Спорт

Футбаліст з чэмпіянату Беларусі пераходзіць у каманду нумар два ў Францыі. Як такое магчыма?

Здаецца, галоўны трансфер лета-2023 у Беларусі пракруціць каманда з апошняга месца: «Энергетык-БДУ», які пазбаўлены ачкоў за дамоўныя матчы, вядзе перамовы з французскім «Лансам» наконт свайго абаронцы Абдукадзіра Хусанава, а ён сам ужо ўпэўнены ў пераходзе. 

Беларускі клуб жа выклаў у сацыяльныя сеткі фота гульца з французскім сцягам і тэкстам «Here we go?» — без пытальніка так піша галоўны інсайдар сусветнага футбола Фабрыцыа Рамана, калі яго звесткі пра трансферы афіцыйна пацвярджаюцца, як піша «Трыбуна».

Нямецкі партал Transfermarkt ацэньвае Хусанава ў 400 тысяч еўра, але, паводле некаторай інфармацыі, «студэнты» гатовыя адпусціць гульца бясплатна дзеля ўнікальнай магчымасці. Бо ўзбек здольны стаць першым гульцом у гісторыі ЧБ, які наўпрост пераходзіць да дзейных медалістаў з топ-5 ліг Еўропы! 

Чым вызначыўся Хусанаў?

Футбаліст нарадзіўся 29 лютага 2004 года ў Ташкенце. Яго бацька Хікмат Хашымаў выступаў у розных клубах Узбекістана і нават правёў 12 матчаў у складзе зборнай, а цяпер працуе ў штабе мясцовага «Бунедкора». Абдукадзір атрымаў прозвішча дзеда з-за таго, што ў сям'і не хацелі лішняй увагі да яго кар'еры і размоў пра кумаўство. Хусанаў пачынаў у акадэміі «Бунедкора», які быў тады адным з галоўных клубаў краіны — у канцы 2000-х два гады там выступаў бразілец Рывалда, а яго галоўным трэнерам быў Луіш Феліпэ Скалары.

З часам Хусанаў стаў выклікацца ў юнацкія зборныя Узбекістана, а ў студзені 2020-га ў якасці гульца U-16 прыязджаў у Мінск на штогадовы турнір «Кубак развіцця», дзе яго зборнай супрацьстаялі каманды з гульцамі на год старэйшымі. Хусанаў і кампанія прайгралі ўсе тры матчы групавога раўнда, у тым ліку разгромна зборнай Беларусі (1:4), а ў матчы за 7-8 месца саступілі зборнай Ісландыі (1:2) і занялі апошні радок.

Хусанаў так і не правёў ніводнага матча за першую каманду «Бунедкор», але перад стартам сезона-2022 пераехаў у «Энергетык-БДУ», дзе да таго моманту ўжо не першы год уважліва вывучалі ўзбекістанскіх талентаў. У сістэме Анатоля Юрэвіча Абдукадзір адразу стаў гульцом стартавага складу — у 27 матчах ЧБ-2022 выходзіў у аснове, а яшчэ тры гульні прапусціў праз дыскваліфікацыі.

Свой першы сезон на дарослым узроўні Хусанаў скончыў у лідарах ЧБ па адборах (5,92) і падборах у сярэднім за матч. Таксама легіянер добры ў адзінаборствах (70% выйграных) і верхавых адзінаборствах (63% выйграных), валодае добрай стартавай хуткасцю. Фішка — выхады з лініі абароны на нападаючых, якія адыходзяць бліжэй да сваіх варот. Калі трэба, дзякуючы добрай хуткасці абаронца аператыўна вяртаецца. Таксама футбаліст добра адчувае сябе пад ціскам, што важна для хуткай адаптацыі ў топ-лізе.

У «Энергетыку-БДУ» з яго футболам у атаку Хусанаў палепшыў доўгі пас. А яшчэ ў яго магутны ўдар, таму ў клубе ён рэгулярна біў штрафныя. Напрыклад, у леташнім матчы супраць «Нёмана» (4:1) забіў са стандарту сам.

І што, хіба ў Францыі сочаць за ЧБ?

