Грамадства1717

«Паступленне ў Расію з аднакласнікамі абмяркоўвалі толькі да вайны». Беларускія выпускнікі — пра будучыню, сістэму вышэйшай адукацыі і рэпрэсіі ва ўніверсітэтах

Зусім хутка пачнецца прыёмная кампанія ў беларускія ўніверсітэты. У сувязі з гэтым выданне CityDog.io пацікавілася, што думаюць абітурыенты пра паступленне, будучую кар'еру і ў цэлым пра беларускую сістэму вышэйшай адукацыі.

Фота: AP Photo / Sergei Grits

Мікіта, 17 гадоў, Мінск. «Я б хацеў працаваць на замежную кампанію, але заставацца ў Беларусі»

Мікіта сёлета скончыў адзін з мінскіх ліцэяў. Хлопец захапляецца музыкай і марыць стаць кампазітарам, каб пісаць саўндтрэкі да фільмаў і гульняў.

«Што тычыцца рэформы ЦТ, то, на мой погляд, нічога асабліва не змянілася, акрамя назваў. Але, магчыма, я проста не задаваўся пытаннямі пра тое, як было раней. Адно магу сказаць дакладна: сёлета экзамены проста неймаверна лёгкія ў параўнанні з мінулымі гадамі. Хоць гэта таксама трэнд, які назіраецца з самых першых гадоў існавання ЦТ.

Здаваў англійскую і «грамадства». Бо балы ў мяне высокія, вырашыў пайсці на факультэт міжнародных адносін БДУ. Пры гэтым, калі шчыра, не бачу сябе ў ролі нейкага беларускага дыпламата праз некалькі гадоў.

Я мог бы і не ісці на вышэйшую і пайсці з галавой у музыку, але іду ва ўнівер, толькі каб завесці новыя знаёмствы. Думаю, што на такім элітарным факультэце, як ФМА, знаёмствы будуць прыемнымі. Усё амаль як у ліцэі.

Акрамя таго, я яшчэ і прыдатны да службы ў войску, а туды не хочацца ад слова «зусім». Таму я дакладна пайду па «корачку».

Вызначыць узровень падрыхтоўкі ў беларускіх універах мне складана. Ды і наўрад ці я змагу аб'ектыўна гэта зрабіць, не павучыўшыся ні ў адным з іх. А размыта казаць «усё сумна» або «ўсё супер», не абапіраючыся на факты, не хочацца. Хоць, зразумела, калі параўноўваць з усім светам, то нашай вышэйшай адукацыі дакладна ёсць куды імкнуцца.

Пра рэпрэсіі ў беларускіх ВНУ я чуў і ведаю. Усё, што адбывалася апошнія гады пасля падзей 2020 года, — гэта, безумоўна, жудасна: адлічвалі, звальнялі і нават саджалі часцяком вельмі высокакваліфікаваных людзей. Думаю, усё гэта нанесла адукацыі Беларусі цяжкія страты. У доўгатэрміновай перспектыве падобнае прывядзе да вострага недахопу спецыялістаў у любых сферах грамадства.

Спадзяюся, у светлай Беларусі будучыні такое ніколі не паўторыцца, а дзяржава будзе зацікаўленая перш за ўсё ў развіцці самой сябе.

Наогул вельмі хацелася б паступіць у літоўскі ЕГУ, таму што туды едуць многія з ліцэя. Спыняе мяне зноў жа перспектыва пайсці ў войска: калі б я сапраўды паехаў туды вучыцца, то не змог бы вярнуцца ў Беларусь вельмі доўгі час. Мне не дадуць адтэрміноўку, і я адразу стану ўхілістам, а пераязджаць надоўга ў іншую краіну пакуль не гатовы.

Прыкладна палова людзей у маім класе збіраецца паступаць за мяжу. Пры гэтым, па маіх назіраннях, вельмі мала беларусаў імкнуцца з'ехаць у Расію, хоць вынікі нашых экзаменаў і пачалі там каціравацца. У мяне ўсяго адна знаёмая плануе вучыцца ў расійскім ВНУ. Яна гэта тлумачыць тым, што сама грамадзянка гэтай краіны, ды і да вайны яна ставіцца, на жаль, станоўча.

Думаю, я ўсё ж такі хацеў бы пераехаць у іншую краіну, проста не найбліжэйшым часам. Цяпер я не магу гэта зрабіць па сямейных прычынах, а часткова яшчэ і праз недахоп грошай. Усё гэта я планую выправіць праз пару гадоў — за гэты час давучуся ў беларускім універы. Калі будзе жаданне, магчыма, пайду вучыцца другі раз — ужо ў замежнай ВНУ.

