Грамадства6161

«Здарылася нейкая нешараговая падзея». Чалы прагназаваў, што Лукашэнка не пойдзе на выбары, цяпер тлумачыць, чаму ўсё ж ідзе

У сваіх выступах за апошнія месяцы аналітык Сяргей Чалы паслядоўна даводзіў, што па ўсіх прыкметах Лукашэнка не плануе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у 2025 годзе. Але ягоны прагноз не апраўдаўся. Новы прагноз аналітыка яшчэ больш трывожны.

Майка з двухсэнсоўным надпісам «Бацька ў нас Круты». Сяргей Чалы ўжо падрыхтаваў мерч да перадвыбарчай кампаніі кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрыя Крутога. Скрыншот відэа

У новым выпуску навін Беларускага расследавальніцкага цэнтра Сяргей Чалы паспрабаваў патлумачыць, чаму адбылося так, як ён не чакаў.

Стаўка на Крутога

Пра тое, што Аляксандр Лукашэнка не плануе ісці на новыя выбары, упершыню Чалы заявіў яшчэ ў лютым 2024 года, а за апошнія месяцы, па меры набліжэння да магчымай даты выбараў, яшчэ больш пераканаўся ва ўласнай рацыі. 

Увесь год палітык сапраўды пазбягаў прамых адказаў на пытанне пра свой удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Сяргей Чалы таксама не бачыў прыкмет падрыхтоўкі да ягонага ўдзелу. 

Аналітык сцвярджаў, што падрыхтоўка да транзіту ўлады вялася ўсе апошнія чатыры гады, і прыгадваў, як пасля падзей 2020-га Лукашэнка ездзіў па краіне, пераконваючы мясцовых чыноўнікаў пацярпець ягоны апошні тэрмін. Транзіт быў паабяцаны, на яго думку, не толькі беларускім элітам, але і Расіі. 

Лукашэнка на мітынгу ў сваю падтрымку 16 жніўня 2020 года. Фота: Наша Ніва

Сам палітык, на думку Чалага, так і не перажыў псіхалагічнай траўмы 2020 года, а кіраванне краінай, працоўныя паездкі і мікраменеджмент яму надакучылі і сталі прыгнятаць. Тым больш што пахваліцца нейкімі поспехамі ні ўнутры краіны, ні на міжнароднай арэне, ён не можа.

У такой сітуацыі Лукашэнка хацеў бы валадарыць, а не кіраваць. А краінай няхай кіруе і робіць за яго ўсю працу «кішэнны прэзідэнт», лічыць аналітык.

Менавіта пад такі расклад Усебеларускі народны сход, старшынёй якога быў абраны Лукашэнка, быў надзелены правам прызначаць прэзідэнта і здымаць, калі ён пойдзе не тым курсам.

Чалы звяртаў увагу, што ў сваіх прамовах Лукашэнка ўсё часцей гаворыць пра тых, хто прыйдзе пасля яго, што чыноўнікам варта прызвычайвацца жыць без яго. А нядаўна ўвогуле заявіў, што яны рыхтуюць змену.

А з другога боку, аналітык бачыў у дзеяннях дзяржаўнай прапаганды стварэнне светлага вобразу нядаўна прызначанага кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрыя Крутога. 

Лукашэнка таксама, на думку Чалага, цудоўна разумее свой стан здароўя і хацеў бы пакінуць пасаду тады, калі гэта будзе выглядаць як яго рашэнне, а не тады, калі ён ужо не зможа прымаць ніякіх рашэнняў. І яму не патрэбныя нейкія трукі і ўвядзенне ў зман свайго электарату ў сітуацыі, калі ён цалкам кантралюе сітуацыю ў краіне.

