Грамадства88

«Не было страху, было неразуменне, нашто яму гэта». Былая дырэктарка «Лістапада» расказала пра Віктара Бабарыку і сваё жыццё цяпер

Анжаліка Крашэўская, былая дырэктарка кінафестывалю «Лістапад», а таксама міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва ТЕART, расказала, як з'язджала з Беларусі з адным чамаданам і чым жыве цяпер. А таксама згадала пра знаёмства з Віктарам Бабарыкам і тое, чаму ў 2020-м не магла не падтрымаць яго.

Анжаліка Крашэўская. Фота тут і далей: з яе архіву 

Анжаліка Крашэўская — адна з тых людзей, хто ствараў сучасную беларускую культуру дзесяцігоддзямі. Дзякуючы ёй беларусы мелі магчымасць пабачыць найлепшыя сусветныя тэатральныя пастаноўкі жыўцом на фестывалі ТЕART, а таксама ў запісе глядзець спектаклі ў межах праекта «TheatreHD», прасякацца добрым кіно на «Лістападзe».

Знаёмства з Віктарам Бабарыкам

— З Віктарам Бабарыкам мы пазнаёміліся ў 2007 годзе, калі я рабіла фестываль «Панарама» ў Купалаўскім тэатры. Гэта была ўнікальная сітуацыя, калі не ты шукаеш спонсараў, а да цябе прыходзяць з прапановай дапамогі. Каманда Віктара Бабарыкі звярнулася да мяне і сказала, што Белгазпрамбанк хоча падтрымаць тэатральны фестываль.

Анжаліка кажа, што яе гэта вельмі здзівіла, бо тэатр у Беларусі — гэта не той від мастацтва, які нехта рваўся фінансаваць. Дзяржава не дае шмат грошай, а спонсары добра разумеюць, што на тэатральным мастацтве асабліва папіярыцца не ўдасца. Гэта творчасць не для таго, каб зарабіць, а каб даць прастору для разваг.

— Я доўга тады думала, навошта Віктару гэта. Можа, усё адбылося дзякуючы яго жонцы, Марыне Бабарыка. Яна была вельмі крэатыўным чалавекам, любіла тэатральнае мастацтва. Яна захаплялася Cтэфаніяй Станютай, якая некалі грала на сцэне Купалаўскага тэатра.

Высветлілася, што і Анжаліка Крашэўская, і Віктар Бабарыка абое любяць літоўскі тэатр.

— У Беларусі не так шмат бізнэс-лідараў, якія гавораць пра культуру не ў кантэксце культуры ежы і пітва, якія гатовыя не піва папіць, а схадзіць на нейкую імпрэзу. Тэатр — гэта даволі складаны жанр. Гэта не кіно. З тэатрам заўсёды больш складана будаваць адносіны.

Віктар Бабарыка казаў пра тое, як важна зрабіць так, каб беларускі тэатр развіваўся, каб станавіўся часткай сусветнага.

Пасля таго, як Анжаліка пайшла з праекта «Панарама», Белгазпрамбанк таксама перастаў падтрымліваць фестываль, хоць кіраўніцтва Купалаўскага тэатра разлічвала, што спонсар застанецца. Але Бабарыка сказаў, што ён гатовы падтрымліваць канкрэтнага лідара і перад тым, як прыняць рашэнне пра фінансаванне фестывалю, ён глядзеў менавіта на працу Анжалікі.

— Віктар часта прыходзіў на розныя спектаклі. Марына тэлефанавала мне і пыталася, што я параю ім паглядзець. Бабарыкі заўсёды самі набывалі квіткі сабе і сваім блізкім, яны ніколі не карысталіся магчымасцю ўзяць запрашальныя. Памятаю, як я ў 2014 была ў Авіньёне на адным з найбуйнейшых міжнародных тэатральных фестываляў у свеце. І ў размове з Бабарыкам я раптам сказала: «А прыязджайце ў Авіньён, самі пабачыце, што такое міжнародны фестываль». І Віктар з Марынай сапраўды прыляцелі — не каб сустрэцца з кімсьці, а каб паглядзець спектакль, адчуць фестывальную атмасферу.

Анжаліка адзначае, што час ад часу ў іх з Віктарам Бабарыкам былі розныя погляды на тое, што трэба рабіць для развіцця беларускага тэатра. Напрыклад, у 2015 годзе, калі ў Беларусі запрацавала краўнфаўндынгавая пляцоўка, атрымалася сабраць грошы на пастаноўку спектакля «Опіум» — і сам праект аказаўся вельмі паспяховым.

