Эксперымент сацыяльнага псіхолага, праведзены 60 гадоў таму і паўтораны ў многіх краінах, паказвае, як звычка падпарадкоўвацца можа прынесці людзям шмат пакут.
Чалавека выхоўваюць жыць у павазе да іншых людзей, выконваць маральныя прынцыпы і нормы. Але чаму так шмат выпадкаў, калі людзі робяць зло, спасылаючыся на загад «зверху»? Што робіць, здавалася б, нармальных людзей паслухмянымі выканаўцамі чужой волі? Як так адбываецца, што чалавек губляе сваё персанальнае «я»?
Стэнлі Мілгрэм і яго эксперымент
Адказ на гэтае пытанне даўно цікавіў навукоўцаў. Асабліва ён быў актульным у пасляваенныя гады, калі свет даведаўся пра жахі фашызму. У 1961 годзе адбыўся суд над «архітэктарам Халакосту» афіцэрам СС Адольфам Эйхманам (Adolf Eichmann). І ў той жа час у ЗША 26-гадовы вучоны-пачатковец і яўрэй па нацыянальнасці, чые бацькі былі з Венгрыі і Румыніі, Стэнлі Мілгрэм (Stanley Milgram) у Ельскім універсітэце вырашыў паспрабаваць знайсці адказ на пытанне, як звычайныя людзі, не вычварэнцы, не садысты, змаглі арганізаваць «канчатковае вырашэнне яўрэйскага пытання».
«Мой сапраўдны духоўны дом — Цэнтральная Еўропа, — пісаў Мілгрэм яшчэ студэнтам аднакурсніку па Гарвардзе. — Я павінен быў нарадзіцца нямецкамоўным яўрэем у Празе ў 1922 годзе і памерці ў газавай камеры гадоў праз дваццаць. Я сам не магу зразумець, як я нарадзіўся ў радзільным доме ў Бронксе».
У эксперыменце, акрамя даследчыка, удзельнічалі два чалавекі: адзін павінен быў стаць «настаўнікам», а другі — «вучнем». Для таго, каб зменшыць падазрэнні, ролі размяркоўваліся ў выніку лёсавання, якое было падстроена так, каб «настаўнікам» быў паддоследны. «Вучнем» заўсёды быў акцёр.
Удзельнікі былі набраныя шляхам агітацыі або тэматычнай рэкламы. Сярод іх былі паштовыя работнікі, гандляры, рабочыя, інжынеры, настаўнікі сярэдніх школ.
Удзельнікам паведамлялася, што мэта эксперымента — праверыць, як боль уплывае на памяць.
«Настаўнік» напачатку зачытваў «вучню», які знаходзіўся ў суседнім пакоі, спіс з пар асацыятыўных слоў, якія неабходна было запомніць. Потым зачытваў першае слова з пары і прасіў выбраць другое з чатырох прапанаваных. Калі «вучань» даваў няправільны адказ, то «настаўнік» павінен быў націснуць на кнопку, якая нібыта падавала яму электрычны ток. «Вучань» на самай справе не атрымліваў ніякага току, але дэманстраваў боль і пакуты. Напружанне току павялічвалася з кожнай памылкай ад 15-ці да 450-ці вольт.
Побач з «настаўнікам» знаходзіўся даследчык, які кантраляваў ход эксперымента і падбадзёрваў «настаўніка» працягваць спецыяльна падрыхтаванымі фразамі, калі той вагаўся ці хацеў спыніцца. Фраз было чатыры, яны гаварыліся па чарзе: «Калі ласка, працягвайце», «Эксперымент патрабуе, каб вы працягвалі», «Абсалютна неабходна, каб вы працягвалі», «У вас няма выбару, вы павінны працягваць». Толькі ў тым выпадку, калі пасля апошняй фразы ўдзельнік адмаўляўся, эксперымент спыняўся.
Сапраўдная мэта эксперымента — высветліць, колькі «настаўнікаў» будзе працягваць падаваць ток да максімальнага ўзроўню, нягледзячы на відавочныя пакуты «вучня».
Вынікі
Вынікі ўразілі Стэнлі Мілгрэма: з 40 удзельнікаў толькі пяцёра спынілася на адзнацы «300 вольт», калі «вучань» пачаў стукаць у сцяну. Пасля паступова адсеялася яшчэ 16 чалавек. Такім чынам, разрадам 450 вольт пакаралі «вучня» 26 (65%) чалавек.
Мілгрэм успамінаў, што «настаўнікам» было зусім не весела. Добраахвотнікі пацелі, трэсліся, заікаліся, стагналі, кусалі вусны, заломвалі рукі, драпалі самі сябе, тузалі за мочкі вушэй. У 14 з 40 удзельнікаў напружанне праяўлялася ў выглядзе нервовага смеху, у траіх здарыліся сутаргі.
Вось што расказваў чалавек, які назіраў за ходам эксперымента:
«Я бачыў, як у лабараторыю ўвайшоў самавіты бізнэсмен, усмешлівы і ўпэўнены ў сабе. За 20 хвілін ён быў даведзены да нервовага зрыву. Ён дрыжаў, заікаўся, увесь час тузаў мочку вуха і заломваў рукі. Адзін раз ён ударыў сябе кулаком па лбе і прамармытаў: «О Божа, давайце спынім гэта». І тым не менш ён працягваў рэагаваць на кожнае слова эксперыментатара і безумоўна яму падпарадкоўваўся».
