«Еўраопт» прадае тавары з IKEA. «Адкуль яны — наша ўнутраная інфармацыя»
«Еўраопт» стаў прадаваць тавары вядомай шведскай маркі.
Посуд ад IKEA пабачылі ў адной з крам беларускай гандлёвай сеткі.
Тавары ад шведскага брэнда ёсць у інтэрнэт-каталогу «Е-дастаўкі»: там цяпер 20 тавараў, пазначаных як прадукцыя IKEA.
Збольшага гэта кухонныя прадметы. Напрыклад, ікееўскую тарку кітайскай вытворчасці можна замовіць за 14,40 рубля, гумавую формачку для льду — за 10,61, а набор дзіцячага посуду з чатырох прадметаў — за 28,45 рубля.
Акрамя тавараў для кухні, «Е-дастаўка» прапануе ікееўскія дзіцячыя гаршкі, вешалкі, крэслы і нават матрацы па 149,99 рубля за штуку. Калі верыць каталогу, гэтыя матрацы вырабленыя ў Расіі (але летась IKEA сышла з расійскага рынку, а чатыры заводы гэтай кампаніі ў Расіі былі прададзеныя).
Журналістка «Нашай Нівы» як пакупніца пазваніла ў кантакт-цэнтр «Е-дастаўкі» і спытала, што за прадукцыю прадаюць пад шведскім брэндам. Там пацвердзілі, што гэта насамрэч тавары IKEA, але адмовіліся тлумачыць, як яны трапілі ў Беларусь — маўляў, гэта ўнутраная інфармацыя, пастаўшчыкі возяць.
У мінулым годзе шведскі брэнд IKEA абвясціў пра сыход з беларускага і расійскага рынкаў.
У Беларусі крам IKEA не было, але тавары завозілі асобныя прадпрымальнікі. Разам з тым, была вытворчасць IKEA — прадпрыемствы ў Магілёве, Барысаве і Віцебску, якія ўваходзілі ў канцэрн VMG Group.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬІKEA прыпыняе працу ў Расіі і Беларусі
Каментары