Грамадства88

Былыя міліцыянты, настаўнікі, гадаванцы БРСМ. Каго ставяць ідэолагамі ў выканкамах

Кіраўнікамі аддзелаў ідэалагічнай работы часта ставяць альбо маладых чыноўнікаў, якім даецца шанец праявіць сваю адданасць сістэме, альбо службоўцаў са стажам, для якіх гэта ганаровая ссылка з правам вярнуцца ў бюракратычны шыхт. Пасля пратэстаў 2020 ідэолагаў у некаторых гарадах памянялі.

Магілёўскія ідэолагі на нарадзе. Фота: apr.gov.by

У Мінску правільнасць ідэалогіі пад кантролем Чамаданавай

За ідэалагічны кірунак у Мінску адказвае былая прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных спраў, палкоўнік у запасе Вольга Чамаданава.

Яна звольнілася з міліцэйскага ведамства ў 2021 годзе, і амаль адразу яе прызначылі на пасаду начальніцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі сталічнага гарвыканкама.

На пытанне пра сыход з МУС Чамаданава, калі яна ўжо была ідэолагам, нервова адказала журналісту:

«Хочаш сказаць, што Чамаданаву прымусілі? З Чамаданавай увогуле такое здарыцца не можа — прымусіць да нечага».

Вольга Чамаданава

Ранейшае начальства пакінула Чамаданавай права насіць міліцэйскую форму і знакі адрознення.

«Сёння я была не ў форме, а ў цывільным адзенні, але насіць форму я маю права і мне дазволена. Калі спатрэбіцца, прыйду на працу ў Мінгарвыканкам у пагонах», — заяўляла Чамаданава.

«Лічу, што я сёння прынясу яшчэ большую карысць у плане фармавання пэўнай думкі ў грамадскасці, у грамадзян. Я ініцыятыўны чалавек і мяркую, што мая ініцыятыва і той патэнцыял, які ёсць, не павінны быць абмежаваны толькі міністэрствам», — казала Вольга Чамаданава.

Цяперашняе яе службовае жыццё насычанае сустрэчамі з прадстаўнікамі працоўных калектываў ды ўдзелам у чыноўніцкіх нарадах.

«Цяпер ні адна змагарская імпрэза ў сталіцы не праскочыць!» — паведаміў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў пра функцыі Вольгі Чамаданавай на новай пасадзе.

У Гродне ідэалогію пільнуе былы міліцыянт, які збіў на машыне жанчыну

У Гродзенскім гарвыканкаме ідэалагічны аддзел узначальвае з кастрычніка 2022 года палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Уладзімір Сацюк.

З пасады начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Гродзенскага аблвыканкама Сацюк сышоў неўзабаве пасля таго, як збіў на машыне жанчыну.

Уладзімір Сацюк. Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама

Ён сцвярджаў, што «расследаванне завершанае і ён панёс адказнасць». Насамрэч, яго вызвалілі ад адказнасці, «улічваючы хадайніцтва пацярпелай», а таксама тое, што раней ён не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, меў станоўчую характарыстыку, прызнаў віну і кампенсаваў шкоду пацярпелай.

Афіцыйна з міліцыі Сацюк звольніўся «па выслузе гадоў». Былога міліцыянта ў 2019 годзе прызначылі кіраваць Гродзенскім гарадскім цэнтрам культуры.

Пры ім у Гродне за паўтара года да пенсіі звольнілі кіраўніцу Гродзенскай выставачнай залы Ірыну Сільвановіч, якая выказвалася супраць гвалту ў 2020 годзе, пазбавілі памяшкання «Гродзенскі рок-клуб», які заснаваў былы палітвязень Ігар Банцар, праз некаторы час ліквідавалі і саму арганізацыю.

Пасля адбыцця ссылкі ў культурнай галіне былога міліцыянта вярнулі ў выканаўчую ўладу.

У Гомелі ідэолаг — былы кіраўнік мясцовага БРСМ

У Гомельскім гарвыканкаме ўпраўленне ідэалагічнай работы ўзначальвае гадаванец БРСМ Мікалай Святагор.

Чыноўнік нарадзіўся ў Рэчыцы ў 1987 годзе. У Гомельскім тэхнічным універсітэце ён вучыўся «праектаванню і вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі», а ў Акадэміі кіравання пры Лукашэнку атрымаў спецыяльнасць «дзяржаўнае і мясцовае кіраванне».

Святагор у Гомелі кіраваў раённай і гарадской арганізацыямі БРСМ, працаваў галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы ў адміністрацыі Чыгуначнага раёна абласнога цэнтра.

З 10 чэрвеня 2020 года начальствуе ў гарадскім упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарадской адміністрацыі.