— І Віктар Дзмітрыевіч тады здзіўляўся, казаў, што мы на хвалі поспеху маглі пачаць грошы збіраць пад наступны праект.

Я яму тлумачыла: «Віктар Дзмітрыевіч, творчыя праекты так не робяцца. Ідэі не ўзнікаюць толькі таму, што грошы з’явіліся. Спачатку нараджаюцца ідэі, потым грошы пад іх шукаюць». На гэты конт у нас спрэчак было дастаткова шмат, таму што ён ацэньваў сітуацыю ў бізнэс-мадэлі, а мы ацэньвалі з пункту гледжання крэатыву.

Белагазпрамбанк дапамагаў ствараць і культурны хаб OK16 у адным з былых заводаў Мінска (у прыватнасці, набыў памяшканне). У 2019 годзе ў тым праекце ўзнікла і Марыя Калеснікава.

— Мы казалі, што неабходна нейкая прастора, дзе магло б развівацца незалежнае мастацтва — гэта немагчыма рабіць у дзяржаўных сценах. Бо ёсць рэгламентацыя, ідэалогія, шмат іншых фактараў… Калі мы вясной 2020 года абмяркоўвалі рэканструкцыю памяшканняў, я была натхнёная. Падавалася, што мытарствы скончыліся, з'яўляецца прастора для паўнавартаснай працы, што ёсць нейкі далягляд.

«Мне напісалі з банка і спыталі ці ведаю я, што Бабарыка хоча вылучацца ў прэзідэнты»

У 2020 годзе было запланавана святкаванне 30-годдзя Белгазпрамбанка. Анжаліка Крашэўская, Марыя Калеснікава і іншыя ўдзельнічалі ў абмеркаванні праграмы. Культурная менеджарка згадвае, як даведалася пра тое, што Бабарыка вырашыў балатавацца.

— У гэты дзень мы ў чарговы раз стэлефанаваліся ў зуме, каб абмеркаваць юбілей банка. І раптам Віктар кажа, што яму трэба зрабіць важны званок і просіць стэлефанавацца пазней. Пасля мне напісалі з банка, ці ведаю я, што Бабарыка хоча вылучацца ў прэзідэнты. Я адразу напісала Машы Калеснікавай, ці ведае яна нешта — Маша адказала, што нічога, але хутка будзе размаўляць з Віктарам Дзмітрыевічам і ўсё высветліць. Потым мы з ёй сустракаліся на каву.

Сумневаў, ці варта падтрымаць ініцыятыву Бабарыкі ў Анжалікі не ўзнікла, бо ён столькі гадоў падтрымліваў яе праекты. Ці страшна было стаць побач з чалавекам, які ў Беларусі захацеў пайсці ў вялікую палітыку? Яна кажа, што не.

— Не было страху, было неразуменне. Я не вельмі разумела, навошта Віктару гэта. Але ж я падумала, што пасля трагічнай гібелі жонкі, ён вырашыў выпрабаваць сябе. Марына была ідэалам. Яна загінула на вачах у мужа. Можа, пасля гэтага яму нічога ўжо не было страшна. Я падумала, што, можа, калі чалавек губляе каханую, то хоча зрабіць нешта вельмі важнае. І я апынулася там, дзе апынулася.

У складзе каманды Бабарыкі Анжаліка займалася арганізацыяй сустрэч з ініцыятыўнымі групамі ў рэгіёнах, размаўляла з людзьмі.

— Здаралася, што мае задачы мяняліся маментальна. Я бачыла, што Віктар Дзмітрыевіч нешта ведае. Мы імпульсавалі, бо разумелі, што ў любы момант можа адбыцца затрыманне. Але мне падаецца, што ён не ўяўляў магчымы сцэнар цалкам.

Саму Анжаліку затрымлівалі ўжо пазней — на адным з жаночых маршаў. Але ёй пашчасціла: нягледзячы на складзены пратакол, жанчыну адпусцілі. 

— Мы доўга былі ў Першамайскім РУУС. Падавалася, там не вельмі разумелі, што з намі рабіць. І потым проста адпусцілі. Можа, напярэдадні інаўгурацыі не хацелі лішні раз злаваць народ.

Жыццё ў Беларусі пасля выбараў 2020 года

Нягледзячы на ўдзел у розных палітычных актыўнасцях, Анжаліка не пераставала займацца мастацтвам. Восенню 2020 года яна змагла правесці Міжнародны тэатральны форум ТЕART.

