«А расейцы павінны ведаць, што Іван Грозны быў бісэксуалам». Гей-беларус пра тое, што ненармальна заставацца разам, калi не кахаеш i не шчаслiвы
Адкрыты гей Вячаслаў Бортнік нарадзіўся ў Беларусі і шмат гадоў жыў і працаваў на радзіме — пакуль не закахаўся ў амерыканца Шона. Гісторыя іх кахання пачалася 20 гадоў таму — і за гэты час у іх жыцці паспелі адбыцца кардынальныя змены. «Новы час» пагаварыў з Вячаславам пра тое, як гэта — 20 гадоў быць разам, пра жыццё ў Амерыцы і правы ЛГБТК.
— Часта гамафобная рыторыка выкарыстоўвае штамп «заходнія каштоўнасці» і падае гэта так, быццам ЛГБТК-людзі з’явіліся ў ХХІ стагоддзі як прадукт прапаганды. Ці сутыкаліся вы асабіста з такой рыторыкай і як вы на гэта рэагуеце?
— Сутыкаўся i шмат пiсаў у свой час наконт гэтага ў беларускiх i замежных СМI. Глупства непамернае i хлусня, але паспяхова выкарыстоўваецца дзяржавай дзеля манiпуляцыi грамадскай думкай.
Па-першае, аднаполыя адносіны заўсёды былі неад’емнай часткай беларускай гісторыі. Ад Сярэднявечча і амаль што да ХХ стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі закон быў больш талерантным да гомасэксуалаў, чым на Захадзе. З імёнаў знакамітых геяў дастаткова згадаць Мікалая Румянцава, які калісьці валодаў маім родным Гомелем.А расейцы павінны ведаць, што першы маскоўскі цар Іван Грозны быў бісэксуалам.
Калі казаць пра нашы часы, дык з канца 80-х і да нядаўняга часу Гомелем кіравала так званая «гейская мафія», шмат хто з якой пасля перайшоў на высокія дзяржаўныя пасады ў Мінску. У савецкія часы крымінальны пераслед гомасэксуалаў выкарыстоўваўся як дадатковы інструмент прыгнёту любога іншадумства. Сёння дзяржава намерана падагравае антыгейскія настроі, каб пры патрэбе ачарнiць Захад ці даць выпусціць пару бяспраўнаму насельніцтву.
— Як да вас прыйшло асэнсаванне сваёй сэксуальнасці і наколькі яна вызначае вашу ідэнтычнасць?
— Гэта быў доўгi i нялёгкi шлях да самапрыняцця. Толькi ў 19 гадоў я перастаў змагацца з самiм сабой. На той час у Беларусі яшчэ iснаваў крымiнальны пераслед гомасэксуалаў. Маё найблiжэйшае кола сяброў, куды ўваходзiлi высокаадукаваныя, прагрэсiўна настроеныя, творчыя людзi, дапамагло тады не зламацца. Мне пашанцавала болей, чым некаторым з маiх беларускiх знаёмых, якiя так i не змаглi прыняць сябе. Хтосьцi спiўся, хтосьцi падсеў на наркату цi нават скончыў самагубствам.
Сэксуальная арыентацыя — безумоўна, важная частка маёй ідэнтычнасцi; гэта тое, чаго я не магу змянiць, нават калi б хацеў. Я ганаруся тым, кiм я ёсць сёння, i мяне зусiм не хвалюе, цi хтосьці прымае маю арыентацыю, цi не.
— 20 гадоў таму вы пазнаёміліся са сваім цяперашнім мужам. Раскажыце, калі ласка, як гэта адбылося? Наколькі я разумею, вы тады яшчэ жылі ў Беларусі — якая талерантнасцю не вызначалася ніколі, а тады тым больш. Якімі былі тыя часы? Якой была гей-Беларусь дзевяностых-нулявых? І ці былі ў вас адметныя месцы ў Гомелі і Мінску?
