Дэмакратычная лідарка Беларусі падвергла рэзкай крытыцы міжнародныя арганізацыі ў справе дапамогі палітвязням, заявіўшы, што яны «імпатэнтныя» ў гэтым пытанні. Гэта прагучала падчас фестывалю «Яднайся» ў Варшаве, як піша «Позірк».
«Чырвоны крыж — колькі разоў мы сустракаліся: «Ідзіце і патрабуйце доступу да палітвязняў. У нас гуманітарны спіс ёсць», — заявіла Святлана Ціханоўская.
Паводле яе слоў, у арганізацыі адказвалі, што ў іх «няма доступу, яны не могуць».
Ціханоўская звярнула ўвагу на дыпламатычныя кантакты Швейцарыі і ЕС з афіцыйным Мінскам, але «яны нічога не могуць зрабіць», паколькі ўлада «не паважае ніякіх міжнародных абавязацельстваў».
«Ну вось што ты тут зробіш? — адзначыла палітык. — Рэжым не ідзе насустрач такім заклікам: «Адпусціце людзей, у якіх рак, у якіх дыябет…» Не, яны атрымліваюць асалоду ад таго, што яны маюць уладу».
Адзінай дзейснай стратэгіяй экс-кандыдатка ў прэзідэнты назвала працяг ціску на афіцыйны Мінск і заклікала дапамагаць палітвязням, прызнаўшы недастатковасць інстытуцыйнай падтрымкі.
Паводле ПЦ «Вясна», на 14 чэрвеня ў Беларусі 1492 палітвязні.
Каментары