Вядома, наўрад ці Хусанаў звярнуў на сябе ўвагу віцэ-чэмпіёнаў Францыі беларускімі поспехамі. Апошні трансфер з чэмпіянату Беларусі ў топ-лігу датаваны летам 2016-га, калі Сяргей Чэрнік пераходзіў з БАТЭ ў «Нансі». Але тады прычынай пільнай увагі да персоны галкіпера стала, у першую чаргу, яго гульня на групавым этапе ЛЧ-2015/16, калі барысаўчане ледзь не выйшлі з групы з «Барселонай», «Ромай» і «Баерам».

Хусанаў таксама паказаў сябе на міжнароднай арэне — у складзе зборнай Узбекістана U-20, дзе быў незаменным гульцом асновы. У сакавіку 2023-га каманда стала чэмпіёнам хатняга маладзёжнага Кубка Азіі, за шэсць матчаў турніру прапусціўшы толькі адзін мяч, у чым была немалая заслуга гульца «Энергетыка-БДУ».

Дзякуючы гэтаму поспеху зборная кваліфікавалася на маладзёжны ЧС-2023, які прайшоў у маі ў Аргенціне. У матчы адкрыцця супраць гаспадароў турніру пры 37 тысячах гледачоў узбекістанцы саступілі 1:2. Далей былі нічыя з Новай Зеландыяй (2:2) і перамога над Гватэмалай (2:0), дзякуючы якой каманда выйшла ў плэй-оф. Праўда, у 1/8 фіналу Узбекістан скончыў шлях, уступіўшы будучаму бронзаваму прызёру — зборнай Ізраіля (0:1). Хусанаў і на гэтым турніры ўсе матчы згуляў цалкам, прапусціўшы частку ЧБ.

А неўзабаве Хусанаў дэбютаваў і ў першай зборнай Узбекістана: яе галоўны трэнер славенец Срэчка Катанец выклікаў абаронцу «студэнтаў» на Лігу Нацый Азіі. У першым матчы групавога этапу супраць Амана (3:0) Хусанаў з'явіўся толькі на заключныя 10 хвілін, а вось ужо супраць Туркменістана (2:0) і Таджыкістана (5:1) былі поўныя матчы. Дзякуючы гэтым тром перамогам узбекістанцы прабіліся ў фінал турніру, дзе гулялі з Іранам. Тут Хусанаў на поле не выйшаў, а Узбекістан прайграў 0:1.

Таксама абаронца два гады запар згадваецца ў спісах самых перспектыўных гульцоў сваёй узроставай катэгорыі па ацэнцы міжнароднага цэнтра спартыўных даследаванняў CIES Football Observatory. Летам 2022-га ён заняў 44-е месца ў рэйтынгу сярод футбалістаў 2004 года нараджэння і маладзейшых, а ў красавіку 2023-га стаў 15-м сярод цэнтральных абаронцаў свайго года.

Як «Ланс» дабраўся да групы ЛЧ?

Залатыя часы «Ланса» прыйшліся на канец 1990-х — пачатак 2000-х. У сезоне-1997/98 каманда заваявала сваё першае і пакуль адзінае чэмпіёнства і стала ўладальнікам Кубка Францыі, пасля чаго гуляла ў ЛЧ, але ўпусціла выхад з групы ў вырашальным матчы супраць кіеўскага «Дынама» з Аляксандрам Хацкевічам і Валянцінам Бялькевічам.

У сезоне-1998/99 «Ланс» узяў Кубак французскай лігі, у наступным дайшоў да паўфіналу Кубка УЕФА, а ў сезоне-2001/02 узяў срэбра чэмпіянату Францыі. Але на гэтым поспехі скончыліся — і за камандай на доўгія гады замацаваўся статус «ліфта» паміж Лігай 1 і Лігай 2.

У лютым 2020-га на пасаду галоўнага трэнера прыйшоў Франк Эс, які да гэтага працаваў з аматарамі і юнакамі. З ім каманда адразу ж выйшла ў элітны дывізіён і ў наступныя два сезоны там займала сёмы радок, спыняючыся за крок ад еўракубкаў, а ў сезоне-2022/23 сенсацыйна ўзяла сярэбраныя медалі, усяго на адзін бал адстаўшы ад «ПСЖ».

