Культура55

У Мінску разгадалі таямніцу знакамітай мазаікі. Вы ніколі не здагадаецеся, адкуль ідуць сляды

У Мінску на вуліцы Нававіленскай, 21/3 (гэта адразу за цэнтрам «Маці і дзіця») ёсць дзіцячы сад №129. На яго сцяне пліткай выкладзена мазаіка. Гэта нярэдкая з'ява — мазаіка на сценах дзіцячых садоў, школ і жылых дамоў. Blizko.by сабраў усё, што вядома пра гэты ўзор манументальнага мастацтва.

Тут, праўда, карцінка нетрывіяльная. Аўтары выклалі пліткай трохметровае дзіця без трусікаў, якое ідзе насустрач сонцу. Хто гэта зрабіў, калі і, галоўнае, чым навеяны такі сюжэт?

Да гэтага часу можна было адказаць толькі на пытанне «Калі?». У 1963 годзе тут пабудавалі дзіцячы сад ад птушкафабрыкі імя Крупскай, сама фабрыка і яе палі былі тут жа, непадалёк. У 1972—1973 побач, бліжэй да ракі, прыбудавалі яшчэ адзін корпус, на якім якраз мазаікай і выклалі выяву дзіцяці. А стары корпус (ён размешчаны на ўсход) у тыя ж гады таксама абклалі пліткай — у выніку два корпусы выглядаюць як пабудова аднаго часу.

З чаго паўстагоддзя таму пазычылі гэты сюжэт, да гэтага часу ведалі, мабыць, толькі самі плітачнікі.

Але вось цяпер Кацярына Рускевіч, якая займаецца даследаваннем манументальнага мастацтва ў Беларусі і вядзе ў фэйсбуку групу Belarusian Soviet Monumental ART, праліла на гэта святло.

Яна піша: «Ужо даволі вядомая ў Мінску мазаіка пад назвай «Малы з голым задам, або галазадае дзіця» знайшла свой мастацкі пачатак, з якога мы цяпер можам назіраць яе на вуліцы Нававіленскай, 21/3, на сцяне ясляў-сада № 129.

Асаблівасць у тым, што гэта лінагравюра вядомага мангольскага мастака Дагдангійна Амгалана, а сама гэтая праца называецца «Раніца, сонца і мама», 1962 год (гэта недакладная назва).

І як мы бачым, стала вельмі папулярная на прасторах СССР у 60—70-я гады. Як было добра заўважана, «гэта дзівоснае дзіця без трусікаў бегае па ўсёй Манголіі ў велізарнай разнастайнасці варыяцый: на плакатах і паштоўках, яно выпалена на дрэве і нават вышыта на навалачках. Аказваецца, яно і ў Мінску ўпрыгожвае сцены дзіцячых устаноў. Гэта выдатна!»

Хто аўтар сюжэта?

Дагдангійн Амгалан (1933—2009) — мангольскі і савецкі мастак-графік і жывапісец, народны мастак і лаўрэат Дзяржпрэміі Манголіі. Спачатку ён вучыўся ва Улан-Батары, а ў 1956 годзе паступіў у Маскоўскае друкарскае вучылішча, але неўзабаве дзякуючы пратэкцыі знакамітага мангольскага маршала Юмжагійна Цэдэнбала змог перавесціся ў Мастацкі інстытут імя Сурыкава.

Нягледзячы на савецкі перыяд творчасці, Амгалан усё ж лічыцца мангольскім мастаком, ён стварыў больш за тысячу твораў, многія з якіх прысвечаныя культуры мангольскага народа.

У 1962 годзе мастак стварае знакамітую працу «Добры дзень, матуля!» («Ээж ээ, сайн байна уу»), вядомую таксама пад назвамі «Матуля» («Ээж ээ») і «Добрай раніцы» («Өглөөній мэнд»). У наступным годзе менавіта за гэтую працу ён атрымаў Дзяржаўную прэмію.

Гэты тып працы называецца лінагравюра — гэта значыць гравіраванне на лінолеуме. Яе памер — усяго 30х20 сантыметраў. У арыгінале праца каляровая, дакладней, з колеру ёсць толькі чырвоны — гэта колер кашулькі дзіцяці. Можна разгледзець, што дзіця выбягае з дзвярэй дома насустрач сонцу, а па стэпе насустрач ідзе маці з двума вёдрамі вады.