Мікалай Святагор. Фота: newsgomel.by

У 2018 годзе на выбарах у гарсавет быў запісаны як сябра Камуністычнай партыі Беларусі. Пазней у афіцыйных паведамленнях партыйная прыналежнасць чыноўніка не згадвалася.

У Гомелі Святагор вядомы сваёй прыхільнасцю да маштабных імпрэзаў. Летась ён з гонарам анансаваў удзел у святкаванні дня горада расійскага спевака і прыхільніка вайны ва Украіне Алега Газманава.

Магілёўскага ідэолага правяралі працай у Шклове

У Магілёўскім гарвыканкаме ідэалагічны аддзел месяц таму ўзначаліў 37-гадовы Аляксандр Іваненка. Да гэтага ён менш за год адпрацаваў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва.

Аляксандр Іваненка. Фота: vestnikmogileva.bу

Іваненка родам з Чавусаў. Ён выпускнік Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова, дзе вывучыўся на настаўніка фізікі. Настаўнічаў у аграгарадку Маляцічы Крычаўскага раёна. У мясцовай школе ў 2008 годзе яго паставілі намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.

З 2020-га па студзень 2022 года Аляксандр Іваненка быў намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама.

Ён звярнуў на сябе ўвагу падчас агітацыйнай кампаніі па ўнясенні зменаў у канстытуцыю.

Тады яго падавалі як каардынатара праўладнай арганізацыі «Патрыёты Беларусі». Малады чыноўнік даводзіў, што змяненне асноўнага закона краіны «адпавядае духу і нормам сённяшняга дня».

У Віцебску ідэолаг — былая настаўніца фізікі

У Віцебскім гарсавеце аддзелам ідэалагічнай работы кіруе выпускніца мясцовага ўніверсітэта імя Машэрава Наталля Сакалова. Яна скончыла Акадэмію кіравання па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай».

Сакалова працавала настаўніцай фізікі ў школе пасёлка Шуміліна, а затым пачала кар’еру ў БРСМ. Была першым сакратаром Першамайскага райкама гэтай арганізацыі.

Наталля Сакалова. Фота: «Віцьбічы»

З 2004 годзе яе «перавялі» у аддзел ідэалагічнай работы адміністрацыі Першамайскага раёна, а ў 2013-м жанчына яго ўзначаліла. У кастрычніку 2021-га яе прызначылі кіраваць аддзелам ідэалогіі.

У Віцебску Сакалову характарызуюць як абачлівую чыноўніцу. Удзельнічаючы ў афіцыйных імпрэзах, яна стараецца пазбягаць гучных выказванняў.

«Гэты год абʼяўлены Годам міру і стварэння, — казала чыноўніца на ўрачыстасці да сёлетняга Дня абаронцы айчыны. — Старэйшае і тым больш маладзейшае пакаленне ніколі не магло б падумаць, што ў XXI стагоддзі слова «мір» набудзе новае гучанне — наколькі ён крохкі. Яднанне маладога пакалення і старэйшага паказвае, што мы ўсе за мір».

Што ў Брэсце з кіраўніком па ідэалогіі, няясна

У Брэсцкім гарвыканкаме пасада кіраўніка ідэалагічнага аддзела выглядае вакантнай. На сайце гарадской адміністрацыі адсутнічае імя такога начальніка.

12 лістапада 2021 года старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук паставіў кіраваць аддзелам Дзяніса Сілівончыка, які да прызначэння быў намеснікам кіраўніка.

«Дзяніс Іванавіч — з ліку маладых і крэатыўных кіраўнікоў, чые энергія і запал неабходныя гарадской кіраўнічай камандзе», — казаў Рагачук пра Сілівончыка.

Дзяніс Сілівончык. фота: brestcity.com

Сілівончык — выпускнік Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта, дзе вывучаў тэхналогіі машынабудавання. Скончыў Акадэмію кіравання пры Лукашэнку па спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне і права».

Сваю кар’еру чыноўніка пачаў з БРСМ. Быў першым сакратаром Маскоўскага райкама і Брэсцкага гарвыканкама гэтай арганізацыі. Потым працаваў у адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста і ў гарвыканкаме.

Што ў райцэнтрах?

У Бабруйску кіраўніка ідэалагічнай работы памянялі ў 2021 годзе. На пасаду прызначылі Вераніку Вільчык.

Яна нарадзілася ў 1988 годзе ў Бабруйску. У Беларускім дзяржаўным універсітэце вывучала правазнаўства.

Вераніка Вільчык. Фота: komkur.info

У органах дзяржаўнага кіравання працуе з 2013 года. Была намесніцай начальніка аддзела ідэалагічнай работы. Пасля таго, як яе прызначылі кіраваць аддзелам ідэалогіі, яна закрыла старонкі ў сацыяльных сетках.

