У Расіі «публічным распаўсюджваннем звестак» палічылі антываенную размову, якая праслухоўвалася. А чаму публічным? Таму што яе чуў таварыш маёр
Расійскі палітык Ілля Яшын, які атрымаў восем з паловай гадоў калоніі за «распаўсюджванне загадзя ілжывай інфармацыі аб выкарыстанні ўзброеных сіл РФ», расказаў пра першы выпадак у Расіі затрымання па такім жа абвінавачванні. І ён нават у сённяшніх умовах падаецца фантасмагарычным.
«У мінулым сакавіку спецслужбы паведамілі пра першы арышт паводле новага закона «аб вайсковай цэнзуры». Справа выглядала дзіўна: абвінавачаным стаў супрацоўнік паліцыі Сяргей Ведэль (Клокаў), які крытыкаваў вайну ў размове па тэлефоне, які нібыта праслухоўвалі яго калегі. Што гэта наогул значыць, мала хто зразумеў (уключаючы мяне)», — піша Яшын.
Пазней антываенныя справы паставілі на паток, і пра той выпадак ужо ніхто не ўспамінаў. Чалавек між тым больш за год у СІЗА.
Яшын, так выпала, пазнаёміўся з ім на «турэмнай зборцы», пачытаў яго абвінаваўчае заключэнне і даведаўся падрабязнасці. «У мяне проста няма цэнзурных слоў», — піша Яшын.
Ведэль, распавядае палітык, працаваў кіроўцам аднаго з начальнікаў глаўка МУС. За месяц да пачатку вайны тэлефон Сяргея быў пастаўлены на праслухоўванне. Магчыма, гэта звязана з цікавасцю да яго начальніка па нейкіх карупцыйных эпізодах. А можа, прычына ў тым, што Сяргей нарадзіўся ва Украіне. І хоць з 1997 года ён жыве ў Расіі — цалкам мог трапіць у спіс нядобранадзейных супрацоўнікаў.
Дзяцінства Ведэль правёў у цяпер ужо сумна вядомым горадзе Буча, дзе да гэтага часу жыве яго бацька. Пасля пачатку вайны ён стэлефаноўваўся са сваякамі, якія апынуліся пад бамбёжкай. 9 сакавіка, напрыклад, пагаварыў з хросным і з дзядзькам, а «таварыш маёр» уважліва слухаў і запісваў. Праз суткі быў складзены рапарт аб тым, што падчас тэлефоннай размовы Сяргей дапусціў крымінальныя выказванні.
А менавіта:
1) адмаўляў, што «кіеўскі рэжым зʼяўляецца нацысцкім»;
2) заяўляў, што падрыў гаспадарчай пабудовы пад Растовам быў «правакацыяй для апраўдання ўводу УС РФ на тэрыторыю Украіны»;
3) сцвярджаў, што «мэтай СВА зʼяўляецца змена ўлады ва Украіне»;
4) паведамляў пра «вялікія страты расійскага боку ў першыя дні СВА».
Праз тыдзень пасля гэтай гутаркі супраць Ведэля распачалі крымінальную справу ў сувязі з публічным распаўсюджваннем ілжывых звестак аб дзеяннях расійскага войска.
На першым жа допыце адвакат паказаў на відавочную нестыкоўку: нельга прызнаць распаўсюджванне звестак публічным, калі чалавек вёў прыватную размову праз тэлефон.
«Аднак следчы знайшоў выйсце. Ён патлумачыў, што сведкам гутаркі па абавязку службы стаў «таварыш маёр», які адчуў ад пачутага (цытую) «пачуццё трывогі, страху і неабароненасці з боку дзяржавы». Ну а раз ёсць сведка размовы, то гэта ўжо не прыватная гутарка, а публічнае выступленне», — піша Яшын.
Палітык дадае, што Сяргей Ведэль нядрэнна трымаецца, за дзяцей толькі перажывае, асабліва пасля гісторыі з дзяўчынкай Машай, адпраўленай у прытулак за антываенны малюнак.
29 сакавіка ў Сяргея Ведэля — чарговае пасяджэнне па справе ў Пяроўскім судзе.
-
Саудаўская Аравія папярэджвала Германію пра небяспеку чалавека, які заехаў у натоўп у Магдэбургу
-
Пракуратура Лейпцыга не выявіла складу злачынства ў дзеяннях дэпутата Дорнау ў Беларусі
-
Тэрарыст у Магдэбургу — бежанец з Саудаўскай Аравіі, але зацяты вораг іслама і прыхільнік «Альтэрнатывы для Германіі»
Каментары