Меркаванні11

«Неяк апошнім часам, выбіраючы кнігі, думаеш: а што яна табе дасць?» Андрэй Скурко аб прачытаным і адрэфлексаваным

«Быў некалі рэпартаж з калоніі, дзе сядзіць Андрэй. Мяне ўразілі два фоты: спальныя месцы (якія не пакідаюць ніякай прыватнасці) — і бібліятэка. Партрэты класікаў, нашых блізкіх і дарагіх. Па карэньчыках на паліцах пазнаюцца вядомыя кніжныя серыі», — піша ў фэйсбуку жонка палітвязня Андрэя Скурко Паўліна. І цытуе тое, што піша пра кнігі і кніжніцтва з калоніі яе муж.

Цікавыя кніжныя навіны. Добра, што Стывена Кінга будуць перакладаць (галоўнае, каб перакладчыкаў і рэдактараў выбіралі па здольнасцях).

Парадаваўся вельмі, што выходзіць казка пра Казіка з Каменнай горкі. Напэўна гэта будзе нешта класнае — талент аўтара [Кудрыцкага] сумневаў не пакідае. У цэлым радуе з’яўленне кожнай кніжкі.

…Узяў «Інферна» Дэна Браўна — думаў, што гэта больш павярхоўная літаратура, а там столькі гістарычных адсылак, што калі быць у Фларэнцыі, нічога дадатковага, турыстычнага, бадай, і не трэба вывучаць.

Супаставілася: гады жыцця Дантэ Аліг’еры — 1265-1314. Ад смерці Міндоўга да Гедыміна. Усведамляецца тагачасны культурны разрыў:) Але што казаць — італьянскія рэспублікі стаялі на плячах Рыму тысячагадовага.

Узяў яшчэ біяграфію Рышэльё і даследаванне пра Чынгісхана (хацеў узяць апавяданні Брэдберы, але пераадолеў сябе:)

…Чытаў Талстога. Заўважыў, што яго проза паглыбляе ў сябе настолькі, што «перабівае» нават музыку па радыё. Яшчэ, ведаеш,

заўважаецца, наколькі падобныя да талстоўскіх «мятушчыхся» герояў — афіцэраў, арыстакратаў, якія спрабуюць вырвацца з пошласці побыту і шукаюць іншага жыцця, — героі Гарэцкага. Адно што ў выпадку Гарэцкага гэта сялянскія дзеці, народныя настаўнікі. Але памкненні ў іх тыя самыя.

«Хаджы-Мурат» прыўкрасны — я раней мала яго цаніў. Адзін вобраз Мікалая Паўлавіча Палкіна чаго варты. І агулам усё там ёсць — і эпоха, і герой, і вечнае.

…Што да фэнтэзі, то я найбольш цаню Ніла Геймана, «Гульню тронаў» і «Хронікі Нарніі» («Гары Потэр» у кніжным выглядзе не трапляўся — мо тут асвою).

…Чытаю «Атлант расправіў плечы» Айн Рэнд. Гэта надзвычай папулярны ў ЗША раман. Там у станоўчым (нават гераічным) святле паказваюцца буйныя капіталісты — прамыслоўцы і ў адмоўным — аматары «роўнасці», за якой бачыцца трыумф пасрэднасці. Напісана вельмі добра і інтрыгоўна. Свет рамана трошкі з дамешкам фантастыкі — гэта не цалкам рэальная Амерыка.

Кніжка змусіла ўспомніць розныя звягі з пэнаўцамі, камісіямі па этыцы і асобнымі літаратарамі і філосафамі. Шкада, што не прачытаў гэту кніжку гадоў 20 назад, каб правільна (і без лішніх эмоцый) на ўсё рэагаваць. Колькі ўсяго было і мінула, стаўшы неістотным. Ну і добра:)

