«Завистливые злопыхания крыс». Раёнкі Магілёўшчыны дружна апублікавалі артыкулы, як кепска жывецца беларусам у эміграцыі. Чытаць гэта — асалода
«Раёнкі» ў тэлеграме расказваюць пра добрае жыццё на радзіме і невыноснае існаванне ў Лондане і Варшаве.
«Беласнежная палуба нашага карабля»
У самым усходнім і адным з самых абязлюдзелых раёне — Хоцімскім — цешацца з таго, што праціўнікі дыктатуры з'язджаюць. Яны названыя «пацукамі», якія не топчуць «беласнежную палубу нашага карабля пад назвай Беларусь».
«Мы пакараем касмічныя прасторы, мы сталі домам для сотняў людзей, якія патанаюць у віры гульняў замежных палітыкаў і іх падхалімаў, мы стварылі ўсе ўмовы, каб у нашых дзяцей былі мары, якія яны абавязкова ажыццявяць, а нашы старыя ні ў чым не мелі патрэбу. Зайздросныя зласлівыя пацукі з-за мяжы толькі ўмацоўваюць нашу веру ў тое, што ўсё мы робім правільна», — адзначаюць яны.
«Жыхары Лондана змагаюцца за сваё права на жыццё»
Касцюковіцкім прапагандыстам давялося перажываць за жыхароў Лондана.
«Пакуль нашы змагары крычаць на ўсю Еўропу пра тое, як ім цяжка жыць у Беларусі, жыхары Лондана змагаюцца за сваё права на жыццё», — заяўляюць яны.
«Цэны на электраэнергію настолькі высокія, што далёка не кожны можа дазволіць сабе цёплы дом. У выніку людзі захворваюць і паміраюць. Вы думаеце, што «ўслаўлены» заходні ўрад гэтага не бачыць? Бачыць, але бяздзейнічае. Ім напляваць на сваіх грамадзян, як, зрэшты, і на беларусаў», — робяць выснову прапагандысты.
За мяжою «вымярэнне тэмпературы цела аказваецца праблемай»
Краснапольскаму раёну выпала хваліць беларускую медыцыну.
«У нашай краіне людзі не пазбаўленыя магчымасці выбару: напрыклад, па медычную дапамогу можна звяртацца бясплатна, але і для тых, хто хоча скарыстацца паслугамі платнай медыцыны, такая магчымасць не выключана», — пішуць яны.
«Але нашых суайчыннікаў, якія ўцяклі за мяжу, такі расклад не задавальняе, — заяўляецца ў допісе далей. — На практыцы аказалася, што яны «хочуць» праходзіць абследаванні і лячыцца задорага, доўга і не па часе ў лекараў-«прафесіяналаў», якія лечаць усіх запар ібупрафенам».
Паводле прапагандыстаў, за мяжою «вымярэнне тэмпературы цела аказваецца праблемай, ды яшчэ і «супер-градуснік, мякка кажучы, падводзіць».
Магілёўскія ідэолагі дадаюць: «Часам беларус не жадае чакаць свайго бясплатнага прыёму. Тады можна запісацца на платныя паслугі».
Разам з тым, паводле даных Дзяржаўнай службы занятасці, беларускім бальніцам і паліклінікам не хапае 4600 дактароў ды 3330 медсясцёр.
«Збеглыя ўзялі білет у адзін канец»
Чэрыкаўскім работнікам прапагандысцкага фронту загадалі бэсціць сваіх землякоў, з’ехаўшых пасля «няўдалай каляровай рэвалюцыі жніўня 2020 года».
«Збеглыя ўзялі білет у адзін канец. Вярнуцца дадому — значыць адказаць перад дзяржавай за ўсе свае ўчынкі. Гэтага яны, вядома, не жадаюць. Вось і скардзяцца ў сацсетках на сваю долю. А думаць пра тое раней трэба было», — пішуць ідэолагі.
«Грамадзяне нашай краіны — гэта абагульнены вобраз беспрацоўнага ў Польшчы»
Быхаўскія прапагандысты страшаць: «Чым мацней зніжаецца ўзровень жыцця палякаў, тым больш люта яны пачынаюць ненавідзець беларусаў».
Паводле прапагандыстаў, у вачах палякаў «грамадзяне нашай краіны — гэта абагульнены вобраз беспрацоўнага, які не мае грошай, вечна ные і лае Польшчу і саміх палякаў».
Насамрэч палякі зацікаўленыя ў тым, каб беларусы прыязджалі да іх працаваць.
А колькасць беларусаў, якія хочуць перабрацца ў суседнюю краіну, павялічваецца. З 2019 года ў Польшчы беларусы сталі другой па колькасці групай замежнікаў пасля ўкраінцаў.
Паводле звестак Цэнтра беларускай салідарнасці, на 30 верасня 2022 года 59 327 грамадзян Беларусі мелі дазвол на права пражывання ў Польшчы.
У Беларусі — «Хто хоча сумленна працаваць — забяспечаны працаю і годным заробкам»
У гэтым пераконваюць бабруйскія ідэолагі.
Публікацыя бабруйскіх прапагандыстаў. Скрын з тэлеграм-канала
У Бабруйску тым часам сярэдні заробак (па даных за кастрычнік 2022 года) склаў 1 311 рублёў, а ў раёне яшчэ менш — 1 197 рублёў.
«Раскаянне мусіць быць шчырым і чыстым, як само свята Раства»
Прапагандысты са Шклоўскага раёна лічаць, што «збеглыя рады б вярнуцца, але іх трымае страх».
«І ў Год міру і стварэння наш прэзідэнт і наша грамадства даюць ім шанец — раскаяцца і даказаць сваё раскаянне, вярнуцца ў сваю хату і да сваіх родных… Але толькі пры ўмове, што гэтае раскаянне будзе шчырым і чыстым, як само свята Раства… І пацверджаным учынкамі», — раяць ідэолагі з малой радзімы Лукашэнкі.
Публікацыя шклоўскіх прапагандыстаў. Скрын з тэлеграм-канала
Іх калегі з Круглянскага раёна дапаўняюць, цытуючы Лукашэнку:
«Дадому, кайцеся і станавіцеся на калені! Далей будзе горш. Таму дадому, на каленях, паўзком!»
Прапагандысты з Магілёўскага раёна ўпэўненыя, што ў беларусаў-эмігрантаў «ад настальгіі ўжо скулы зводзіць» і ім «давядзецца жыць успамінамі», а далей падказваюць:
«Ну ці набрацца смеласці — вяртацца, не баяцца адказнасці за ўсё, што нарабілі. А ўжо потым і жыць спакойна на радзіме — з сямʼёй, сябрамі».
Атака на беларусаў-эмігрантаў пакуль адпрацаваная, як выглядае, толькі на прапагандысцкіх пляцоўках Магілёўскага рэгіёна. Не выключана, што да Магілёўшчыны падключаць неўзабаве іншыя вобласці.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
как а я кр ы са та
сапраўды - ус лада вачэй і ушэй маіх