У Польшчы затрымалі дыверсантаў, якія рассылалі па Еўропе пасылкі з выбухоўкай
Нацыянальная пракуратура Польшчы паведаміла, што сумесна з Агенцтвам унутранай бяспекі раскрыла міжнародную дыверсійную групу. Яна нібыта адпраўляла па краінах ЕС і ў Вялікабрытанію пасылкі з замаскіраванымі выбуховымі рэчывамі.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_10/delivery-man-with-package-close-up-2umk8.jpg.webp)
Інфармацыя пра гэта была атрыманая спецслужбамі ў жніўні 2024 года, пасля таго пачалося расследаванне. Да яго было падключана таксама Упраўленне грамадзянскай авіяцыі Польшчы.
Як высветліла следства, дыверсанты выкарыстоўвалі кур'ерскія службы для адпраўкі пасылак з замаскіраванымі выбуховымі і небяспечнымі матэрыяламі. Пасылкі былі ўладкаваныя такім чынам, што мусілі самазагарацца або выбухаць падчас наземнай або паветранай перавозкі. Паводле слоў следчых, група тэставала каналы дастаўкі такіх пасылак з мэтай наступнай адпраўкі іх у ЗША і Канаду.
У рамках справы затрыманыя і арыштаваныя чатыры чалавекі. Яшчэ двое падазраваных абвешчаныя ў міжнародны вышук. Асобы і грамадзянства арыштаваных і падазраваных не раскрываюцца.
Каментары