Кіно

У Галівудзе застрайкавалі 160 тысяч акцёраў. Некалькі зорак пайшлі проста з прэм'еры «Опенгеймера»

Дзясяткі тысяч акцёраў Галівуда і амерыканскага тэлебачання пачалі страйк пасля таго, як аб'яднаны прафсаюз Гільдыі кінаакцёраў і Федэрацыі артыстаў тэлерадыёвяшчання SAG-AFTRA не змаглі дамовіцца са студыямі аб павышэнні аплаты іх паслуг і абмежаваннях у выкарыстанні штучнага інтэлекту ў кінавытворчасці, піша Бі-бі-сі.

Фота: Mark J. Terell / AP

Як заявіў у чацвер на прэс-канферэнцыі ў Каліфорніі старшыня аб'яднанага прафсаюза, які ўзначальваў перамовы, страйк — гэта «апошні аргумент». «Але яны не пакінулі нам ніякай альтэрнатывы», — дадаў ён.

Каля 160 тысяч акцёраў далучацца да сцэнарыстаў, якія страйкуюць ужо два з паловай месяцы.

Гэта самае маштабнае спыненне амерыканскай кінаіндустрыі за апошнія 63 гады.

Апошні раз «падвойная» забастоўка акцёраў і сцэнарыстаў была ў 1960 годзе, калі на піку славы ў Галівудзе была Мэрылін Манро. Гэтая акцыя прывяла да значных страт у бюджэце кінастудый.

Якімі могуць быць наступствы забастоўкі

У рамках акцыі акцёры не будуць здымацца, удзельнічаць у рэкламных кампаніях, прысутнічаць на прэм'ерах як поўнаметражных карцін, так і серыялаў і весці розныя цырымоніі.

Чакаецца, што будуць перапыненыя або адкладзеныя сотні здымачных працэсаў, уключаючы серыялы і тэлевізійныя міні-серыялы, якія здымаюцца на ўсёй тэрыторыі ЗША.

Сярод студый і платформаў, якія закране страйк, такія гіганты, як Fox, Disney, Netflix, Paramount, Universal, Sony і іншыя.

Акцёры — члены прафсаюза, якія знаходзяцца на здымках і мерапрыемствах у іншых краінах, у тым ліку ў Вялікабрытаніі, таксама будуць страйкаваць.

З-за гэтага, напрыклад, як паведамляе Variety, прызначаная на чацвер лонданская прэм'ера фільма «Опенгеймер» была перанесеная на гадзіну раней, каб зоркі паспелі паявіцца на чырвонай дывановай дарожцы. Аднак, як паведаміў кінарэжысёр Крыстафер Нолан, пры навіне аб пачатку забастоўкі Кіліян Мэрфі і Эмілі Блант пакінулі кіназалу.

У панядзелак яны ж павінны былі прэзентаваць карціну ў Нью-Ёрку, але на гэтым мерапрыемстве іх ужо дакладна не будзе.

Многія тэлекампаніі ўжо абвясцілі, што паказ новых драматычных і камедыйных серыялаў, які традыцыйна пачынаецца ў верасні, будзе адкладзены. Звычайна першыя сезоны пускаюць у эфір, калі праца над наступнымі яшчэ працягваецца, але ў гэтай сітуацыі невядома, калі яны будуць гатовыя.

Кампаніі Fox і ABC маюць намер запоўніць сваю восеньскую сетку вяшчання паказам рэаліці-шоу, на стварэнне якіх не ўплывае забастоўка, а таксама пусцяць у эфір паўторы камедыйных серыялаў.

Не пацярпяць ад забастоўкі незалежныя прадзюсарскія кампаніі, якія не звязаны дамовамі з прафсаюзамі.

Чаго дамагаюцца акцёры

Папярэдні трохгадовы кантракт, у якім былі замацаваны дамоўленасці паміж Гільдыяй кінаакцёраў і прадзюсарскімі кампаніямі, скончыўся 30 чэрвеня, але быў прадоўжаны на перыяд кансультацый — да поўначы 13 ліпеня па амерыканскім часе.

Сярод умоў новага кантракта прафсаюзы дамагаліся павышэння аплаты працы акцёраў сярэдняга звяна (кантракты з зоркамі заключаюцца на эксклюзіўных для кожнага выпадку ўмовах) і гарантый, што штучны інтэлект не заменіць і не абмяжуе функцыі артыстаў на здымачнай пляцоўцы.

Яшчэ да заканчэння тэрміну дамовы прадстаўнікі прафсаюза казалі, што новы кантракт, мяркуючы па ўсім, не будзе заключаны, бо працадаўцы не дэманструюць намераў абмеркаваць прапанаваныя ўмовы.

Па словах прэзідэнта Гільдыі актрысы Фрэн Дрэшэр, прадзюсарскія кампаніі адгарадзіліся ад акцёраў сцяной і не хочуць нічога чуць.

Аднак Альянс вытворцаў кіно і тэлебачання (AMPTP), які прадстаўляе інтарэсы студый і стрымінгавых платформаў, заяўляе, што прафсаюзам была зроблена шчодрая прапанова, і адказнасць за зрыў перамоў ляжыць на іх.

«Яны адхілілі нашу гістарычную па сваёй сутнасці прапанову па павышэнні ганарараў, пенсійных і страхавых адлічэнняў. [Мы прапанавалі] палепшаныя ўмовы кінапроб, скарачэнне перыядаў працы ў серыялах, наватарскія магчымасці ШІ, які можа абараніць лічбавыя выявы акцёраў, і многае іншае», — гаворыцца ў заяве AMPTP.

Хоць пытанне павышэння ганарараў тычыцца ў асноўным акцёраў другарадных роляў і масоўкі, многія зоркі Галівуда з салідарнасці з калегамі заклікалі прафсаюзы не згаджацца на нездавальняючыя ўмовы і заявілі пра гатоўнасць страйкаваць.

Сярод іх Мэрыл Стрып, Бэн Стылер, Джэніфер Лоўрэнс, Констанс Ву і іншыя.

Каментары

Хто той палітвязень з Іванава, які выплаціў $600 тысяч кампенсацыі за данаты і ўсё адно атрымаў вялікі тэрмін?12

Хто той палітвязень з Іванава, які выплаціў $600 тысяч кампенсацыі за данаты і ўсё адно атрымаў вялікі тэрмін?

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску смяротнасць ад каранавіруса заніжалі больш чым у 4 разы16

Эстонскі экстрэмал прайшоў па канаце з аднаго хмарачоса ў Дубаі ў другі на вышыні 45 паверха ВІДЭА1

Выйшаў дакументальны фільм пра Сяргея Ціханоўскага10

Жыхар Іванава сплаціў $600 тысяч кампенсацыі за данаты, але ўсё адно атрымаў 5,5 года зняволення7

Польшча не дала славацкай дэлегацыі дазвол на пралёт у Маскву. Тыя ляцелі ў абход1

Экс-прэм’ер Канады папрасіў Трампа апамятацца «як стары старога»1

Вікторыя Азаранка выбыла з Australian Open у першым крузе1

Сітуацыя з пажарамі ў Лос-Анджэлесе становіцца крытычнай. Яны не сціхаюць1

Мінчука, які адказваў за бяспеку пасажыраў у аэрапорце «Мінск», судзяць за палітыку

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той палітвязень з Іванава, які выплаціў $600 тысяч кампенсацыі за данаты і ўсё адно атрымаў вялікі тэрмін?12

Хто той палітвязень з Іванава, які выплаціў $600 тысяч кампенсацыі за данаты і ўсё адно атрымаў вялікі тэрмін?

Галоўнае
Усе навіны →