Пасля псіхолаг адмаўляў, што траўміраваў удзельнікаў эксперымента. У якасці доказу ён прыводзіў вынікі апытання, праведзенага сярод 856-ці добраахвотнікаў праз паўтара месяца пасля эксперымента. Амаль 84% з іх адзначылі, што задаволеныя сваім удзелам і магчымасцю дапамагчы навуцы.
Вар'іраванне ўмовамі
Мілгрэм звыш 20-ці разоў паўтарыў свой эксперымент, вар'іруючы ўмовамі. Было заўважана, што змяншэнне ступені адказнасці павялічвала колькасць тых, хто ішоў да канца.
Так, максімальны вынік (92,5%) падпарадкавання быў атрыманы, калі ўдзельнікі не самі націскалі на кнопку, а перадавалі загад аб гэтым памочніку.
Калі ж падчас эксперымента ствараліся ўмовы, што «настаўнік» павінен быў сам прыняць рашэнне, працэнт рэзка падаў. Напрыклад, калі было адразу два даследчыкі. Адзін з якіх казаў спыніцца, калі «вучань» пра гэта прасіў. А другі настойваў на працягу.
Чатыры чалавекі з дзесяці даходзілі да канца ў выпадку, калі знаходзіліся побач з «вучнем» у адным пакоі. Толькі тры з дзесяці на 150-ці вольтах згаджаліся націснуць на руку «вучня», каб яна дакранулася да электрода.
Яшчэ адзін важны момант, на які звярнуў увагу Мілгрэм, — гэта сіла аўтарытэту.
Навуковец замяніў строгага і ўпэўненага ў сабе даследчыка ў шэрым лабараторным халаце на чалавека ў звычайным адзенні. Гэта прывяло да таго, што ўзровень паслухмянства ўпаў на 20%.
«Настаўнік» не прыслухоўваўся да меркавання «вучня», які прасіў працягваць, у той час калі даследчык казаў спыніцца.
Калі ж у эксперыменце ўдзельнічалі два даследчыкі, адзін з якіх быў «вучнем» і патрабаваў спыніць эксперымент, а іншы патрабаваў працягваць, то ў 100% выпадкаў «настаўнік» спыняў яго.
Крытыка
Высновы эксперымента Мілгрэма атрымалі шырокую вядомасць. Многія навукоўцы выступілі з крытыкай, вінавацячы яго ў незахаванні традыцыйных стандартаў для якаснага даследавання.
Але на працягу наступных дзесяцігоддзяў розныя варыянты эксперымента Мілгрэма былі паўтораныя як у ЗША, так і за іх межамі. Высветлілася, што да канца шкалы даходзяць ад 61% да 66% незалежна ад часу і месца.
У 2015 годзе група вучоных з Уроцлава паўтарыла адзін з эксперыментаў у сваёй краіне з мэтай абвергнуць адзін з галоўных аргументаў крытыкі аб тым, што такія высокія паказчыкі ў эксперыменце Мілгрэма звязаныя з тым, што ён быў праведзены ў краіне, грамадзяне якой ніколі не ведалі аўтарытарнай або таталітарнай улады.
Яны паўтарылі эксперымент, у якім «настаўнік» націскаў паслядоўна пасля кожнага няправільнага адказу на адну з дзесяці кнопак. Перад націсканнем на дзясятую ён чуў просьбу «вучня» спыніцца, таму што ў яго праблемы з сэрцам і ён можа памерці ад электрычнага току.
Сярод удзельнікаў польскага эксперымента былі маладыя людзі, якія нарадзіліся і выраслі пры дэмакратычным урадзе, і пажылыя, якія памяталі аўтарытарны сацыялістычны рэжым.
Паказчыкі ў абедзвюх групах не перавышалі статыстычнай хібнасці. Як і ў эксперыменце Мілгрэма, каля 90% удзельнікаў аказаліся гатовыя націснуць на кнопку.
Аб чым трэба задумацца
Эксперымент наглядна паказвае, наколькі змяняюцца паводзіны чалавека пад уплывам абставін. Яго вынікі дэманструюць няздольнасць людзей самастойна прымаць рашэнні, калі на іх аказваецца ціск рознымі людзьмі, якія стаяць вышэй паводле статусу і займаюць больш высокае становішча або пасаду.
У той жа час ён паказвае, наколькі важна бачыць за абстракцыяй жывога чалавека, кіравацца сваім сумленнем і памятаць аб тым, што ў любога чалавека ёсць шанец своечасова сказаць «не» і перастаць быць паслухмяным выканаўцам.
Чытайце яшчэ:
7 фільмаў пра Нюрнберг і іншыя суды над функцыянерамі Трэцяга рэйха
-
У Мінску да Новага года паставяць незвычайную сцэну-піраміду. У чым яе асаблівасць?
-
У Мінску каля Камароўкі заўважылі цэлую зграю свойскіх пацукоў. На рынку кажуць, што гэта не іхнія ВІДЭА
-
«Мы з вамі не па чутках ведаем, што такое культура ў нашай краіне». Што гаварылася на прадстаўленні новага міністра культуры
Каментары
https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/323324