…Чытаў пра Тараса Шаўчэнку: мілая гісторыя, як у 6-гадовым веку Тарас пайшоў глядзець, дзе край свету. Ішоў-ішоў цэлы дзень, прайшоў дзве вёскі, тут яго спаткалі чумакі, пасадзілі на воз і прывезлі дамоў. А там яго ўжо шукаюць! Яго пасадзілі вячэраць, але ён так ухадзіўся, што з’еў толькі адну галушку і заснуў проста за сталом. Так што ў гэтых малышоў бываюць розныя ідэі:)

Яшчэ ён малы любіў есці зямлю (я ўспомніў адразу гісторыю з Тамашом на пляжы:)

… Узяў Рэмарка — пад уплывам нейкага хвіліннага настрою — але цяпер ужо не пэўны, што варта яго зараз чытаць.

Неяк апошнім часам, выбіраючы кнігі, думаеш: а што яна табе дасць? Не толькі ў плане ведаў, але і ў плане настрою, эмацыйнага фону.

Узяў таксама зборнік крыніц па ранняй гісторыі славянаў (тут і такое можна знайсці). Прачытаў нарэшце «Сагу пра Тыдрыка Бернскага» — тую самую, дзе апісваецца, як гуны на чале з Атылам штурмуюць Полацк. Увогуле, «Вядзьмак» там і побач не стаяў. Гістарычныя асобы, між якімі 500-700 гадоў, спакойна ўзаемадзейнічаюць, жэняцца, ваююць: Атыла, гоцкі кароль Тэадорых (гэта ён — Тыдрык Бернскі), «конунг русаў Вальдэмар».

А вось з апошнім цікава, бо яго правобразам можа быць полацкі князь Уладзімір — той, што пусціў нямецкіх місіянераў на землі сваіх даннікаў ліваў, а пасля памёр загадкавай смерцю напярэдадні паходу на Рыгу. У «Сазе» згадваюцца, апроч Полацка, Смаленск і нават Герсіке — невялікая полацкая крэпасць ніжэй па Дзвіне (цяпер гэта Латвія).

Чытаў некалі (канечне ж, не памятаю, дзе) версію, адкуль гэта ўсё бралася. Сага была запісаная ў XIII стагоддзі ў Германіі ў асяродку нямецкіх купцоў, якія плавалі гандляваць па Дзвіне — і ўносілі ў свае старажытныя легенды геаграфічныя рэаліі тых далёкіх экзатычных краін, як Полацкае княства.

Хоць Міхась Міхайлавіч [Чарняўскі] і казаў некалі, што знаходзіў наканечнікі гунскіх стрэлаў у Мядзельскіх азёрах, каля Гатавіч. Ён дапускаў, што стэпавікі хадзілі ў IV—V стагоддзях н. э. аж туды з выпадковымі невялікімі рэйдамі.

Ну і на завяршэнне: у «Сазе» мо ўпершыню фіксуецца сюжэт «Папялушкі» — там таксама мераюць жаночы абутак у адным з эпізодаў і гэта канчаецца вяселлем.

Каментары1

  • Свабоду Беларускім Палітвязням
    13.06.2023
    Годны, разумеы Чалавек. Трымайся. Трымайцеся і вы, яго блізкія. ...Калі такія людзі ў палоне , то хто тады на волі?...

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне64

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне

Усе навіны →
Усе навіны

Сіноптыкі расказалі пра невялікае пацяпленне і прыход бабінага лета2

Мінімум чатыры шахеды заляцелі ў Беларусь за ноч і раніцу4

Бондарава выклікала на дзяцей міліцыю, але там не зразумелі, што не так6

У наступным годзе змяняць умовы працы маршрутак

Ці можа час ісці ў адваротным кірунку? Упершыню ў гісторыі даказана, што так5

У Беларусі з 1 студзеня вырасце падатак на першую кватэру2

7 млн літраў піва і 98 тысяч спробаў скрасці куфаль — Актоберфест падвёў вынікі5

Складзены спіс кіраўнікоў краін з самымі высокімі заробкамі. Хто на першым месцы?1

Папулярны брытанскі відэаблогер наведаў Беларусь і расказаў, што яго здзівіла11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне64

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне

Галоўнае
Усе навіны →