Прэзідэнтам Латвіі абралі Эдгара Рынкевіча. Ён не раз сустракаўся з Ціханоўскай
31 мая дэпутаты Сейма Латвіі абралі прэзідэнтам Латвіі шматгадовага міністра замежных спраў Эдгара Рынкевіча.
Яго вылучыла прэм'ерская партыя «Новае адзінства».
«За» прагаласавалі 52 дэпутаты, супраць — 35. Рынкевіч быў абраны ў тым ліку дзякуючы галасам апазіцыі — прадстаўнікам Саюза зялёных і сялян і «прагрэсіўных». За Піленса прагаласавалі 25 дэпутатаў, супраць — 62, піша Delfi.
Прэзідэнта ў Латвіі на чатыры гады выбірае парламент.
Апроч Рынкевіча, былі таксама вылучаныя кандыдатуры Улдзіса Піленса і Эліны Пінта. Каб выйграць выбары, трэба было набраць 51 голас. Пасля другога тура выбыла Эліна Пінта, і ў трэцім туры засталіся Піленс і Рынкевіч.
Падтрымаць Рынкевіча прыйшоў у парламент прэм'ер краіны Крыш'яніс Карыньш.
У сваёй прамове ў Сейме Рынкевіч сказаў, што сёння тым маленькім хлопчыкам і дзяўчынкам, якія толькі мараць заваяваць медалі на чэмпіянаце свету або стаць прэзідэнтам, здаецца, што гэта, напэўна, малаажыццяўляльна. Але насамрэч — усё магчыма.
Прэм'ер-міністр Крыш'яніс Карыньш заявіў, што Латвія атрымала выдатнага, моцнага і дзяржаўна настроенага прэзідэнта.
«Віншую з абраннем на пасаду прэзідэнта! Дзякуй за ўклад у замежную палітыку і бяспеку дзяржавы! Працягнем працаваць, каб Латвія стала мацнейшай!», — адзначыў палітык.
Latvija šodien ir ieguvusi izcilu, spēcīgu un valstiski domājošu valsts vadītāju! Apsveicu @edgarsrinkevics ar ievēlēšanu Valsts prezidenta amatā! Paldies par līdzšinējo devumu valsts ārpolitikā un drošībā! Turpināsim darbu stiprākai Latvijai! pic.twitter.com/J4ORyg3Ag2
***
Эдгар Рынкевіч нарадзіўся ў Юрмале ў 1973 годзе. У 1995 годзе абараніў ступень бакалаўра на гісторыка-філасофскім факультэце Латвійскага ўніверсітэта. У тым жа годзе атрымаў сертыфікат у галіне паліталогіі і міжнародных адносін Універсітэта Гронінгена (Нідэрланды). У 2000 годзе абараніў ступень магістра ва Універсітэце нацыянальнай абароны ЗША. Акрамя роднай латышскай, выдатна валодае англійскай і рускай мовамі, добра — французскай.
Пачынаў кар'еру журналістам Латвійскага радыё, ужо тады, у 1993-1994 гады, спецыялізаваўся на тэме замежнай палітыкі і міжнародных адносін.
З 1995 года пачалася кар'ера Рынкевіча ў Міністэрстве абароны: ён быў дырэктарам Дэпартамента абароннай палітыкі. З 1997 па 2008 год — дзяржсакратар Міністэрства абароны. Гэтая пасада фактычна прыраўноўваецца да намесніка міністра. Міністр у Латвіі — звычайна палітычны стаўленік, дзяржсакратар — прафесіянал.
З 2008 па 2011 год — кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Валдзіса Затлерса. З 2011 года — міністр замежных спраў ва ўрадзе Валдзіса Дамброўскіса.
З тых часоў — нязменны кіраўнік МЗС у розных урадах.
6 лістапада 2014 года Эдгар Рынкевіч здзейсніў камінг-аўт і стаў першым палітыкам у гісторыі Латвіі, які адкрыта прызнаў сваю гомасэксуальную арыентацыю. Прызнанне Рынкевіча было збольшага пазітыўна ўспрынята латвійскімі палітыкамі і журналістамі.
Па выніках апошніх выбараў у Сейм Рынкевіч стаў адным з самых папулярных палітыкаў краіны, атрымаўшы 35 072 плюсы выбаршчыкаў. У прэм'ер-міністра Крыш'яніса Карыньша — 35 013 плюсаў.
24 мая 2021 года падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Рызе разам з мэрам латвійскай сталіцы Марціньшам Стакісам зняў чырвона-зялёны дзяржаўны беларускі сцяг і замяніў яго на бел-чырвона-белы сцяг. Беларускія прапагандысты тады моцна раз'юшыліся.
Sveicu @edgarsrinkevics ar ievēlēšanu Valsts prezidenta amatā! Kopā par drošu, demokrātisku un modernu valsti! pic.twitter.com/1a1bH3pK2g
Марціньш Стакіс апублікаваў сёння твіт двухгадовай даўніны. На фота Рынкевіч злева, Стакіс — справа
Рынкевіч неаднаразова сустракаўся са Святланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл.
Фота з фэйсбука Франака Вячоркі
Каментары