Лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская заявіла, што ў яе няма падстаў не давяраць літоўскім спецслужбам.
Так Ціханоўская пракаментавала сітуацыю вакол кіраўніцы Міжнароднага цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом» Вольгі Карач, якой было адмоўлена ў прытулку ў Літве. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы прызнаў Карач пагрозай нацыянальнай бяспецы.
«Я ніколі не працавала з Вольгай Карач, мы ніколі не размаўлялі. Таму я не ведаю ўсіх падрабязнасцяў гэтай сітуацыі, але ў мяне няма падстаў не давяраць літоўскім інстытутам», — цытуе Ціханоўскую LRT.
Яна заявіла, што калі літоўская разведка ўстановіць, што выхадцы з Беларусі ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы, то такія людзі павінны несці юрыдычную адказнасць або мусяць быць дэпартаваныя з улікам міжнароднага права.
Ціханоўская сказала, што яна мала ведае пра дзейнасць Карач, але ёй вядома, што яна дапамагае бежанцам з Беларусі.
«Я ведаю, што яна даволі негатыўна да мяне ставіцца, але няма прычын, каб усе мяне любілі», — дадала яна.
На мінулым тыдні сама Вольга Карач расказала расійскім медыя пра тое, што ёй адмовілі ў прытулку, а прычына гэтага нібыта яе інтэрв'ю з Уладзімірам Жырыноўскім , а таксама ўдзел у шэрагу канферэнцый у РФ, якія праводзіліся пры ўдзеле Еўракамісіі.
Пазней стала вядома, што прычынай адмовы ў прытулку актывістцы Вользе Карач маглі стаць падазрэнні ў яе супрацоўніцтве з расійскай разведкай.
Вольга Карач да 2020 года была частай госцяй у расійскіх пракрамлёўскіх выданнях, у прыватнасці на «Лента.ру» і «Газета.ру». Ад восені 2020 года яна атакавала Святлану Ціханоўскую. Мемам сталі словы экс-сілавіка Ігара Макара, што Юрый Зянковіч «паехаў у Маскву пад гарантыі бяспекі ад Вольгі Карач». У Маскве Зянковіча арыштавалі разам з Аляксандрам Фядутам.
Карач таксама беспаспяхова падавала заявы ў праваахоўныя органы Літвы і камісіі па этыцы на незалежныя медыя.
Вольга Карач склікала прэс-канферэнцыю — параўнала сябе з Меркель, Бяляцкім і заявіла, што беларускі рэжым хацеў яе забіць
Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы: Прычыны пагрозы бяспецы Літвы з боку Карач не тыя, пра якія яна гаворыць
Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы лічыць, што Вольга Карач супрацоўнічала з расійскай разведкай — СМІ
Вольга Карач заявіла, што яе прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы
Каментары
сегодня карач, завтра эта