Меркаванні22

«Трэба разрыў». Расія не зменіцца, пакуль яе ўлада будзе сядзець у Крамлі

Расіі жыццёва неабходна акурат не «ўстойлівасць, працягласць і трываласць палітычнай лініі», а рашучы з ёй разрыў. У тым ліку і на сімвалічным узроўні, піша Алесь Сантоцкі.

Сенацкі палац, рэзідэнцыя прэзідэнта Расіі, знаходзіцца з боку Краснай плошчы і Маўзалея Леніна. Фота Wikimedia Commons

«Маскоўскі Крэмль, які ў XVIII стагоддзі, як сімвал архаічнасці расійскага ўкладу і адмежаванасці ад цывілізаванага заходняга свету, ледзь не быў знішчаны, каб адкрыць дарогу ўвасабленню абноўленай і адкрытай Расіі, ізноў здабыў важнае ідэалагічнае значэнне ў XX стагоддзі, ужо як сімвал цэнтра таталітарнай улады, а ў пачатку XXI стагоддзя — як сімвал новай пуцінскай імперыі, якая замахнулася на панаванне над Еўропай. Такое сімвалічнае значэнне робіць яго адным з самых зненавідных архітэктурных комплексаў у свеце», — так завяршаўся апублікаваны ўчора на «Нашай Ніве» артыкул пра маскоўскі Крэмль, вежы і палацы якога ўпершыню з часоў Другой сусветнай вайны сталі на практыцы, а не толькі ў тэорыі адчуваць, што гэта такое — непасрэдная пагроза з паветра.

І гэта сапраўды так. Крэмль месца сапраўды перадусім сімвалічнае, і сімвалізм гэты не прарочыць нічога добрага краіне, якой адтуль кіруюць.

Нездарма ў 1991 годзе, калі, як тады здавалася, дэмакратычная Расія нарэшце перамагла таталітарную, многія з тагачаснага атачэння Барыса Ельцына былі супраць таго, каб вярхоўная ўлада Расіі перамяшчалася з маскоўскага Белага дома, які стаў тады сапраўдным сімвалам свабоды, у Крэмль, які асацыяваўся акурат з процілеглым.

Пра гэта пісаў сам Ельцын у сваіх мемуарах, напісаных тады, калі ён быў яшчэ прэзідэнтам, у 1994 годзе:

«Ідэя пераехаць у Крэмль стала для многіх з майго атачэння досыць нечаканай. Здавалася, што Белы дом, які мы абаранялі, назаўжды стане дзяржаўным сімвалам Расіі. […] Чуліся галасы, што час ператварыць Крэмль у гісторыка-культурны запаведнік.

Аднак, узважыўшы ўсе «за» і «супраць», я ўсё ж такі прыняў гэтае рашэнне.

Трэба сказаць, што яно шмат у чым насіла прынцыповы, стратэгічны характар.

Бо Крэмль — гэта не толькі мастацкая жамчужына, але і, тут я не выдаю ніякіх таямніц, найважнейшы дзяржаўны аб'ект. На ім завязана ўся абарона краіны, сістэма аператыўнага кіравання, сюды перадаюцца шыфроўкі з усяго свету, тут да драбнюткіх нюансаў адпрацаваная сістэма бяспекі.

Цяпер бачу, што ніякай памылкі ўсё ж такі не было. І справа не толькі ў тэхнічным, гаспадарчым і іншым забеспячэнні Крамля. У палітыцы ўсё мае значэнне. […]

Я адчуваў, што ў нашай гісторыі сапраўды наступіла новая эпоха. Якая — яшчэ ніхто не ведаў. Але я ведаў, што наперадзе неймаверна цяжкі, складаны час, у якім будуць і ўзлёты, і падзенні. У палітыцы (у тым ліку і для мяне асабіста) наступіў новы, рэзкі паварот. Я б сказаў, паварот, нябачаны па сваёй рэзкасці. Крэмль і стаў сімвалам гэтага павароту. […]

Крэмль — сімвал устойлівасці, працягласці і трываласці палітычнай лініі, якая праводзіцца. І калі гэтая лінія — рэформы, то рэформы і будуць маёй дзяржаўнай лініяй. Вось што я казаў гэтым крокам сваім супернікам».

Што ж, Ельцын, несумненна, меў рацыю ў тым, што ў палітыцы ўсё мае значэнне, і сімвалы ў тым ліку. Не выпадае спрачацца таксама з тым, што найноўшая гісторыя з усёй выразнасцю засведчыла і тое, што Крэмль для Расіі сапраўды «сімвал устойлівасці, працягласці і трываласці палітычнай лініі, якая праводзіцца».

Вось толькі палітычная лінія гэтая — зусім не тая, пра якую казаў і якой падчас амаль дзесяцігоддзя свайго кіравання, з усімі «загагулінамі», але сяк-так стараўся трымацца першы расійскі прэзідэнт.