Што тычыцца кар'ерных планаў, то я ў першую чаргу разглядаю фармат фрыланс. Гэта значыць, што я змагу працаваць на замежных заказчыкаў, якія плацяць у разы больш, чым кліенты з СНД. Пры гэтым я змагу заставацца жыць у Беларусі.

Так, цяпер ёсць праблемы з плацяжамі з-за мяжы: даводзіцца шукаць шчыліны або даволі дзіўныя схемы, каб грошы маглі дайсці. Напрыклад, адзін раз мне аплацілі заказ скінамі з CS:GO. Проста таму, што па-іншаму ніяк не атрымлівалася скінуць мне грошы.

Мне здаецца, у Беларусі можна пабудаваць добрую кар'еру. Праблема заключаецца ў тым, што калі любому беларусу дадуць магчымасць выбраць паміж замежжам і Беларуссю, то беларус у большасці выпадкаў абярэ першае. А гэта вельмі сумна і павінна быць выпраўлена».

Ліза, 17 гадоў, Мінск. «Мая сяброўка паступае ў Маскву, там ВНУ на парадак круцейшыя, чым у нас»

Лізавета захапляецца чытаннем, валейболам і фатаграфіяй. У будучыні дзяўчына хацела б арганізоўваць івэнты альбо працаваць PR-менеджаркай.

«Мне здаецца, адмена ЦТ была добрай ідэяй, таму што мы не здавалі ніякіх выпускных экзаменаў, акрамя ЦЭ. Ды і чалавек мог сам выбраць той прадмет, які захоча здаваць. Мне, напрыклад, як філолагу не трэба было здаваць матэматыку.

Акрамя таго, табліца пераводаў балаў ЦЭ ў дзесяцібальную сістэму добрая. Напрыклад, за 63 балы па фізіцы можна атрымаць 9. Або за 50 балаў па грамадазнаўстве выйдзе 8.

Я планую паступаць на журфак на спецыяльнасць «камунікацыя і сувязь з грамадскасцю». На мой погляд, гэта вельмі добры варыянт: мне падабаецца кантактаваць з людзьмі, падабаецца творчая сфера.

Нягледзячы на журфак, я б не хацела звязвацца з журналістыкай. Цяпер у нашай краіне гэта вельмі небяспечная рэч, так што я не хачу рызыкаваць сваім жыццём.

Што тычыцца прапагандыстаў, якія выкладаюць цяпер ва ўніверсітэце, магчыма, ім і ёсць, чаму навучыць студэнтаў, акрамя свайго погляду на Беларусь. Прынамсі, я стараюся ў гэта верыць.

Сярод маіх знаёмых ёсць як тыя, хто плануе паступаць у Беларусі, так і тыя, хто збіраецца з'язджаць за мяжу. Мне здаецца, прыкладна 65% маіх прыяцеляў хочуць вучыцца ў замежных ВНУ, астатнія 35% — у Беларусі.

У мяне ёсць сяброўка, якая вельмі добра ведае фізіку і матэматыку і ўжо паступіла ў адну прэстыжную расійскую ВНУ. Універы ў Расіі мацнейшыя за нашы ў плане адукацыі. З плюсоў яшчэ тое, што вучоба будзе ісці на роднай мове, ды і можна хутка даехаць з Масквы ў Мінск.

Адказваць на пытанні, звязаныя з вайной ва Украіне і рэпрэсіямі ў беларускіх ВНУ, я не вельмі хачу. Неяк так склалася, што гэта небяспечная тэма для размоў. Лішні раз закранаць гэта я не хачу.

Думаю, у Беларусі ёсць будучыня. Я вельмі люблю Мінск і бачу, як шмат маладых людзей адкрываюць свае праекты і бізнэсы, напрыклад «НЯпростая вечарынка», «НЯпросты бар» ад Сашы Цямчыты. Або арт-прастора «Вершы».

Думаю, што ў нас можна адкрыць удалы стартап, добра зарабляць і жыць шчасліва ў нашым прыгожым Мінску. Хоць мне хочацца паспрабаваць пажыць у розных краінах і вырашыць, дзе я хачу застацца. Усюды ёсць свае плюсы і мінусы.

У нашай краіне мне не падабаецца тое, што прыкладна месяцаў сем у нас холадна, слотна і шэра, а гэта вельмі моцна ўплывае на мой настрой. Таму я не ўпэўненая, што буду заставацца тут да канца жыцця. Пры гэтым мне вельмі падабаецца сам Мінск, Архітэктура, розныя ўстановы, так што хачу мець магчымасць вяртацца сюды».