А вось Міжнародны Мінскі кінафестываль «Лістапад» Анжаліцы з камандай правесці не дазволілі ўлады. Маштабны форум адмянілі менш чым за суткі да пачатку. Абгрунтаванне гучала здзекліва: каранавірус.

— Мы ўсё прадумалі: журы павінна было глядзець конкурсныя фільмы анлайн, а для звычайных гледачоў працавалі кінатэатры. У Беларусі ж увогуле працавала ўсё! Улады адмаўлялі існаванне кавіду. Але афіцыйна агучылі такую нагоду, а неафіцыйна — «вы самі ўсё разумееце».

У 2021 годзе ўлады спыталі, ці хоча каманда Анжалікі працягваць займацца «Лістападам». Чыноўнікі атрымалі станоўчы адказ, але праз некаторы час паведамілі: «На жаль, мы вырашылі абраць іншага падрадчыка».

«Лістапад» і чыноўнікі

Кампанія «АРТ Карпарэйшн» на чале з Анжалікай займалася Міжнародным Мінскім кінафестывалем «Лістапад» з 2010 года.

— Мяне часта папракалі ў тым, што я дазваляю сабе крытыкаваць палітыку, якую праводзіць Міністэрства культуры. А я сапраўды крытыкавала аптымізацыю.

Казала, што, калі ты спрабуеш аб’яднаць бібліятэку з прыбіральняй, ты не атрымаеш вялікую бібліятэку — ты атрымаеш вялікую прыбіральню. Калі ты гатовы супрацоўнікам бібліятэкі плаціць як супрацоўнікам прыбіральні, то вельмі хутка ў цябе застануцца толькі супрацоўнікі прыбіральні. Я была цалкам не згодна з забаронай крытыкаваць палітыку міністэрства культуры.

Анжаліка адстойвала, што для «Лістапада» як кінафестывалю, які меў міжнародную акрэдытацыю, патрэбны істотныя фінансавыя сродкі.

— Усё мае свой кошт. Немагчыма рабіць глабальныя праекты за рубель. Калі няма грошай — трэба так шчыра і казаць.

У розныя гады дзяржава выдаткоўвала на «Лістапад» ад 50% да 70% неабходнай сумы. Анжаліка кажа, што для чыноўнікаў важнымі былі толькі цырымоніі адкрыцця і закрыцця фестывалю — вось там трэба, каб усё было прыгожа.

Што да фестывальнай праграмы, то трэба было загадзя прадставіць анатацыі ўсіх фільмаў, пазначыць, дзе ёсць нецэнзурная лексіка. Усе фестывальныя фільмы павінны былі прайсці праз дзяржаўную рэгістрацыю.

— Праблемных пунктаў і момантаў, калі даводзілася шукаць кампраміс, хапала. Часам трэба было адстойваць сваю пазіцыю, часам пагаджацца. Асабліва няпростымі былі 2010, 2011 і 2014 гады. А ў 2019 годзе было адчуванне, што чыноўнікі пачынаюць нарэшце разумець, што мы робім. Шчыра, мне падаецца, яны былі вельмі задаволеныя тым, што ў Мінску ёсць свой Міжнародны фестываль.

Цяпер Анжаліка кажа, што не сочыць за тым, што адбываецца з «Лістападам» (у 2021 годзе кінафестываль пазбавілі акрэдытацыі ў Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў).

З’язджала на трохмесячную стажыроўку ў Гамбург з адным чамаданам

Анжаліка прызнаецца, што не збіралася выязджаць з Беларусі. У 2021 годзе яна актыўна судзілася з дзяржаўнымі структурамі праз незаконнае зачыненне OK16, арганізоўвала культурныя мерапрыемствы.

Але раптам з'явілася магчымасць з’ездзіць на трохмесячную стажыроўку ў Гамбург — паглядзець на працу культурнага цэнтра, які знаходзіўся ў памяшканні былога завода. Можна было пераняць досвед і — што не менш важна — адпачыць ад беларускіх рэалій. Проста дыхаць, не чакаючы, што за табой прыйдуць.

— У мяне тады яшчэ пыталі, ці планую я вярнуцца ў Беларусь. Я адказвала: «Ясна! Гэта ж мая краіна. І да таго ж у мяне французскі шэнген, у мяне няма візы, якая б дазваляла заставацца ў Еўрасаюзе доўга».

У лістападзе 2021 года з адным чамаданам і пашпартам Анжаліка паехала на стажыроўку ў Германію на тры месяцы. Але вярнуцца на радзіму ўжо было не наканавана.