Акурат ельцынская лінія аказалася выключэннем з агульнага шэрагу, а пасля яго сыходу ўсё ў Расіі паступова вярнулася на звыклую, больш натуральную для яе каляіну — імперскага рэваншу і вялікадзяржаўнай пыхі.

Прытым усё не абмежавалася, як пісаў у тых жа ўспамінах Ельцын, тым, што пераезд кіраўніцтва нібыта новай Расіі ў Крэмль «даў нагоду газетам кпіць наконт вялікадзяржаўнай спадчыннасці новай улады».

Бог з імі б, з газетамі. Але ж спадчыннасць гэтая ў выніку менавіта такой аказалася не ў журналісцкіх кпінах, а ў самым што ні на ёсць рэальным жыцці.

Вядома, рэч тут не толькі ў Крамлі як такім — ён, натуральна, толькі сімвал. Што ўзяць з будынкаў? Але 

неразуменне Ельцыным ягонай злавеснай сімвалічнасці было адной з праяў неразумення ім і шмат якіх іншых рэчаў.

Перадусім жа — таго, што са спадчынай камунізму і з імперскасцю, калі хацець, каб была сапраўды паспяховай задуманая лінія рэформаў, трэба змагацца вельмі рашуча і мэтанакіравана, як з небяспечнай смяротнай хваробай, якую калі не лячыць, а ставіцца паблажліва, і тым больш заганяць усярэдзіну — то яна абавязкова дасць метастазы, якія загубяць увесь арганізм.

А такога рашучага і мэтанакіраванага змагання з усім гэтым пры Ельцыне акурат не было.

У выніку ўсё тое зло толькі часова крыху адступіла і затаілася, каб пры змене кан'юнктуры выйсці зноў на паверхню і пастарацца ўзяць рэванш. І пачаўся гэты працэс яшчэ ў ельцынскія часы, найбольш яскравым — але далёка не адзіным, — прыкладам чаго былі войны ў Чачні.

Трыманне за Крэмль і ўсё, што з ім звязана, было адной са стратэгічных памылак Ельцына, нягледзячы на ягонае катэгарычнае сцвярджэнне адваротнага ў вышэй працытаваным урыўку.

Памылкай, канешне, не адразу і не для ўсіх відавочнай, а ў першую чаргу для яго самога. Але з часам яна праявілася з усёй выразнасцю. Насамрэч Расіі жыццёва неабходна акурат не «ўстойлівасць, працягласць і трываласць палітычнай лініі», а рашучы з ёй разрыў. У тым ліку і на сімвалічным узроўні. 

Ці рэфлексаваў Ельцын сам над гэтым у апошнія сем пенсіянерскіх гадоў свайго жыцця, ці скарэктаваў сваю думку? Цяжка сказаць. Зрэшты, да таго часу, калі кветачкі, як у той народнай прымаўцы, ператварыліся ў ягадкі, першы расійскі прэзідэнт і не дажыў. 

Чытайце таксама: 

«Зненавідны». Што ўяўляе сабой Крэмль. І чым незвычайны Сенацкі палац, які сёння атакавалі беспілотнікі

«Квартал-95 пераігрывае Крэмль». Як расійскія і беларускія прапагандысты адрэагавалі на начныя выбухі ў Крамлі

З'явілася ФОТА купала крамлёўскага Сенацкага палаца пасля атакі дронаў

Украіна «не валодае інфармацыяй» пра начныя атакі на Крэмль

З’явілася ВІДЭА выбуху беспілотніка над Крамлём

Сёння ноччу была спроба ўдару беспілотнікамі па Крамлі

Каментары2

  • Смешна ў роце
    04.05.2023
    Не пераехаў бы Ельцын, то пераехаў бы Шмельцын ці Дрэльцын. Імперыя галаўнога мозгу цэлага народу лечыцца толькі яе распадам.  
  • Карова
    04.05.2023
    Анализ узроуня Прыгоды Мики Мауса.... давайце фантазираваць: Албания ня зменицца пакуль сталица будзе у Тыране, Китай - пакуль не зменяць форму вачэй, Индыя - пакуль не пачнуць есции кароу... u name it!

У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі11

У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі

Усе навіны →
Усе навіны

Канапацкая адказала, ці ёсць у яе нямецкі ДНЖ3

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе12

«Масфільм» перадаў расійскай арміі танкі і БМП са складоў кінастудыі2

Якія выбары, такія і сцэнары. Чаму адразу два спарынг-партнёры Лукашэнкі знялі сваю кандыдатуру7

Памятаеце расійскага кіта-шпіёна Хвалдзіміра? Насамрэч яго звалі Андруха і шпіёнам ён не быў2

Трамп пажартаваў, што гатовы балатавацца на трэці прэзідэнцкі тэрмін, калі амерыканцы скажуць «Нада!»19

Чаму закрылі праект «Ноч з Чалым»10

Сякеры ад МТЗ, якія загадаў палепшыць Лукашэнка, паступілі ў продаж. Вось колькі яны каштуюць10

Лукашэнка адпомсціў Дуду за адмову фатаграфавацца6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі11

У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі

Галоўнае
Усе навіны →