Грамадства3737

Перакупленая «Народная воля» перайшла на лукашэнкаўскія пазіцыі

Пасля таго як нязменны галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч пакінуў сваю пасаду, выданне пратрымалася на блізкіх да старых пазіцыях усяго месяц. За апошнія дні ў падачы матэрыялаў «Народнай волі» адзначыўся карэнны пералом, які ставіць кропку на яе гісторыі як незалежнага медыя. У рэдакцыі звярнуліся нават да ўпадабаных дзяржаўнымі медыя «астролагаў», якія прадказваюць развал Захаду, падзел Украіны і поспехі Пуціна.

Калаж: Наша Ніва. Фота Contributor Getty Images

«Народная воля» зазнала тыя ж праблемы, што і ўсе незалежныя выданні ў лёсавызначальны для беларускага грамадства 2020 год. У лістападзе таго года рэдакцыя была вымушаная спыніць друк газеты пасля таго, як лукашэнкаўскія ўлады забаранілі з ёй супрацоўнічаць усім беларускім друкарням і перакрылі магчымасці друкавацца за мяжой.

Газета працягнула выдавацца ў PDF-фармаце, але ў пачатку 2023 года было прыпынена і гэта. А ў чэрвені Міністэрства інфармацыі Беларусі ўвогуле анулявала пасведчанне аб рэгістрацыі. 31 ліпеня сайт выдання перастаў абнаўляцца.

Іосіф Сярэдзіч, які стварыў «Народную волю» і ўзначальваў яе 28 гадоў. Фота: Facebook

4 жніўня стала вядома, што Іосіф Сярэдзіч пакідае пасаду галоўнага рэдактара. Ён кіраваў выданнем 28 гадоў з моманту заснавання газеты ў ліпені 1995 года. Менавіта на ягонай асобе трымалася выданне ва ўмовах, калі астатнія агульнанацыянальныя незалежныя медыя ў Беларусі былі разгромленыя, выгнаныя з краіны і прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Новым уладальнікам выдання «Народная воля», як даведаліся журналісты, стала фірма «Гіпер ПК», якую ачольвае менеджар інтэрнэт-праектаў Мікалай Зіневіч. Гэты чалавек раней у медыйнай сферы нікому не быў вядомы.

Новы ўласнік «Народнай волі» Мікалай Зіневіч

Сайт і тэлеграм-канал «Народнай волі» аднавілі працу 8 жніўня пад назвай «НВ». Пры першым набліжэнні здавалася, што ніякіх зменаў у падачы матэрыялаў не адбылося, артыкулы на сайце заставаліся таго ж стрыманага кірунку, што былі да 31 ліпеня.

Аднак у верасні стала ясна, што палітыка некалі незалежнага выдання пасля звальнення галоўнага рэдактара карэнным чынам змянілася. Асабліва яскрава гэта выявілася ў падачы інфармацыі пра вайну ва Украіне і супрацьстаянне Расіі і Захаду.

Так, напрыклад, расказваючы пра польскую забарону на пастаўкі збожжа з Украіны, «НВ» дакладна паўтарае тыя фармулёўкі, якія выкарыстоўваліся дзяржаўнымі медыя кшталту БелТА для стварэння ўражання моцных супярэчнасцей паміж дэмакратычнымі краінамі. Ці расказвае пра крытыку Байдэна з боку Трампа, якога ў расійскіх і прарасійскіх медыя малююць ледзь не змагаром супраць «бесчалавечнай ліберальнай сістэмы», якую нібыта ЗША навязваюць усяму свету.

А з 11 верасня «НВ» пачала актыўна публікаваць навіны, якія цяжка адрозніць ад таго, што пішуць прапагандысцкія крыніцы.

