Onliner пабываў на фэсце Burning Minsk і публікуе вялікі фотарэпартаж. Уражанні ад наведвальнікаў журналіст фармулюе так: «нешта сярэдняе паміж «Госпадзе, што ты такое?» і «Хах, а гэта стыльна!», памножанае на дзесяць».
У цэлым, тое, што адбываецца, можна апісаць мемам:
— Мама, я хачу на Burning Man!
— Пойдзем, у нас ёсць Burning Man дома.
І нядрэнны! Так, гэта не вялікае высмаглае саляное возера ў Невадзе, а Мінскае мора. Так, тут ці наўрад сустрэнеш Ілана Маска або Джарэда Лета ў гарнітуры велізарнага ката, а напоі не выйдзе займець проста за танец або цікавую гісторыю — вымі ды пакладзі 20 рублёў за шкляначку. Але ж сутнасць арыгінальнага фестывалю Burning Man, увогуле, не ў знешняй атрыбутыцы. Яна ў людзях: у іх галовах, у іх унутранай свабодзе і смазе самавыяўлення. А з гэтым тут у большасці поўны парадак.
Да самай раніцы зайцы, эльфы, гусары і фараоны будуць міграваць ад адной сцэны да іншай. Пакуль не ўзыдзе сонца і магія не прападзе.
Ужо заўтра ўсе яны адправяцца працаваць — на заводы, у школы і кветкавы магазін, іграць ролі важных начальнікаў і старанных падначаленых. Але пакуль яны тут, яны лясныя пачвары, якія дрыгаюць целам у такт мінімал-тэхна. Тыя, хто забыўся на свае дарослыя праблемы і, здаецца, шчаслівыя.
Дзесьці ў пустыні Блэк-Рок у далёкай Невадзе, на высмаглым саляным возеры проста цяпер пачынаюць узводзіць велізарныя дэкарацыі для непаўторнага арыгінала. Так, Burning Minsk — усяго толькі дэмаверсія. Але як мінімум дух свабоды і творчасці сапраўднага Burning Man, смак маленькага крэйзі-карнавалу ўлавіць атрымалася, піша Onliner.
Каментары
Па тваёй логіцы - ты пайшоў у кафе ці ў краму - ўсе , капец, ты перагарнуў старонку...
Прывітанне. З 1 500 000 якія удзельнічалі ў пратэстах ды будуць зноў - большасць яшчэ ў Беларусі ды на волі