Як мяркуе Сяргей Чалы, тое, што Дзмітрыю Крутому даверылі адкрыццё сусветна вядомага Валожынскага ешыбота, гэта прыклад адстройкі ягонага іміджу ад Лукашэнкі, вядомага сваімі антысеміцкімі выказваннямі. Фота: «Мінская праўда»

«Оля, пайду»

23 кастрычніка, пакуль Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся на саміце БРІКС у Казані, на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў зацвердзілі рашэнне правесці чарговыя прэзідэнцкія выбары 26 студзеня 2025 года. Гэта аж на паўгода раней за максімальна магчымы тэрмін.

Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв'ю расійскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай

Лукашэнка ў той жа дзень на пытанне расійскай прапагандысткі Вольгі Скабеевай, ці будзе ён сам у выбарах удзельнічаць, спачатку какетнічаў, пазбягаючы канкрэтыкі, але ўрэшце даў станоўчы адказ:

«Так, Оля, пайду. Калі мае прыхільнікі скажуць, што гэта трэба, а яны, вядома, скажуць, што тут гаварыць».

Пасля гэтай заявы сацсеткі выбухнулі. Усе іранізавалі з перакананасці Сяргея Чалага ў тым, што Лукашэнка на выбары не пойдзе, і задаваліся пытаннем — а як цяпер аналітык патлумачыць, чаму ягоны прагноз не спраўдзіўся?

Тлумачэнне ад Чалага

У новым выпуску «Навінаў з Чалым» аналітык звярнуў увагу на дзіўную гісторыю з выбарам даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў.

Яшчэ нядаўна з небыцця выцягнулі былую старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзію Ярмошыну, каб яна са спасылкай на Сталіна агучыла, што найлепшай датай для выбараў ёсць сакавік і лістапад. Іншыя ставілі на люты, «Белпол» са спасылкай на свае крыніцы ўнутры Беларусі нават называў канкрэтную дату — 23 лютага. 

Чалы лічыць непераканаўчай версію, што выбары былі перанесеныя на 26 студзеня, каб зменшыць вулічную пратэсную актыўнасць, бо маразы не перашкодзілі «Плошчам» 2006 і 2010 гадоў. І спадзявацца на нейкую пратэстную актыўнасць, на яго думку, ва ўмовах татальных рэпрэсій не даводзіцца ўвогуле.

Лагатып прэзідэнцкай кампаніі, на якім памылкова была напісаная дата 25 лютага 2025 года

Замест гэтага аналітык прапануе звярнуць увагу на дату, калі было зацверджана рашэнне аб правядзенні выбараў. У плане мерапрыемстваў Палаты прадстаўнікоў з 22 кастрычніка і да канца месяца ўвогуле не было прадугледжана ніякіх пасяджэнняў, найбліжэйшае было толькі ў лістападзе. 

23 кастрычніка паводле плана дэпутаты мусілі працаваць у камісіях. За дзень да гэтага, 22 кастрычніка, адбылося сумеснае пасяджэнне дзвюх палат, на якім прэм'ер Снапкоў распавядаў пра дасягненні беларускай эканомікі. Калі б збіраліся прызначыць дату выбараў, працягвае Чалы, то лагічна было б зрабіць гэта менавіта ў той дзень. 

Гэта азначае, на думку аналітыка, што «акно», у якое ўзнікла неабходнасць разгледзець пытанне прызначэння выбараў, гэта «літаральна лічаныя гадзіны».

«Здарылася нейкая нешараговая падзея, якую дакладна нельга патлумачыць ні раптоўным заканчэннем пяцігадовага цыкла эканамічнага планавання, ні адпачынкамі і святамі, ні халадамі. Нічым!»

Паводле Чалага, гэтая падзея прымусіла Лукашэнку прыняць раптоўнае рашэнне не толькі ўдзельнічаць у выбарах, але і правесці іх максімальна хутка. Яшчэ тыдзень таму, на «Дажынках» у Валожыне палітык пазбягаў прамога адказу на гэтае пытанне, а прапаганда раскручвала за ягоны кошт асобу Крутога, магчымага пераемніка Лукашэнкі. 