— Мы пазнаёмiлiся ў 2003-м, на мiжнароднай праваабарончай канферэнцыi ў Мексiцы. У той час я ўзначальваў беларускi аддзел Amnesty International, а Шон працаваў у вашынгтонскiм офiсе арганiзацыi. Праз паўтара месяца ён прыляцеў у Мінск да мяне. Так пачаўся наш дзесяцiгадовы раман на адлегласцi. Толькi ў 2013-м мы змаглi распiсацца.
Вы пытаецеся пра Беларусь дзевяностых-нулявых. I грамадства, i дзяржава былi больш талерантнымi ў тыя часы. У 90-х i на пачатку нулявых, калi інтэрнэт яшчэ не меў такога распаўсюду, як сёння, былi гей-дыскатэкi, клубы, часопiсы «Сустрэча» i «Форум Лямбда», прайшлi першыя прайд-фестывалi i першы на постсавецкай прасторы гей-парад (у 2001-м), нават iснавалi дзве зарэгiстраваныя ЛГБТ-арганiзацыi. У Гомелi спецыялiзаваных клубаў цi зарэгiстраваных арганiзацый не было, але гей-жыццё было даволi яскравае: вечарыны, гей-фрэндлi клубы, варушняк на плешках ды гей-пляжы. Часцей мы ездзiлi тусавацца ў Мінск: «Сустрэча», «Оскар», «Вавiлон», «Люцiк», «Нарцыс», «6А», «Буфет Ёё». А зазiрнуць на Панiкоўку — гэта было проста MUST.
— Вы ўжо 10 гадоў жывяце ў ЗША. Што змянілася ў вашым жыцці пасля пераезду? Калі не ўлічваць навакольнага кантэксту.
— Шмат чаго змянiлася. Перш за ўсё, гэта пачуцце Свабоды. Вядома, у кожнага разуменне свабоды сваё, але я кажу пра Свабоду з вялiкай лiтары. Гэта не толькi пра ўнутраную свабоду (яна ў мяне заўсёды была), але i пра вонкавыя гарантыi павагi да цябе як да Чалавека. Падобнае адчуванне ў мяне было якраз толькi ў студэнцкiя гады, што прыпалi на першую палову 90-х. У Беларусi нiколi нельга было быць звонку такiм, якi ты ёсць унутры — такое iснаванне ў стане перманентнай шызафрэнii. Так жыць цяжка: трэба заўсёды «фiльтраваць базар», тлумачыць, чаму ты не вярблюд, хвалявацца, цi звольняць з працы, цi дойдзеш сёння дадому жывы, а маiм сябрам з дзецьмi — цi адбярэ дзяржава дзiця. Жах!
Гэта ўсё лягчэй успрымалася, калi мне было 20-30. У гэтым узросце шмат хто з нас быў рэвалюцыянерам-рамантыкам. Калi табе пад 50, хочацца ўжо якой бы там ні была пэўнасцi i стабiльнасцi: мець задавальняльную працу, камфортнае жытло, магчымасць вандраваць па свеце, бавiць вольны час з добрымi сябрамi ў любiмай рэстарацыi, займацца дабрачыннасцю. Ці памятаеце Цоя: «Вайна — занятак маладых»? Сёння ў мяне ёсць усё, чаго б нiколi не было ў Беларусi: каханы чалавек, любiмая праца, бяспека, павага, магчымасцi персанальнага росту, творчасць, СВАБОДА.
— Як думаеце, ці будзе гэта магчымым калі-небудзь у Беларусі? І што для гэтага павінна адбыцца?
— Будзе, а вось калі — невядома. Ведаю, што гэта адбудзецца, калі Беларусь будзе рухацца ў дэмакратычным кірунку. Пры аўтарытарызме, на жаль, мне не ўяўляецца гэткая магчымасць.
Што рабіць? Пачынаць трэба з сябе, свайго асяроддзя — сяброў, калег, сям’i. Не мае сэнсу біцца галавой у сцяну. Пераконваць трэба тых, хто вагаецца ці яшчэ не мае асабістага погляду на праблему. Зацятых гамафобаў не пераканаеш — і не трэба. Вядома, кожны павінен уяўляць, што справа гэта небяспечная, і быць гатовым да магчымых наступстваў.