У выніку Анжаліка засталася ў Германіі — спачатку на некалькі стыпендыяльных праграм. Цяпер яна жыве ў Гамбургу і спрабуе ўладкавацца на новым месцы — вучыць нямецкую мову, вырашае пытанні з легалізацыяй. Разам з калегамі спрабуе стварыць Інстытут беларускага тэатра.

А яшчэ шукае сувязь паміж Гамбургам і Мінскам.

— Ходзячы па гораду, я бачыла шмат «камянёў спатыкнення» (гэта пліткі, якія ўбудаваны ў тратуары перад былымі дамамі ахвяр нацызму — на латуневай пласціне выгравіравана імя, год нараджэння, год і месца смерці чалавека). У Гамбургу на такіх камянях часта бачу, што чалавека ў часы Другой сусветнай вайны адправілі ў Мінскае гета. «Гамбургскае гета» ў Беларусі — гэта вельмі цікавая тэма.

Гэта не проста пра памяць — гэта пра тое, што гісторыя рухаецца па спіралі, а памылкі паўтараюцца.

Каментары8

  • Эюя
    27.10.2024
    Ізноў Бабарыка. Наша Ніва не лічыць, што гэта перабор кожны дзень з заміраннем сэрца пісаць пра Газпром, калі сядзяць тысячы палітвязняў, у тым ліку сапраўдныя змагары кшталту Дашкевіча, Севярынца, Статкевіча і Нобелеўскага лаўрэата ?! Дарэчы, што я заўважыў з падобных хвалебных апавяданняў пра мецэнацтва Бабарыкі, гэта тое, што ён нічога не рабіў за ўласныя грошы. Усё за грошы банка, для каторага дробнае мецэнцтва было бізнэс-стратэгіяй. Пра гэта, дарэчы, казаў сам Бабарыка ў інтэв’ю НН перад выбарамі. Што Газпромбанк пры заходзе на чужыя рынкі робіць дробнае мецэнацва, каб паказаць сябе сябрам. Такая сабе стратэгія Саурона, каб выкаваць сабе персцень улады, ён прыкінуўся сябрам эльфаў і рабіў ім падарункі. Фактычна атрымліваецца, што сам па сабе Бабарыка не быў мецэнатам і сваіх грошай ні на якую культуру не даваў, затое прыдбаў дом за мільён і выконваў стратэгію Газпрома на замежных рынках.
  • Імя
    27.10.2024
    Эюя, калекцыя гадзіннікаў дадае філасофскай глыбіні вобразу мужнага патрыёта Беларусі.
  • Сонейка
    27.10.2024
    Анжаліка - цудоўная жанчына. Вельмі шкада, што Беларусь губляе такіх людзей

«Не было страху, было неразуменне, нашто яму гэта». Былая дырэктарка «Лістапада» расказала пра Віктара Бабарыку і сваё жыццё цяпер8

«Не было страху, было неразуменне, нашто яму гэта». Былая дырэктарка «Лістапада» расказала пра Віктара Бабарыку і сваё жыццё цяпер

Усе навіны →
Усе навіны

З'явілася ВІДЭА, як Полк Каліноўскага ваюе ў Харкаўскай вобласці18

Эканаміст Львоўскі: Насельніцтва ў Беларусі ўжо хутчэй за ўсё меншае за 9 мільёнаў17

Краіны БРІКС адмаўляюцца разам з Пуціным змагацца супраць Захаду і даляра4

У Польшчы затрымалі дыверсантаў, якія рассылалі па Еўропе пасылкі з выбухоўкай5

Пазняк заклікаў байкатаваць выбары 26 студзеня107

«Бу! Спужаўся?» Мем са стромным катом запаланіў інтэрнэт15

Кныровіч патлумачыў, чаму лепш галасаваць на выбарах за Гайдукевіча, чым за Лукашэнку28

Да 10 шахедаў за ноч заходзілі ў Беларусь, адзін страчаны, авіяцыя не ўзнімалася1

Колькасць легкавікоў на польскай мяжы пераваліла за тысячу

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Не было страху, было неразуменне, нашто яму гэта». Былая дырэктарка «Лістапада» расказала пра Віктара Бабарыку і сваё жыццё цяпер8

«Не было страху, было неразуменне, нашто яму гэта». Былая дырэктарка «Лістапада» расказала пра Віктара Бабарыку і сваё жыццё цяпер

Галоўнае
Усе навіны →