Таня, 17 гадоў, Мінск. «Пакуль не выбрала, куды паступаць, і казаць пра будучыню мне складана»

Таня сёлета скончыла адну з мінскіх школ. Дзяўчыне складана расказваць пра сябе, ды і з нагоды будучыні ў яе ёсць вялікія сумневы. Расказвае, што плануе паступаць на эканамістку, таму што так хоча яе мама. Праўда, пакуль абітурыентка зусім не вызначылася з месцам вучобы. Ведае толькі, што будзе заставацца ў Беларусі.

«Я б хацела вучыцца ў замежнай ВНУ, але пакуль што нават не разглядаю такі варыянт. Гэта ўсё вельмі складана: пераклады экзаменаў, паступленне, адаптацыя да новага месца, ды і фінансава гэта вельмі затратна. Якраз таму пакуль я нават не думаю пра гэта.

Практычна ўсе школьныя знаёмыя таксама плануюць паступаць ва ўніверы Беларусі. Тых, хто па-сапраўднаму выбірае з'ехаць за мяжу, вельмі мала. Думаю, прычыны адмовы ад замежнай адукацыі такія ж, як і ў мяне.

Вядома, рэпрэсіі ў беларускіх ВНУ вельмі моцна адбіваюць жаданне працягваць вучобу тут. Праблема ў тым, што ніякай іншай магчымасці атрымаць вышэйшую адукацыю ў нас няма: межы закрытыя, а адкрыць «шэнген» вельмі складана.

Дзве мае аднакласніцы збіраліся падаваць дакументы ў польскія і чэшскія ўніверы. Аднак Чэхія, наколькі я ведаю, наогул перастала выдаваць візы беларусам. У Польшчы таксама вельмі праблематычна і дорага з візамі. У выніку яны абедзве паступаюць у Мінск.

Я чула, што цяпер з вынікамі беларускіх экзаменаў мы можам паступаць у расійскія ВНУ, але асабіста не ведаю нікога, хто б скарыстаўся гэтай магчымасцю. Да пачатку вайны ва Украіне мы з аднакласнікамі абмяркоўвалі паступленне ў Расію, але цяпер ніхто нават не падымае гэтую тэму.

Пра кар'еру мне цяпер складана казаць. Я нават не магу ўявіць, што са мной будзе праз пяць гадоў. Пры гэтым думаю, што ў Беларусі будучыня ёсць, проста ў многіх сферах цяпер усё вельмі дрэнна».

Каментары17

  • Kotya
    12.07.2023
    Ліза гэта як адлюстраванне большасці беларусаў… пра вайну адказваць не буду, у нас ўсё добра і арт прасторы ёсць і бары. Праз пару гадоў будзе гаварыць што ўсё даў асабіста лукашэнка) 
  • Литва близко
    12.07.2023
    EHU в Вильнюсе, VMU в Каунасе, LCC в Клайпеде –– выбирайте, гости дорогие.
  • Николай
    12.07.2023
    У меня и сын, и дочь в России учатся. Всё хорошо, довольны.

Дзяніс Мельянцоў і яго рэалпалітык: ён сапраўды памяняў погляды ці проста раней маскіраваўся?47

Грамадстваабмяркоўвайце!47

Дзяніс Мельянцоў і яго рэалпалітык: ён сапраўды памяняў погляды ці проста раней маскіраваўся?

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяўчыну, якая вучылася ў Варшаўскім універсітэце і доўгі час жыла ў Польшчы, арыштавалі за дапамогу палітвязням4

Ва Украіне зафіксавалі моцнае забруджанне ракі, якая цячэ з Расіі1

Пасля страты самалёта F-16 Зяленскі звольніў камандуючага Паветранымі сіламі4

Са дна Сожа ў Гомелі паднялі вялікі рагаты чэрап. Кажуць, што гэта старажытны бізон2

У Кобрынскім раёне на рабочага абрынуліся бетонныя пліты

Польшча збіраецца пастрожыць умовы выдачы дазволаў на працу іншаземцаў1

Рускамірнага актывіста Арцёма Агафонава выпусцілі на волю

Навукоўцы з Акадэміі навук заклікалі беларусаў ісці проста да іх, калі недзе вывудзяць адну рыбіну6

У Варшаве прадаюць мікракватэру з агульнай плошчай 10 «квадратаў». Кошт уражвае7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзяніс Мельянцоў і яго рэалпалітык: ён сапраўды памяняў погляды ці проста раней маскіраваўся?47

Грамадстваабмяркоўвайце!47

Дзяніс Мельянцоў і яго рэалпалітык: ён сапраўды памяняў погляды ці проста раней маскіраваўся?

Галоўнае
Усе навіны →