Некалькім супрацоўнікам Wargaming у Літве нечакана анулявалі ДНЖ. Яны раней служылі ў войску па кантракце
Як стала вядома выданню «Люстэрка», у аўторак, 18 ліпеня, супрацоўнікам літоўскага офіса кампаніі Wargaming прыйшоў ліст ад кіраўніцтва. У ім адміністрацыя папярэдзіла, што Літва можа ануляваць дазволы на жыхарства тым, хто служыў у беларускім войску па кантракце. У лісце ішла гаворка як мінімум пра двух супрацоўнікаў, якіх ужо пазбавілі ДНЖ.
«У лісце гаворыцца, што Літва анулюе дазволы на жыхарства, што атрымалі беларусы, якія раней служылі па кантракце ва Узброеных сілах РБ. Гаворка пра прапаршчыкаў і афіцэраў. Прычым анулююць без усякага папярэджання — проста ставяць перад фактам», — расказала «Люстэрку» крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
Інфармацыю пацвердзіў і дзейны супрацоўнік кампаніі. Афіцыйнага каментара ад Wargaming з нагоды гэтай сітуацыі пакуль што няма.
Па каментар «Люстэрка» звярнулася таксама ў Дэпартамент па міграцыі пры МУС Літвы. Там адзначылі, што не каментуюць персанальных кейсаў па ануляванні ДНЖ і не валодаюць інфармацыяй пра колькасць супрацоўнікаў кампаніі, якіх пазбавілі гэтага дакумента. Але дадалі, што, як правіла, падобныя рашэнні міграцыйныя службы прымаюць, зыходзячы з рэкамендацый Дэпартамента дзяржбяспекі.
Прэс-служба Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы пракаментавала сітуацыю так:
«Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі ацэньвае пагрозу дзяржаўнай бяспецы з боку замежнікаў у кожным канкрэтным выпадку з улікам канкрэтных абставін. Ацэнка пагрозы, якая зыходзіць ад асобы, можа быць зменена пры высвятленні новых абставін у дачыненні да асобы, а таксама пры змене геапалітычнай сітуацыі.
Прававыя акты не вызначаюць паняцця пагрозы бяспецы дзяржавы або вычарпальнага пераліку пагроз бяспецы дзяржавы — ацэнка робіцца з улікам канкрэтных абставін, судовай практыкі і да т. п.
Звяртаем Вашу ўвагу, што суды неаднаразова адзначалі, што права прыязджаць у Літоўскую Рэспубліку і жыць тут не з'яўляецца натуральным, яно не надаецца аўтаматычна грамадзянам трэціх краін і набываецца толькі ў тым выпадку, калі гэтыя асобы адпавядаюць патрабаванням закона «Аб прававым становішчы замежных асоб».
Канчатковыя рашэнні аб ануляванні дазволу на жыхарства ў Літве прымае Дэпартамент міграцыі, ацэньваючы ўсе адпаведныя абставіны ў кожным канкрэтным выпадку, уключаючы ацэнку Дэпартамента дзяржбяспекі».
Каментары