— Ці пішаце вы цяпер штосьці пра свой досвед і ўвогуле на тэму сэксуальнасці? Можа быць, артыкулы ў СМІ ці штосьці мастацкае?
— З маёй працай усё цяжэй знаходзiць час на творчасць, але спрабую. Працоўную кар'еру ў ЗША я пачаў даволi позна, таму мне трэба рухацца хутчэй, чым звычайнаму амерыканцу. Падаў матэрыялы ў зборнiк па ЛГБТ тэматыцы, якi рыхтуецца беларускай бiблiятэкай у Лондане. Таксама падрыхтаваў тэксты для зборнiка беларускiх пiсьменнiкаў замежжа «Беларус». Частка з iх публiкавалася анлайн, але на беларускай мове яны выйдуць упершыню. Хачу таксама давесцi да ладу свае дзённiкi.
— Амерыка — узор дэмакратыі для іншых краін. Але, тым не менш, нават там правы ЛГБТК-людзей былі ўзаконеныя адносна нядаўна. За што змагаюцца людзі ў ЗША і ці ёсць у гэтай барацьбы свае адметнасці?
— Усё так. Амерыканскаму ЛГБТ-руху спатрэбiлася больш за 50 гадоў, каб дасягнуць таго, што маем сёння. Але нават у дэмакратычнай Амерыцы няма гарантый. Шэраг кансерватыўных штатаў прасоўвае законапраекты, якiя адкiдаюць правы ЛГБТК на дзесяцiгоддзi назад, i не толькi ЛГБТК, а і, напрыклад, жанчын. Гiсторыя паказала, что дэмакратычныя iнстытуты, якiя будавалiся стагоддзямi, можна расхістаць i аслабiць за 3-4 гады.
Сёння адным з самых важных законапраектаў для ЛГБТК-супольнасцi з’яўляецца «Акт Роўнасцi» (Equality Act). У выпадку прыняцця, мiж iншым, будзе забаронена дыскрымiнацыя ў такiх сферах, як працаўладкаванне, жытло, банкаўскiя крэдыты, суд прысяжных, знаходжанне ў публiчных месцах. Законапраект быў ухвалены Палатай прадстаўнiкоў мiнулага Кангрэса ЗША, але нават не патрапiў на разгляд Сената. Палата прадстаўнiкоў пераабiраецца кожныя два гады, то-бок трэба ўсё пачынаць спачатку. У некаторых (я б сказаў, гамафобных) штатах можна пабрацца шлюбам, але табе наўпрост адмовяць у працы праз сэксуальную арыентацыю або не будуць абслугоўваць у рэстарацыi. Яшчэ горшая сiтуацыя для транс-людзей: могуць нават арыштаваць за знаходжанне ў публiчным месцы.
Таксама вядзецца праца па забароне булiнгу ў адукацыйных установах, узмацненнi аховы ЛГБТК-бiзнэсаў i г. д.
— Вы з Шонам пабраліся шлюбам у 2013 годзе — і гэта тое, што дагэтуль немагчыма сабе ўявіць у Беларусі. Ці можаце вы на ўласным прыкладзе расказаць, што такое аднаполы шлюб і чаму трэба дамагацца ўзаконьвання адносін для квір-людзей?
— Збольшага наш шлюб нiчым не адрознiваецца ад натуральнага. Прызнаюся вам, што нiколi не жадаў анiякага шлюбу персанальна для сябе, бо заўсёды лiчыў яго рэлiктавым iнстытутам патрыярхальнага прыгнёту. Але ж той самы шлюб адыграў велiзарную ролю ў маiм жыццi — перш за ўсё таму, што вырашылася галоўнае пытанне: як быць разам з чалавекам, якога кахаю. Усё астатняе — ужо тэхнiчныя моманты, таксама важныя: атрыманне легальнага статусу, уладкаванне на працу, нерухомасць, падаткi, сацыяльная бяспека i г. д.
