У Калумбіі чацвёра дзяцей правялі пасля авіякатастрофы 16 дзён у джунглях і выжылі
У джунглях Калумбіі знайшлі жывымі чатырох дзяцей, якія знаходзіліся на борце самалёта Cessna 206, што пацярпеў крушэнне 1 мая. Іх на працягу 16 дзён шукалі мясцовыя вайскоўцы.
«Мы знайшлі жывымі чатырох дзяцей, якія зніклі без вестак у выніку авіякатастрофы ў Гуаўяры. Радасць для краіны», — адзначыў прэзідэнт Калумбіі Густава Петра ў сябе ў твітары. Пра гэта піша выданне El Tiempo.
Самалёт Cessna 206 падаў аварыйны сігнал 1 мая. Праз 370 гадзін пошукаў было знойдзенае месца авіякатастрофы. На борце знаходзілася цела пілота, пазней атрымалася апазнаць яшчэ два целы — другога пілота і маці малых.
У той жа час чатырох дзяцей жанчыны ва ўзросце 13, 9, 4 гадоў і 11 месяцаў нідзе не было. Гэта давала надзею, што дзеці жывыя, і яна апраўдалася. На гэты момант дзеці ў бяспецы. Тое, што яны не загінулі ў джунглях, дзе вышыня дрэў дасягае 40 метраў і водзяцца небяспечныя жывёлы — сапраўдны цуд.
Каментары