«Здзекам не бачна канца». Паліна Шарэнда-Панасюк знайшлася ў рэчыцкім ізалятары
Туды Паліну этапавалі для правядзення загадкавых «следчых дзеянняў», напісаў у фэйсбуку яе муж Андрэй Шарэнда.
«Паліна ўрэшце знайшлася ў ІЧУ горада Рэчыца, што знаходзіцца ў Гомельскай вобласці. Туды Паліну этапавалі для правядзення загадкавых «следчых дзеянняў».
Хутчэй за ўсё, новая крымінальная справа супраць Паліны нарэшце скончаная, і Паліну будуць спрабаваць з ёй азнаёміць. Пасля гэтага Паліну, імаверна, зноў этапуюць у СІЗА №3 г. Гомеля да суда», — напісаў ён.
Андрэй Шарэнда дадаў, што ў рэчыцкім ІЧУ яму паведамілі, што Паліна ў іх знаходзіцца на «спецыяльным рэжыме», таму перадачы і пасылкі ёй забароненыя.
«Здзекам з Паліны не бачна канца…» — напісаў Андрэй Шарэнда.
Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі на пачатку студзеня 2021 года і асудзілі на два гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх абразе, а таксама ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. На волю яна мела выйсці летам мінулага года.
Але летась яе асудзілі па арт. 411 КК да яшчэ аднаго года калоніі. У красавіку 2023 года супраць жанчыны завялі ўжо новую справу — за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».
Каментары