Калi б у мяне не было магчымасцi зарэгiстраваць шлюб з каханым чалавекам, то я быў бы зусiм у iншым месцы i становiшчы сёння. Права на шлюб павiнна распаўсюджвацца на квiр-людзей, бо гэта частка правоў усiх людзей без выключэння. Шмат гетэрасэксуалаў не разумеюць, навошта ЛГБТК-людзям шлюб — бо iм нiколi не даводзiлася быць у сiтуацыi, калi б iм не дазволiлi наведаць мужа, жонку ці дзiця ў шпiталi, бо яны не сваякi. Цi апынуцца на вулiцы пасля страты каханага мужа ці жонкi, бо не маеш права спадкаемцы.
— ЛГБТК-людзі — адна з «чырвоных ануч», якімі цяперашнія аўтакраты ў нашым рэгіёне пужаюць грамадства і апраўдваюць вайну. Што вы адчуваеце як чалавек і як праваабаронца, калі назіраеце за тым, што адбываецца на нечужой для вас прасторы?
— Адчуваю абурэнне ўладай i спачуваю ЛГБТК-людзям. Усiм цяпер цяжка, але ЛГБТК-людзi ў найгоршым стане. Улады дэманструюць палiтычную iмпатэнцыю. Замест таго, каб вырашаць набалелыя праблемы грамадскасцi, яны шукаюць, каго абвiнавацiць у сваім бяссiллi. Лягчэй за ўсё для гэтай мэты абраць найменей абароненыя групы.
— 20 гадоў разам — вялікае выпрабаванне. Можна сказаць, такое «маленькае жыццё». Што было самым цяжкім для вас за гэты час? І які момант згадваецца першым, калі вы думаеце пра шчасце?
— Цягам першых 10 гадоў цяжэйшай за ўсё была нявызначанасць, немагчымасць быць разам доўгi тэрмiн. Бясконцае хваляванне, цi дадуць мне цi Шону вiзу наступным разам. Нiколi не было дакладна вядома, цi пабачымся зноў, цi наша сустрэча будзе апошняй. Нашы планы на жыццё былi кароткатэрмiновымi, пра сур’ёзнейшае можна было толькi марыць. Жылi ад сустрэчы да сустрэчы, ад паездкi да паездкi. А паездкi вымагалi значных ахвяр, фiнансавых у тым лiку. Напрыклад, я ахвяраваў сваёй прафесiйнай кар’ерай; не шукаў сталай працы, каб мець магчымасць ездзiць. Працаваў фрылансерам, што ў Беларусi было нялёгка.
Вялiкi шчаслiвы момант — калi даведалiся пра рашэнне Вярхоўнага суда ў чэрвенi 2013-га, акурат дзесяць гадоў таму. Гаворка ідзе пра згаданы вышэй «Акт аб абароне шлюбу» 2013 года (бо таксама быў яшчэ адзін закон у 2015-м). Згодна з гэтым дакументам, шлюбам лічыўся толькі саюз мужчыны і жанчыны. Калі ён быў скасаваны Вярхоўным судом, аднаполыя шлюбы, якія ўжо існавалі ў некаторых штатах, пачалі прызнавацца на федэральным узроўні. То-бок квір-людзі атрымалі такія самыя правы ў шлюбе, як і гетэрасэксуалы. Наша мара здзейснiлася — цяпер ужо нiшто не магло нас разлучыць.
— Некаторыя мяркуюць, што «раз і на ўсё жыццё» — гэта міф. Ці верыце вы ў тое, што можна да канца жыцця пражыць з адным чалавекам?
— Веру, але гэта рэдкая з’ява. Я сам закохваўся не раз i не два. Гэта нармальна. Ненармальна заставацца разам, калi не кахаеш i не шчаслiвы.
— Паводле той інфармацыі, якая ёсць у адкрытым доступе пра вас, вы шмат гадоў займаліся праваабарончай дзейнасцю. Ці былі ў вас кейсы, звязаныя з ЛГБТК-супольнасцю?