Гэтая падзея, як лічыць аналітык, наўрад ці звязаная з унутранымі справамі, бо ўнутры Беларусі сёння нічога не адбываецца, і наўрад ці звязаная са знешняй палітыкай і эканомікай, бо там працэсы развіваюцца не так імкліва.

Што здарылася

Чалы выказвае дзве гіпотэзы. Паводле першай, прычынай стала імклівае пагаршэнне прагнозу здароўя Лукашэнкі. Але ў такім разе якраз больш лагічны паскораны транзіт улады, каб пазбегнуць «некіраванага транзіту» ў выпадку немагчымасці выконваць палітыкам свае абавязкі. 

Другая гіпотэза больш злавесная — Лукашэнка мог даведацца пра планы Расіі па рэзкай эскалацыі сітуацыі не толькі ва Украіне. Эскалацыя гэтая можа здарыцца ў пачатку наступнага года, на думку Чалага найбольш верагодна, што не пазней за люты.

Аналітык мяркуе, што эскалацыя плануецца такой, што Лукашэнка не можа ў гэты час перадаць сваю ўладу камусьці яшчэ.

Сумесныя вучэнні «Захад-2021» скончыліся ўварваннем Расіі ва Украіну. Чаго чакаць ад вучэнняў «Захад-2025»? 

23 кастрычніка ў Беларусь на перамовы якраз прыязджаў міністр абароны Расіі Андрэй Белавусаў, на якіх зацвердзілі задуму сумесных вайсковых вучэнняў «Захад-2025». Папярэднія вучэнні ў 2021 годзе скончыліся ўварваннем ва Украіну.

Паводле меркавання Сяргея Чалага, вымалёўваецца трывожны сцэнарый.

Падобнае меркаванне, што перанос даты прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі служыць для рэалізацыі Расіяй пэўных ваенна-стратэгічных мэт у канцы зімы ці вясной 2025, раней выказваў і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Аднак не выключана, што Сяргей Чалы проста памыліўся.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары61

  • Пытанне
    26.10.2024
    Чаму вы не пішаце, што гэта папросту блогер-канспіролаг?
  • Чалы - балабол
    26.10.2024
    Чалы пераняў тактыку свайго першага боса ў камандзе якога ён працаваў да 1995 года. Чалы Размандыківае як і Лукашэнка.
  • Влад
    26.10.2024
    В России такой же предсказатель есть. Который про Путина в холодильнике затирает.

Паўстанцы ў Сірыі занялі пяты па велічыні горад краіны і вызвалілі палітзняволеных з гарадской турмы2

Паўстанцы ў Сірыі занялі пяты па велічыні горад краіны і вызвалілі палітзняволеных з гарадской турмы

Усе навіны →
Усе навіны

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу3

Гродзенскі блогер і былы палітвязень Вадзім Ермашук (Vadimati) пакінуў Беларусь

Марыі Захаравай перад вылетам на мерапрыемства АБСЕ анулявалі мальтыйскую візу7

У Клімавічах мясцовы лікёра-гарэлачны завод рэкламаваў сваю вытворчасць у школе9

Вітамін В3 можа нашкодзіць здароўю — вучоныя

Уладальніца крам у Брэсце і Гродне выпусціла адвэнт-каляндар з вельмі дзіўным напаўненнем4

Акадэмія навук: Мы можам спраектаваць электрарухавік не горшы чым «Тэсла», але гэта бессэнсоўна15

У ЗША застрэлілі кіраўніка найбуйнейшай страхавой кампаніі2

Беларускую выцінанку ўключылі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Паўстанцы ў Сірыі занялі пяты па велічыні горад краіны і вызвалілі палітзняволеных з гарадской турмы2

Паўстанцы ў Сірыі занялі пяты па велічыні горад краіны і вызвалілі палітзняволеных з гарадской турмы

Галоўнае
Усе навіны →