«МанЮнайтэд» купіў галкіпера за 52,5 млн еўра, а ён узяў і прапусціў з цэнтра поля ВІДЭА
Андрэ Анана ў мінулым сезоне быў прызнаны найлепшым галкіперам Лігі чэмпіёнаў, у яго было восем сухіх матчаў за «Інтэр» у гэтым турніры.
Сёння «Манчэстэр Юнайтэд» згуляў таварыскі матч супраць французскага «Ланса». У складзе англійскага клуба на стадыёне «Олд Трафард» выйшаў камерунскі галкіпер Андрэ Анана, які некалькі тыдняў таму перайшоў з італьянскага «Інтэра» за 52,5 млн еўра.
На 23-й хвіліне камерунец неабачліва выйшаў з варот, і Фларыян Сатака з цэнтра поля перакінуў за яго мяч.
Што праўда, МЮ здолеў перамагчы высілкамі Маркуса Рэшфарда, Антоні і Казяміра — 3:1.
Андрэ Анана ў мінулым сезоне быў прызнаны найлепшым галкіперам Лігі чэмпіёнаў, у яго было восем сухіх матчаў за «Інтэр» у гэтым турніры. Што праўда, у фінале міланскі клуб прайграў «Манчэстэр Сіці».
Адметна, што за «Ланс» некалькі хвілінаў згуляў Абдукадзір Хусанаў, ён выйшаў на поле на 86-й хвіліне. Яшчэ на пачатку ліпеня 19-гадовы ўзбек гуляў за мінскі «Энергетык».
Чэмпіянат Францыі стартуе на наступным тыдні. «Ланс» у першым туры згуляе супраць «Брэста».
Таксама клуб возьме ўдзел у групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў. Цікава, ці прыжывецца былы абаронца чэмпіянату Беларусі ў новым клубе.
Каментары