Віцэ-міністр Літвы: Восенню ў Сейме можа быць разгледжана пытанне аб выдачы ліцэнзій на аўтобусныя рэйсы ў Беларусь
Колькасць паездак грамадзян Літвы ў гэтую краіну застаецца высокай.
Намеснік міністра замежных спраў Мантас Адаменас сказаў, што на восеньскай сесіі парламента можа быць разгледжана пытанне аб ліцэнзаванні аўтобусных паездак у Беларусь, бо колькасць паездак грамадзян Літвы ў гэтую краіну застаецца высокай.
«Пасля таго як вясной мінулага года з'явіўся бязвізавы рэжым (уезду ў Беларусь) для жыхароў Літвы, Польшчы і Латвіі, колькасць наведванняў павялічылася, і мы расцэньваем гэта як пагрозу для грамадзян Літвы, бо кожны з іх можа стаць мішэнню сілавых структур Беларусі і рэжыму Лукашэнкі агулам», — сказаў Адаменас, піша Delfi.
Паводле слоў віцэ-міністра, інфармацыйная кампанія, якая праводзіцца на мяжы з Беларуссю, не можа спыніць усіх грамадзян, якія накіроўваюцца ў краіну, таму неабходныя іншыя меры.
«Выдача ліцэнзій на рэйсы была б наступным крокам. Магчымасці разглядаюцца. Проста гэта немагчыма без зменаў у законе, якія адбудуцца толькі пасля таго, як Сейм збярэцца на восеньскую сесію», — сказаў ён.
Паводле слоў Адаменаса, хоць у Літве і ёсць рэкамендацыя не ездзіць у Беларусь, аб поўным закрыцці мяжы пакуль гаворкі не ідзе. «Мы прававая дэмакратычная дзяржава, і свабода перамяшчэння грамадзян Літвы гарантуецца нашымі законамі. Каб казаць пра закрыццё мяжы, нам патрэбны быў бы зусім іншы прававы рэжым», — адзначыў Адаменас.
У сераду Міністэрства замежных спраў дало строгія рэкамендацыі грамадзянам Літвы ўстрымацца ад паездак у Беларусь.
Каментары