватэр, то да 2030-га, як разлічваюць горадабудаўнікі, іх будзе каля 4,5 тысячы.
Насельніцтва ў межах праектавання можа вырасці да 10,6 тысячы чалавек (цяпер — 4,9 тысячы).
З'явяцца і новыя сацаб'екты, напрыклад, паліклініка на 650 наведванняў за змену, агульнаадукацыйная школа на 480 вучняў, дзіцячыя сады на 250 і 230 месцаў.
У Сцяпянцы плануюць стварыць паўднёвы дублёр праспекта Незалежнасці (у дэталёвым плане гэтая вуліца называецца Праектуемая нумар 1). Яна і вуліца Ваўпшасава, якую таксама будуць развіваць, звяжуць забудову з цэнтрам, іншымі раёнамі Мінска і Нацыянальным аэрапортам.
Уздоўж Карвата збіраюцца сфарміраваць «лінейны» грамадскі цэнтр.
На скрыжаванні гэтай вуліцы з Праектуемай нумар 2 павінны з'явіцца паліклініка, аб'екты гандлю і спорту, храм. Аб'екты грамадскага абслугоўвання і адміністрацыйна-дзелавога прызначэння таксама хочуць узвесці ўздоўж вуліцы Праектуемай нумар 1 і МКАД.
Збіраюцца сфарміраваць вытворчы квартал (№8 на дэталёвым плане) з санітарна-ахоўнай зонай не больш за 50 метраў. Мэта — новыя працоўныя месцы для жыхароў раёна. Вытворчыя аб'екты, што ўжо існуюць, будуць мадэрнізаваць.
Абяцаюць новыя ўпарадкаваныя зоны, напрыклад, сквер, бульвар на лесапаркавых тэрыторыях, а таксама ўздоўж вуліцы Карвата (і не толькі).
Сетку грамадскага транспарту будуць развіваць, нават гавораць пра развіццё гарадскога рэйкавага транспарту ўздоўж вуліцы Ваўпшасава. Не забудуцца і пра веладарожкі.
Да перонаў і кас чыгуначнай станцыі плануюць пабудаваць пешаходны двухузроўневы пераход.
Заўвагі і прапановы ад жыхароў абяцаюць накіраваць у архітэктурна-горадабудаўнічую раду.
Каментары