Паліна Шарэнда-Панасюк за два з паловай гады зняволення страціла 18 кілаграмаў вагі
Пра апошнія звесткі пра Паліну Шарэнду-Панасюк напісаў у фэйсбуку яе муж Андрэй Шарэнда.
«Прыйшлі весткі ад Паліны, якія яна паспела пакінуць у СІЗА №1 на Валадарскага. Стала вядома, што Паліну даставілі на псіхіятрычную экспертызу ў аддзел судовых экспертыз у Навінках 29 чэрвеня. Паліна адразу наадрэз адмовілася здаваць кроў на аналізы, прымаць любыя прэпараты і ўвогуле размаўляць з медыкамі-псіхіятрамі. Адміністрацыя экспертызы спрабавала псіхалагічна ціснуць на Паліну, пагражаючы зрабіць гэта сілаю. Але, сутыкнушыся з непахіснай пазіцыяй мужнай жанчыны, дзякуючы вялікаму розгласу ў СМІ, дактары вымушаныя былі адступіць», — напісаў Андрэй Шарэнда.
Таму псіхіятрычная экспертыза скончылася так і не пачаўшыся.
«Паліна проста адаспалася ў палаце тыдзень і нарэшце змагла паесці нармальных прадуктаў, якія мы паспелі перадаць ёй туды. Адзінае, што Паліна паспела зрабіць там па прыездзе ў Навінкі, гэта ўзважыцца. Паліна важыць усяго 47,5 кілаграма! Пры росце 170 сантыметраў і звыклай вазе 63—65 кілаграмаў яна згубіла за два з паловай гады ГУЛАГа каля 18 кілаграмаў. Нават цяжка ўявіць, як Паліна выглядае цяпер», — дадаў Андрэй.
Ужо 6 ліпеня Паліну з Навінак перавялі на Валадарку. Там яна правяла менш за суткі, і ўжо 7 ліпеня яе спецэтапам вывезлі ў кірунку калоніі №24 (Зарэчча). Дзе цяпер знаходзіцца Паліна, невядома.
«Але зразумела, што спяшаюцца яе судзіць, бо тэрмін яе зняволення заканчваецца 6 жніўня», — напісаў Андрэй Шарэнда.
***
Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі на пачатку студзеня 2021 года і асудзілі на два гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх абразе, а таксама ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. На волю яна павінна была выйсці летам мінулага года.
Але ў мінулым годзе яе асудзілі па арт. 411 КК да яшчэ аднаго года калоніі. У красавіку 2023 года супраць жанчыны завялі ўжо новую справу — за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».
Падтрымайце палітзняволеную: ПК №24, 247526, Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць, Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк.
Псіхіятрычная экспертыза над Палінай Шарэндай-Панасюк не адбылася
«Бясконцымі этапамі хочуць канчаткова высмактаць сілы і здароўе». Паліну Шарэнду-Панасюк этапавалі з «Навінак»
Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк везлі з калоніі ў СІЗА на Валадарскага 18 сутак
Паліну Шарэнда-Панасюк працягваюць утрымліваць у карцары. За год яна правяла там 200 сутак
Каментары
такая мужная
Паліну катуюць, таму што яна мае сваю думку і не хоча поўзаць перад рэжымам. Не хоча быць быдлам