Гісторыя сведчыць, што ідэя карціны прыйшла Амгалану зімой, калі ён, яшчэ будучы 23-гадовым студэнтам маскоўскага інстытута, прыехаў дадому на вакацыі і якраз назіраў, як яго двухгадовая дачка Жаўхлан бяжыць насустрач маці. Мангольскія крыніцы пішуць, што Амгалан пры стварэнні працы натхняўся ўжо дзвюма сваімі дочкамі, Жаргалан і Жаўхлан. Так што, мяркуючы па ўсім, на лінагравюры і на сцяне дзіцячага сада намаляваны не малы, а малая.

У сэрцы кожнага мангола

Сюжэт стаў вельмі папулярны ў Манголіі, хоць за межамі краіны быў малавядомы. Але там, у бязмежных стэпах, яго выкарыстоўвалі ў кнігах, на паштоўках і ў рэкламе, а таксама спрабавалі прайграць у рэальнасці. Да гэтага часу вобраз папулярны: яго, напрыклад, вышываюць на кашальках. Мангольскія сайты пішуць, што гэты сюжэт жыве ў сэрцы кожнага мангола.

У верасні 2020 года скульптурная кампазіцыя, якая ўзнаўляе карціну, была ўстаноўлена на пастаменце перад нацыянальным медыцынскім цэнтрам ва Улан-Батары. Годам раней аналагічную скульптуру, толькі ўжо на зямлі, усталявалі ў аймаку (правінцыі) Дарнод на ўсходзе Манголіі.

А адкуль мангольскі сюжэт узяўся ў Мінску? Наколькі ўдалося высветліць, ужо згаданы Юмжагійн Цэдэнбал, які быў у пачатку сямідзясятых першым старшынёй Савета Міністраў Манголіі і 4-м старшынёй Прэзідыума Вялікага Народнага Хурала Манголіі, у Мінск не прыязджаў.

Але знайшлі такую цікавую сувязь з дзецьмі Манголіі. Жонкай Цэдэнбала была Анастасія Іванаўна Філатава, ураджэнка Разанскай вобласці, з якой ён пазнаёміўся падчас партыйнай вучобы ў Маскве. Анастасія шмат гадоў была кіраўніком Рэспубліканскага дзіцячага фонду Манголіі, дабівалася будаўніцтва ясляў, дзіцячых садоў, піянерлагераў і дамаглася ўвядзення 4-гадовага аплатнага адпачынку для маці. Магчыма, у нейкі асабліва цёплы перыяд адносін паміж СССР і Манголіяй сцяну мінскага сада і вырашылі ўпрыгожыць сюжэтам, зразумелым кожнаму манголу (праўда, выкінуўшы пры гэтым маці з вёдрамі). Звестак пра тое, што Анастасія Цэдэнбал-Філатава была ў Мінску, таксама не ўдалося адшукаць.

Каментары5

  • Жвір
    14.07.2023
    Цікава. І прыгожа, дарэчы. Хай бы гэта захавалася... Каб толькі не знайшлося якойсьці Бондаравай, ці як там яе... Бо дзіця голае, а дзе галыцьба, там і голад, маці адна зь вёдрамі, г.з. цяжка працуе,.. нядоля... Можна ўгледзець намёк на байстручаства ды цяжкое дзяцінства ў краіне стабільнасьці,.. з усімі выцякаючымі наступствамі для гэтага мастацкага твора...
  • Корнфлэйкс
    14.07.2023
    Як трапіла? Самі ж напісалі "І як мы бачым, стала вельмі папулярная на прасторах СССР у 60—70-я гады."

    Тут болей: https://historyrussia.org/index.php?option=com_content&view=article&layout=edit&id=6325

    Вучыўся і працаваў мастак у СССР, гравюра стала вядомай у СССР. У часопісе або у альбоме апублікавалі напрыклад..

  • Корнфлэйкс
    14.07.2023
    А увогуле якіх толькі мангольскіх артэфактаў не знойдзеш, калі некалькі дзён да гэтага дыпламаты абвяшчаюць пра супрацоўніцтва з Манглоіяй

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным24

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуса, якога затрымалі на пратэстах у Грузіі, вызвалілі з СІЗА2

Оксфардскі слоўнік назваў словам года «засмечванне мозгу»

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель13

Трагічная сутычка на футбольным матчы ў Гвінеі забрала жыцці каля 100 чалавек

Светлавы аб'ект у выглядзе НЛА з'явіцца ў Мінску да навагодніх святаў

Паліцыя зноў разагнала акцыю ў цэнтры Тбілісі1

Бельгія стала першай краінай у свеце, якая прыраўняла работніц сэкс-індустрыі да звычайных працоўных

Джо Байдэн памілаваў свайго сына28

На тэрыторыі Польшчы пашкоджаны нафтаправод «Дружба»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным24

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Галоўнае
Усе навіны →