— Былi, вядома. Свайго часу я каардынаваў працу беларускай Мiжнароднай Амнiстыi па правах ЛГБТ. Мы працавалi па цэлым шэрагу кейсаў у розных краiнах свету. Amnesty працавала i па беларускiх кейсах. Апошнiмі гадамі я троху адышоў ад праваабарончай дзейнасцi праз дзяржаўную службу, але дасюль кансультую — напрыклад, ILGA-Europe падчас падрыхтоўкi iх штогадовай справаздачы па правах ЛГБТК.
— Правы чалавека — адна з самых важных і самых складаных (асабліва для беларусаў) тэм. Як патлумачыць на пальцах важнасць захавання правоў чалавека ў краіне?
— Мяркую, што беларусы разумеюць важнасць захавання правоў чалавека, але яны таксама разумеюць, што абараняць свае правы ў Беларусi можа быць даволi небяспечна. Некаторыя, асаблiва старэйшае пакаленне, лiчаць, што сама канцэпцыя правоў чалавека — фiкцыя, бо нiякiх правоў нiколi не iснавала пры дыктатуры i не можа iснаваць. Надзея толькi на маладых.
— Дэмакратычныя сілы Беларусі рыхтуюць шэраг дакументаў і механізмаў, якія дапамогуць трансфармацыі дзяржавы пасля сыходу рэжыму. У тым ліку распрацоўваецца і новая Канстытуцыя, у якой, выглядае на тое, няма месца для ЛГБТК-людзей. Людзі, якія курыруюць працу над праектам, гавораць, што спачатку трэба змяніць меркаванне грамадства, а потым прымаць закон. Ці так гэта, як на вашу думку?
— На сённяшнi дзень забарона дыскрымiнацыi на глебе сэксуальнай арыентацыi замацавана канстытуцыйна ў 11 краiнах свету, нават у такiх, як Куба i Непал. Я лiчу, што не абавязкова чакаць, пакуль зменiцца грамадскае меркаванне, бо можна не дачакацца. Таксама лiчу, што павiнна весцiся дыскусiя з шырокiмi коламi грамадства.
Зразумела, што замацаванне правоў ЛГБТК канстытуцыйна — не адзiная магчымасць i шлях, якiмi трэба рухацца. Калi не праз Канстытуцыю, то можна i трэба прасоўваць антыдыскрымiнацыйныя гарантыi на заканадаўчым узроўнi.
— У Беларусі ўлады рыхтуюць глебу для пераймання расійскага гамафобнага досведу — прыняцця закону аб гей-прапагандзе. Міністэрства інфармацыі нядаўна разаслала дакумент, у якім кнігарні і выдавецтвы просяць сачыць за тым, што можа нашкодзіць «традыцыйным каштоўнасцям». Цалкам магчыма, што гэта будзе яшчэ адным інструментам для рэпрэсій. У турмах «палітычных» пагражаюць «апусціць» — такім чынам зрабіўшы ўмовы іх існавання яшчэ больш невыноснымі. Як вы думаеце, з улікам усяго гэтага, што можа змяніць стаўленне беларусаў да ЛГБТК-людзей у будучыні?
— У сiтуацыi, якая складваецца сёння, чакаць якiх-небудзь змен у стаўленні грамадства да ЛГБТК-людзей не ўяўляецца магчымым. Усiм нам застаецца запасцiся цярпеннем. Перамены няўхільныя, але лёгка не будзе.
-
Вольга Карач атрымала нямецкую антываенную прэмію — разам з украінцам, які заклікае спыніць пастаўкі зброі Кіеву
-
Шэф ФСБ: КДБ Беларусі дапамог выявіць датычных да падрыхтоўкі замахаў на расійскіх афіцэраў
-
Дзвярнога майстра з Калінкавічаў будуць судзіць па 4 палітычных артыкулах. У сацсетках ён хваліць Пуціна і Кадырава
Каментары