«Прычына продажу — узрост уласнікаў». Самыя дарагія бізнэсы, якія прадаюць у Беларусі
Паглядзелі, які бізнэс прапануюць набыць за 2 мільёны даляраў і больш.
Конны клуб у Ратамцы
Самы дарагі з выстаўленых на продаж бізнэсаў у Беларусі — гэта конны клуб Believe у Ратамцы. Просяць за яго 3,8 мільёна даляраў. Прадавец адзначае, што комплекс з'яўляецца адзіным у сваім родзе на ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Комплекс аб'ядноўвае ў сабе адразу некалькі напрамкаў, гасцінічна-рэстаранны бізнэс, офісныя памяшканні, канферэнц-залы і конны клуб.
«За непрацяглы перыяд функцыянавання комплексу сфармавана выдатная рэпутацыя і вялікая кліенцкая база. Наладжана доўгачасовае супрацоўніцтва з шэрагам пастаянных арандатараў. Ёсць падрабязная прэзентацыя. Кошт і дэталі продажу абмяркоўваюцца», — гаворыцца ў апісанні.
Выглядае, што прадавец разлічвае не толькі на пакупнікоў з Беларусі, бо адзначае, што пры неабходнасці для патэнцыйнага пакупніка можа быць арганізавана сустрэча і трансфер з аэрапорта.
Завод у Мінску
Па цане каля 2,5 мільёна даляраў прадаюць завод па вытворчасці манометраў і тэрмометраў. Завод быў заснаваны яшчэ ў 1993 годзе. Знаходзіцца прадпрыемства ў сталіцы.
Асноўны напрамак дзейнасці: вытворчасць прыбораў для вымярэння ціску і тэмпературы. У апісанні пазначана, што каля 15% прадукцыі прадаецца на ўнутраным рынку, а 85% ідзе на экспарт. Асноўныя краіны экспарту: Расія, Узбекістан і Казахстан. Бягучая загрузка вытворчасці складае больш за 80%. На заводзе працуе 115 чалавек.
У апісанні бізнэсу пазначана, што чысты месячны прыбытак складае 70 тысяч даляраў. То-бок, калі завод працягне працаваць на тым жа ўзроўні, то ўкладанні ў 2,5 мільёна мусяць адбіцца праз тры гады.
Прычынай продажу бізнэсу з 30-гадовай гісторыяй называюць узрост уласнікаў.
Аўтамыйка, СТА і не толькі на МКАД
Яшчэ адзін выстаўлены на продаж бізнэс за 2,5 мільёна даляраў — комплекс будынкаў на вонкавым баку МКАД па вул. Мантажнікаў. Абʼект 2017 года пабудовы называюць найбуйнейшым аўтамыйным комплексам Мінска.
Апроч мыйкі тут месціцца СТА і адміністрацыйна-бытавы комплекс. Агульная плошча пабудоў — 917 м².
Агракомлекс у Кобрыне
Крыху танней за 2,3 мільёна даляраў у Кобрыне прадаецца прадаецца агракомплекс з мікракланальнай лабараторыяй. У кошт прадпрыемства ўключаны складскія рэшткі на $1,5 млн.
Прадавец пазначае, што калі арыентавацца на вынікі 2022 года, то ўкладзеныя інвестыцыі мусяць акупіцца праз два гады працы.
Прадпрыемства было заснавана ў 2017 годзе, яно займаецца вытворчасцю саджанцаў ягадных культур і дэкаратыўных раслін метадам мікракланальнага размнажэння на базе ўласнай лабараторыі. Апроч гэтага, прадпрыемства мае гадавальнік з цяплічным комплексам і пляцоўкай для дагадоўвання.
«Пры продажы прадугледжаны адаптацыйны перыяд для новага ўласніка, з абавязковай перадачай тэхналогіі, кантрактаў і маркетынгавага плана развіцця», — пазначана ў апісанні.
Медцэнтр у Драздах
За 2 мільёны 190 тысяч даляраў прадаецца медыцынскі цэнтр пластычнай хірургіі і касметалогіі. Агульная плошча трохпавярховага будынку — 1638 м². Палова плошчаў здаецца ў арэнду пад бізнэс профільных напрамкаў.
У будынку ёсць канферэнц-зала на 70 чалавек з магчымасцю рабіць відэатрансляцыі з аперацыйных.
Разам з будынкам, абсталяваннем і дамовамі арэнды, новаму ўласніку перадаецца: патэнт, брэнд, 5 бестэрміновых ліцэнзій, сертыфікат на цырульныя і бытавыя паслугі для салонаў прыгажосці.
Мыйка і СТА для грузавікоў у Гатаве
Яшчэ адзін бізнэс, які ацэнены ў суму звыш 2 мільёны даляраў, звязаны з аўтамабільным бізнэсам. За 2 мільёны 139 тысяч даляраў прадаюць СТА для грузавых аўто з мыйкай. Усё гэта месціцца ў Гатаве.
Прадавец апісвае аб'ект, як гатовы бізнэс, які складаецца з мыйкі грузавога і легкавога транспарту, офісных памяшканняў, абсталяваны комплексам для рамонту грузавікоў і паўпрычэпаў. Комплекс 2020 года пабудовы.
«Усё стабільна дрэнна». Агенцтва Moody's зноў панізіла крэдытныя рэйтынгі Беларусі
Янчэўскі стварае ў Эміратах фінансавую пракладку для рэзідэнтаў ПВТ
Каментары