У Баранавіцкім райвыканкаме аддзелам ідэалагічнай работы з 28 кастрычніка 2022 года кіруе Юлія Налівайка.

Чыноўніцкую кар’еру яна пачала з пасады галоўнага спецыяліста сельсавета ў Баранавіцкім раёне.

Юлія Налівайка. Фота: nashkraj.by

Была намесніцай начальніка аддзела ідэалагічнай работы, па справах моладзі і культуры.

Пасля яго рэарганізацыі стала кіраўніцай.

У Маладзечна за ідэалагічную працу адказвае 50-гадовая Вольга Клепакова. На пасаду яе прызначылі 28 лютага 2020 года.

Да гэтага яна 9 гадоў працавала намесніцай старшыні камісіі па справах непаўналетніх Маладзечанскага райвыканкама.

Вольга Клепакова. Фота: dompressy.by

Чыноўніца нарадзілася ў Маладзечне, скончыла факультэт славянскай філалогіі Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова. 

Паводле афіцыйных звестак, да 2011 года працавала ва ўстановах адукацыі Маладзечанскага раёна.

У Салігорскім райвыканкаме больш за шэсць гадоў кіруе аддзелам ідэалагічнай работы Таццяна Кірбай. Пасаду яна займае з кастрычніка 2016 года.

Таццяна Кірбай. Фота: soligorsk-news.by

Таццяна Кірбай — з Салігорска. У 1989 годзе яна скончыла мясцовую школу №1, пасля — педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Кар’еру дзяржаўнай служачай пачала ў 2006 годзе з працы ў раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму.

У Полацку ў 2020 годзе, калі яшчэ трывала пратэсная актыўнасць, звольніўся кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы Дзяніс Гудкін. Прычыны такога ўчынку невядомыя.

На яго месца прызначылі дырэктарку мясцовага Цэнтра дзяцей і моладзі Ірыну Дзёмінаву.

Пра чыноўніцу вобмаль інфармацыі, нават на сайце райвыканкама «зацёртыя» звесткі пра яе прызначэнне.

Ірына Дзёмінава. Фота: сацыяльныя сеткі

Дзёмінава скончыла школу №14 Полацка ў 1994 годзе. У ёй жа вучыўся былы міністр адукацыі Ігар Карпенка. Абодва лічацца выбітнымі яе выпускнікамі.

Дзёмінава старшынюе ў раённай арганізацыі аб’яднання «Белая Русь».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Завистливые злопыхания крыс». Раёнкі Магілёўшчыны дружна апублікавалі артыкулы, як кепска жывецца беларусам у эміграцыі. Чытаць гэта — асалода

Спрабавала палепшыць імідж МУС, а ў выніку закапала яго яшчэ глыбей. Што вядома пра Вольгу Чамаданаву, якая атрымала павышэнне

Міліцэйскі начальнік з Гродна на сваім аўто збіў жанчыну

Каментары8

  • Kotya
    22.02.2023
    Всякое 💩
  • даведка
    22.02.2023
    Чемоданова выслужив себе полковничью пенсию по выслуге, ушла на дополнительную зарплату в Мингорисполком.
  • даведка
    22.02.2023
    У полковника милиции, возглавившего идеологический отдел Гродненского горисполкома, куратором является начальник главного управления идеологической работы Гродненского облисполкома полковник из КГБ Булавко (его детище Бондарева), занимавшийся там защитой конституционного строя и борьбой с терроризмом и получивший эту должность по протекции главы Администрации президента генерала КГБ Сергеенко, с которым вместе служили в областном УКГБ... Субординация там похлеще, чем в армии: полковник милиции под полковником КГБ, полковник под генералом КГБ. 

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка19

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка

Усе навіны →
Усе навіны

«Рознакаляровае пер'е ў дупах». «Купалаўцы» хочуць паставіць спектакль на аснове злітых даносаў у КДБ1

Расійскія дыпламаты ў Аргенціне былі заспеты п'янымі і хаваліся ў машынах ад паліцыі і прэсы. Гэта трапіла ў жывы эфір2

Стала вядомая прычына смерці мужчыны на катку ў Мінску7

Прафесара Кіеўскага ўніверсітэта звальняюць за абразлівыя словы пра «галодных украінак» і еўрапейскіх «мужыкоў з грашыма»1

10% беларускіх дзяцей пачынаюць вэйпіць ужо ў пачатковых класах5

Лукашэнка замахваецца на 10 «Арэшнікаў»3

Амерыканская сям'я ўжо шмат гадоў наўмысна выбірае на Каляды самую непрыгожую ялінку

У Расіі за тыдзень зафіксавалі 55 падпалаў банкаматаў і паліцэйскіх машын

«Надзея можа з’явіцца ў любы момант». Прагноз на 2025 год2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка19

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка

Галоўнае
Усе навіны →