Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская зможа выступаць за зборную Польшчы. Спартсменка напісала ў фэйсбуку, што ў яе ёсць шанец паехаць на чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы ў Будапешце, які пройдзе 19—27 жніўня.
«Тыдзень таму мне сказалі, што, магчыма, я змагу паехаць на Алімпіяду, а ўчора польская федэрацыя атрымала афіцыйны ліст, у якім гаворыцца, што каранцін адмянілі і я магу прадстаўляць зборную Польшчы», — напісала спартсменка.
Крысціна Ціманоўская падчас Алімпійскіх гульняў у Токіа ў 2021 годзе раскрытыкавала кіраўніцтва беларускай каманды за тое, што яе разам з іншымі спартоўкамі хацелі паставіць бегчы эстафету на той дыстанцыі, якую яна ніколі не бегала. Пасля таго яе адхілілі ад спаборніцтваў і спрабавалі вывезці ў Беларусь, але яна адмовілася пакінуць Японію і папрасіла міжнароднай абароны. Пазней спартсменка пераехала ў Польшчу і атрымала грамадзянства гэтай краіны.
Каментары