«Калі я сядзеў на Валадарцы…» Выйшла кніга ўспамінаў кардынала Свёнтка
Кніга «Мелодыі драўлянай лыжкі. Мае ўспаміны» (Melodie drewnianej łyżki) аўтарства беларускага кардынала Казіміра Свёнтка выйшла ў Польшчы. Іерарх апісвае падзеі свайго жыцця і свайго служэння за практычна ўвесь савецкі перыяд — з 1918 па 1988 год, піша Katolik.life.
У прадмове гаворыцца пра тое, што пасля смерці кардынала ў 2011 годзе ў Пінску ў ягоных рэчах была знойдзена папка з машынапіснымі старонкамі, на якой было пазначана, што яе неабходна аддаць у рукі тагачаснага канцлера Курыі Пінскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкай царквы ксяндза Станіслава Паўліны.
Той для падрыхтоўкі кнігі да друку перадаў папку каталіцкаму выдавецтву Pro Christo ў Мінску. А адтуль матэрыялы паступілі для рэдактарскай работы прафесарцы Эльжбеце Смулковай — былой кіраўніцы аддзела беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, экс-амбасадару Польшчы ў Беларусі.
У выніку кніга выйшла ў польскім выдавецтве Apostolicum і даступная да куплі анлайн. Кніга — на польскай мове, на якой і пісаў свае ўспаміны аўтар: ён быў выхадцам з польскай сям'і, выхаваны ў патрыятычным польскім духу.
Пра планы перакласці кнігу на беларускую мову і выдаць яе ў Беларусі пакуль не паведамляецца. Таму для вернікаў і іншых зацікаўленых кнігай у Беларусі пакуль ёсць толькі такі варыянт: набыць кнігу праз інтэрнэт (кошт — 45 злотых, або каля 35 беларускіх рублёў) з пазначэннем для высылкі адраса ў Польшчы і папрасіць сваіх знаёмых пераслаць ці прывезці яе ў Беларусь.
Успаміны кардынала разбітыя на часткі па перыядах. Значны аб'ём тэксту прысвечаны часу, праведзенаму пад арыштам і ў нечалавечых умовах сталінскіх лагераў.
«Калі я сядзеў на Валадарцы…» — з такіх слоў пачынаецца адзін з эпізодаў успамінаў святара. Так і цяпер называюць турму (СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага) у Мінску, праз якую, на жаль, і ў наш час праходзяць многія вернікі.
А назву кнізе даў іншы эпізод з успамінаў кардынала Свёнтка пра ягоны арышт — гэтым разам у «Амерыканцы», таксама добра вядомай сёння:
«Аднойчы нам прынеслі даволі гарачыя крупы ў металічных місках. Калі я паклаў у гэтую кашу драўляную лыжку, неўзабаве пачулася ціхае, але цалкам выразнае для вуха нейкае шыпенне, якое стварыла быццам бы поўныя шкадавання, смутку і меланхоліі мелодыі.
Мы ўдваіх з цікавасцю слухалі гэтыя арыгінальныя гукі. І тут у маёй галаве раптам узнікла думка, якой я падзяліўся з прафесарам: «Вось гатовая назва для нашых успамінаў — мелодыі драўлянай лыжкі».
Верны незабыўнаму адчуванню гэтых, я б сказаў, пяшчотных, сумных і тужлівых гукаў драўлянай лыжкі ў місцы з кашай у савецкай «Амерыканцы» ў Мінску, калі я праз шмат-шмат гадоў прыступіў да ўвекавечання сваіх успамінаў, я не мог назваць іх інакш, як проста «Мелодыі драўлянай лыжкі».
Я выкарыстаў гэтую назву для ўсіх фрагментарных успамінаў за ўсё маё жыццё. Лічу, што не толькі мае турэмныя і лагерныя перажыванні, але і ўсе іншыя перажыванні ад дзіцячых гадоў да нашых дзён насілі і нясуць абертоны мелодыі не вытанчанай, залатой, срэбнай ці хаця б металічнай, а менавіта простай драўлянай лыжкі».
Каментары