У гэты дзень з'явіліся матэрыялы пра тое, што польскія вайскоўцы, размешчаныя на мяжы з Беларуссю, нібыта сутыкнуліся з сур'ёзнымі цяжкасцямі ў забеспячэнні сваіх базавых патрэбаў; пра прыбыццё ў Мінск мошчаў з Расіі; разбіраўся быццам бы наяўны канфлікт паміж Украінай і Румыніяй; расказвалася пра безумоўную патрэбу Германіі ў расійскім газе і пра Індыю, якая, «нягледзячы на ціск з боку Амерыкі і Еўропы, не саступае і працягвае закупкі расійскай нафты» — усё гэта навіны, якія кожную гадзіну, адна за адной, публікаваліся на канале некалі «незалежнага выдання». 

Раскручванне расійскага наратыву, што ўсе беды ад Украіны. 

Да прыкладу, кіруючыся знаёмым нам наратывамі, «Народная воля» ў сваім артыкуле выстаўляе Украіну як фактар раздражнення заходніх суседзяў:

«Украіна ўжо двойчы заявіла пра ўяўныя расійскія ўдары па аб'ектах НАТА, ствараючы напружанасць у рэгіёне».

Невялікі тэкст насычаны адсылкамі да іншых уяўных палітычных канфліктаў паміж краінамі Захаду і Украінай, якія ўпарта, але безвынікова раскручвае расійская, а следам і лукашэнкаўская, прапаганда. 

«Сітуацыя стала больш складанай пасля адмовы Бруселя фінансаваць экспарт украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі і забароны Польшчы на імпарт украінскай пшаніцы», — у тэксце добра пазнаецца ўпадабаная прапагандысцкая тэма ўкраінскага збожжа, якая, як і энерганосьбіты, застаецца апошнім рычагом уздзеяння Расіі на заходні свет.

На наступны дзень падача матэрыялаў у духу звычайных прапагандыстаў засталася ранейшай: былы дарадца Пентагона паведаміў, што заходнія краіны «знішчылі ўкраінскую нацыю і разбурылі краіну»; забастоўка на аўстралійскіх заводах прыводзіць да падаражання газу ў Еўропе; французскі палітык асудзіў пагрозу Зяленскага аб бунце бежанцаў у Еўропе; кіраўнік Палаты прадстаўнікоў ЗША падтрымаў расследаванне, якое можа прывесці да імпічменту зненавіднага Расіі Джо Байдэна. 

Навіны раздзела «Палітыка» на сайце «НВ»

Звярнуліся і да ўпадабаных дзяржаўнымі медыя «астролагаў», якія прадказваюць развал Захаду, падзел Украіны, перамогу Расіі і поспехі Пуціна. Вялікім аматарам астралогіі з'яўляецца і новы ўласнік беларускага выдання. «НВ» пераказала прадказанне аракула, што Ала Пугачова, якая з’ехала з Расіі і выразна асудзіла вайну, урэшце вернецца назад

І ўчора, і сёння на «НВ» працягваецца палітыка выкрыцця супярэчнасцей на Захадзе, агрэсіўнай палітыкі ЗША, публікуюцца матэрыялы пра нібыта цяжкія страты ва ўкраінскім войску, для закрыцця якіх заклікаюць ваяваць жанчын; пра абмежаванні на ўвоз збожжа з Украіны; патрэбу ў зброі супраць непераўзыдзенай расійскай; няздольнасць паўднёвай суседкі падтрымліваць баяздольнасць свайго войска і хуткае спыненне контрнаступу.

І цалкам адсутнічаюць публікацыі на тэмы беларускай палітыкі.

Кіраўніцтва Расіі і Аляксандр Лукашэнка ад пачатку 2022 года адкрыта выказвалі спадзяванні на пераварот ва Украіне. Тую самую лінію праводзяць іх СМІ 

Не саромеецца выданне цяпер спасылацца і на зусім смеццевыя прарасійскія крыніцы. Так, нармалізаваная «НВ» напісала пра пагрозу звяржэння Зяленскага з боку вайскоўцаў, пра якую распавёў прапуцінскі блогер з псеўданімам «Гоблін». А адказнасць за расстрэл пратэстоўцаў на Майдане ў 2014 годзе пераклала з рэжыму Януковіча на замежжа. Крыніца — прапагандысцкі фільм «Украіна: схаваныя ісціны» італьянскага журналіста Джана Мікалесіна, чые артыкулы публікаваліся на сайце «Руская вясна».

Фільм быў паказаны яшчэ ў 2017 годзе тэлекампаніяй Matrix, што належыць сям'і Сільвіа Берлусконі, які ў 2015 годзе наведваў акупаваны Крым.

Артыкул на сайце «НВ» з меркаваннем эксперта з «Салаўёў Live» і картай Украіны без паўднёва-ўсходніх тэрыторый

А неназваным экспертам, які прадрок Еўропе «велізарныя геапалітычныя змены», як выявілася, аказаўся адзін з гасцей канала «Салаўёў Live», якога дружна працытавалі ўсе іншыя прапагандысты.

Незалежнага медыя «Народная воля» больш няма. Цяперашні рэсурс мімікруе пад стары і не заяўляючы пра кардынальны паварот свайго палітычнага кірунку, спрабуе даволі груба ўздзейнічаць на старую аўдыторыю.

Выданне, якое на працягу дзесяцігоддзяў давала беларусам альтэрнатыўны погляд на палітыку, пасля сыходу Іосіфа Сярэдзіча ўлілося ў прапагандысцкі дыскурс рэжымаў-агрэсараў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары37

  • Кастусiк
    14.09.2023
    Печалька... Народная Воля - это уже история ... К сожалению, продал Середич права на НВ и новый хозяин делает, как хочет синепалый . Се ля ви
  • За Свабоду!
    14.09.2023
    Калі б гэта было 30, 20, 10 гадоў таму, то было б вельмі шкада. Зараз...Забарілі папяровую версію, а ў век інтэрнэту яна не выжыла, а зараз, захопленая, тым больш нікому не цікава. Ў свабоднай Беларусі брэнд будзе адроджаны. 
  • Anatol Starkou
    14.09.2023
    Памяніце маё слова:
    Наша Ніва 90-х была зарэгістраваная ў часы ліхіх 90-х з тымі мягка кажучы памылкамі.
    Я сто разоў вам аб гэтым намякваў, маўляў, бацькі заснавальнікі НН маладзейшыя за мяне, а я маладзейшы за Звязду. Пры гэтым на шапцы НН напісана ПЕРШАЯ бел газета.
    Дык вось. у хуткім часе ўлада адменіць тую рэгістрацыю і зарэгіць новую Нашу Ніву.
    Каротка распавёў. Вам што каротка што доўга - усё роўна не зразумець.

Хто яна, новая жонка Сяргея Міхалка?

Хто яна, новая жонка Сяргея Міхалка?

Усе навіны →
Усе навіны

Палітвязень Андрэй Пачобут да гэтага часу знаходзіцца ў ПКТ1

Вядучы БТ расказаў, як яго не хацелі пускаць у Парыж на Алімпіяду. Але ён перамог1

Палітвязням, у якіх заканчваюцца тэрміны, прапанавалі напісаць прашэнні аб памілаванні1

На праклёны дачкі Ірыны Фарыён забойца ніяк не рэагаваў, а заявіў: «Час пакажа»3

У Расіі затрымалі яшчэ аднаго намесніка міністра абароны3

Стала вядома імя і загулы расійскага «шэф-кухара», які быў насамрэч агентам3

Гродзенцы сталі ў велізарную чаргу, каб перарэгістраваць аўто. ГУБАЗіК будзе разбірацца, хто «нагнятае сітуацыю»7

«Свабоду Вользе Карач!» Нямецкія пацыфісты з ЛГБТ-сцягамі правялі акцыю каля консульства Беларусі ў Мюнхене ФОТАФАКТ5

У Азербайджане арыштавалі стрыечнага брата коміка Ідрака Мірзалізадэ. Былога выкладчыка БДУ падазраюць у дзяржздрадзе

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто яна, новая жонка Сяргея Міхалка?

Хто яна, новая жонка Сяргея Міхалка?

Галоўнае
Усе навіны →