У Офісе Ціханоўскай змяніўся кіраўнік аддзела па знешніх сувязях
Пасля 2,5 года працы з гэтай пасады сышла Аліна Герашчанка. Пра гэта яна паведаміла ў фэйсбуку. Новым кіраўніком аддзела па знешніх сувязях Офіса Святланы Ціханоўскай стане Даніла Гаркавы.
«Што ж, пачынаю новы этап жыцця. Перадала пост главы аддзела па знешніх сувязях Офіса Святланы Ціханоўскай цудоўнаму Данілу Гаркаваму.
За 2,5 года працы ў Офісе я атрымала добры досвед, у мяне з‘явілася шмат знаёмстваў і новых ведаў. Навучылася працаваць абсалютна з рознымі людзьмі, вырашаць канфлікты на розных узроўнях. Вырасціла выдатную і прафесійную каманду, якой буду заўсёды ганарыцца. Было сумна сыходзіць, але ўпэўненая, што Даня справіцца, а я змагу зрабіць больш у іншай сферы», — напісала Аліна.
Яна дадала, што застаецца кіраўніцай праекта «Годна» і будзе працаваць на тое, каб справа Паўла Белавуса жыла і пашыралася. У планах — «запуск новых праектаў, пашырэнне каманды і, сумесны з ёй, прафесійны рост».
Каментары