Эс робіць стаўку на надзейнасць у абароне: «Ланс» у мінулым сезоне прапусціў усяго 29 мячоў у 38 сустрэчах — менш за ўсіх у лізе. «Крывава-залатыя» вельмі добрыя ў хуткіх контратаках, але пракачалі і пазіцыйную і цяпер добра ўзломваюць каманды-«аўтобусы». Таксама моцна дапамаглі індывідуальныя дзеянні асобных гульцоў атакі. А эксперты адзначаюць выдатную атмасферу ў камандзе Эса і лічуць яе адным з галоўных фактараў поспеху. Пры дзясятым бюджэце лігі «Ланс» набраў 84 ачкі — толькі аднойчы ў XXI стагоддзі ў віцэ-чэмпіёна Францыі было так шмат.

А ці будзе Хусанаў гуляць у такой крутой камандзе?

Вядома, паміж узроўнямі чэмпіянатаў Беларусі і Францыі — прорва, і хутка адаптавацца Хусанаву будзе складана. Але ёсць і фактары, якія гавораць на карысць гэтага трансферу.

Першы фактар заключаецца ў тым, што «Ланс» гуляе ў футбол, які блізкі абаронцу. Эс выкарыстоўвае схему з трыма цэнтральнымі абаронцамі, да якой Хусанаў прывык і ў «Энергетыку-БДУ», і ў зборных. У французскім клубе крайнія цэнтральныя абаронцы актыўна ідуць наперад, спатрэбіцца і ўменне Абдукадзіра пачынаць хуткія атакі праз доўгія перадачы.

Другі — шчыльны графік. «Лансу» трэба гуляць і ў чэмпіянаце, і ў двух кубках, і ў ЛЧ — які-ніякі гульнявы час Хусанаву павінен дастацца.

Трэцяе — магчымыя страты «Ланса». Да футбалістаў каманды, якая стрэліла ў сезоне, ёсць вялікая цікавасць. Ужо ёсць попыт на 24-гадовага аргенцінскага цэнтрдэфа Факунду Медыну, якога Transfermarkt ацэньвае ў 22 мільёны еўра. Яго калега па амплуа 24-гадовы аўстрыец Кевін Данса два гады таму прыйшоў з нямецкага «Аўгсбурга» за 5,5 мільёна еўра, а цяпер каштуе таксама 22 мільёны. Пры гэтым у распараджэнні ў Эса ўсяго тры намінальныя цэнтральныя абаронцы.

Карацей, шанцы ў Хусанава ёсць. І калі ў яго атрымаецца, гэта будзе прыгожая гісторыя, якіх беларускі футбол не меў ужо вельмі даўно.

Каментары

Акцёр-купалавец Дзмітрый Есяневіч, які сутыкнуўся з рэпрэсіямі, змог выехаць з Беларусі

Акцёр-купалавец Дзмітрый Есяневіч, які сутыкнуўся з рэпрэсіямі, змог выехаць з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

З наступнага панядзелка мінскае метро пераходзіць на зімовы графік працы. Што гэта азначае?1

Вользе Брыцікавай з «Нафтана» прыдумалі яшчэ тры крымінальныя справы2

Як доктара Мартава ўдалося выратаваць з Расіі

Сусед паставіў у калідоры відэаназіранне. Гэта законна?2

Еўрасаюз запусціць новую сістэму ўезду і выезду з 10 лістапада. Яна закране і беларусаў1

Былы палітвязень пра Чудзянцова: Ведаю людзей, якія ад яго пацярпелі за кратамі3

У Мінску створаць адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу. У яе ўвойдуць больш за 20 арганізацый1

Колькасць легкавых аўтамабіляў на беларуска-літоўскай мяжы рэкордна ўпала1

Да $1900: паглядзелі, якія кватэры прапануюць у арэнду студэнтам у Мінску напярэдадні навучальнага года4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Акцёр-купалавец Дзмітрый Есяневіч, які сутыкнуўся з рэпрэсіямі, змог выехаць з Беларусі

Акцёр-купалавец Дзмітрый Есяневіч, які сутыкнуўся з рэпрэсіямі, змог выехаць з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →