Кіно22

Пра злых палякаў і партызан. Што здымаюць на «Беларусьфільме» ў апошнія гады

Як жывецца беларускаму кіно ў таталітарнай дзяржаве? Як працуе «Беларусьфільм»? «Наша Ніва» распытала кінакрытыка Тараса Тарналіцкага пра тое, у якім цяпер стане беларускі кінематограф.

Мемарыяльная дошка Віктару Тураву на фасадзе галоўнага корпуса «Беларусьфільма». Фота: commons.wikimedia.org

Ідэалагічны прадукт пра квітнеючую Беларусь і генацыд

«Калі праглядзець каталог, які змешчаны на сайце студыі, там у асноўным два віды фільмаў. Па-першае, стужкі, прысвечаныя Беларусі на сучасным этапе, іх сэнс — распавесці, якая «добрая» краіна была пабудаваная за апошнія 20-25 гадоў. Канешне, там не сказана проста, што гэта ўсё зрабіў Лукашэнка, але ідэю туды ўкладвалі такую. Другі напрамак — стварэнне фільмаў, прысвечаных Другой сусветнай вайне, яны раскручваюць тэму генацыду беларускага народа, якую пачаў генпракурор Андрэй Швед», — кажа Тарас Тарналіцкі.

Таксама, расказвае Тарас, сярод новых стужак ад «Беларусьфільма» ёсць праекты, прысвечаныя тэматыцы «гаротнага стану беларусаў падчас знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польскай Рэспублікі». Крытык прыводзіць у прыклад стужку пра Максіма Танка, пра тое, як яму цяжка жылося ў 30-я гады на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Таксама Тарас згадвае фільм «Мы адзіныя» — вялікі гульнявы праект зноў-такі пра Заходнюю Беларусь: «Па маіх звестках, там ужо некалькі разоў мянялася здымачная каманда, бо ніхто не хацеў над гэтым фільмам працаваць, і цяпер яго здымаюць сцэнарыст і рэжысёр з Расіі. Таксама ў фільме здымаюцца некаторыя праўладныя акцёры, але пакуль не надта зразумела, хто там што робіць, бо збольшага ўсё робіцца кулуарна».

Іншы ідэалагічны прадукт ад «Беларусьфільма», які прыводзіць у прыклад Тарналіцкі, — гэта фільм пра вайскоўцаў «Полымя пад попелам», выпушчаны ў 2021 годзе.

Бываюць, аднак, і выключэнні. Тарналіцкі згадвае стужку «Аліўе», сумесны праект Расіі і Беларусі, збольшага з расійскім акцёрскім складам, але з двума рэжысёрамі, адным з якіх быў беларус. Гэта была навагодняя камедыя пра тое, як на свята вялікая сям’я збіраецца за адным сталом пасля доўгага расстання, з жартамі і гумарам. Яе афлайн-пракат прайшоў у канцы снежня, а потым стужка трапіла ў каталог некалькіх расійскіх анлайн-платформаў, у тым ліку «Кінапошуку», дзе знаходзіцца і дагэтуль.

Гледзячы па ўсім, ідэалогія пакуль што абышла бокам анімацыю ад «Беларусьфільма». Ва ўсякім разе, апошнія некалькі стужак у раздзеле анімацыйных фільмаў студыі выглядаюць так:

  • «Класікі і шахматы» — анімацыйная стужка да 140-годдзя з нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, у якой дзеці праз гульню ў шахматы знаёмяцца з творчасцю класікаў;
  • «Сон у зімнюю ноч» — казачная гісторыя пра каханне Каралевіча дзяржавы гномаў і прынцэсы лясных эльфаў;
  • «Дзідзі» — аповед пра фантастычную жывую істоту са здольнасцю прымушаць усё навокал расці, квітнець і зелянець.
Фота: picryl.com

Са студыі, расказвае кінакрытык, выехалі практычна ўсе прыватныя арандатары. Быў пераслед супрацоўнікаў па ідэалагічнай лініі, частка людзей з’ехала за мяжу, частка звольнілася. Намеснікам дырэктара, які адказвае за бяспеку і ідэалогію, паставілі выхадца са спецслужбаў.

«Адольф» з «Першага аддзела»: як былы спецслужбіст кашмарыць «Беларусьфільм»

Магчымасці да кампрамісаў няма, па словах Тарналіцкага: раней быў кампраміс, калі ты робіш нешта больш-менш добрае, але пры гэтым і ідэалагічнае.

«Беларусьфільм» фінансуецца за бюджэтныя сродкі.

«Студыя дагэтуль амаль нічога не зарабляе і толькі выкарыстоўвае бюджэтныя грошы, яна робіць дзяржаўныя замовы на ідэалагічныя праекты і так і існуе. Там зарабляюць грошы толькі на здачы сваёй уласнасці ў арэнду ці распродажы каталогу фільмаў для паказу ў Расіі або, у выпадку з анімацыяй, у іншых краінах. Але гэта смешныя лічбы, на іх ні студыю не пракорміш, ні людзей, якія там яшчэ засталіся ў штаце», — лічыць Тарналіцкі.

Балівуд на «Беларусьфільме» і незалежная дакументалістыка

У Беларусі здымаюць таксама расіяне для свайго кінарынку. Збольшага гэта серыялы, і там ад Беларусі толькі месца здымак. Напрыклад, у 2020 годзе ў Беларусі здымалі для «Кінапошуку» серыял «Топі» па Дзмітрыі Глухоўскім, яго здымалі ў Мінску і ў Смалявічах.

Для такіх серыялаў набіраюць беларусаў у масоўку і бяруць беларускіх тэхнічных спецыялістаў і менеджараў, астатнія ў асноўным прыязджаюць з Расіі ці з іншай краіны. «Яны проста плацяць грошы за тое, каб тут паздымаць, бо гэта больш танна. Напрыклад, так да нас прыязджалі індыйцы, яны знялі на «Беларусьфільме» свой праект, які потым паказвалі на нейкім індыйскім стрымінг-сэрвісе. Але там ад беларусаў былі хіба што тэхнічныя спецыялісты, таму лічыць, што гэта хоць у нейкім сэнсе беларускае кіно, не варта», — тлумачыць Тарас.

Ёсць і праекты, якія ў Беларусі здымаюць незалежныя аўтары, але гэта робіцца кулуарна і пра гэта з прычын бяспекі цяпер не распавядаюць.

Часткова незалежныя беларускія фільмы трапляюць на фестывалі, і не толькі на беларускія, але ў асноўным гэта фестывалі дакументальнага кіно. Напрыклад, фільм нашага рэжысёра Руслана Фядотава «Прэч» (Away) атрымаў узнагароду на кінафестывалі ў Амстэрдаме. Але гэта кіно было прысвечаны ўкраінцам і здымалася на іншаземныя грошы.

Тарналіцкі тлумачыць, што незалежнае кіно ў Беларусі збольшага дакументальнае, і рэч ва ўмовах працы: «Каб здымаць гульнявое кіно, патрэбная каманда людзей, якія выдаткоўваюць свой час і якім трэба плаціць. Сучасная дакументалістыка закранае больш актуальныя праблемы Беларусі пасля 2020 года, сацыяльна-грамадскія тэмы. Ствараць такое ж актуальнае гульнявое кіно вельмі цяжка, такіх прыкладаў амаль няма. Ведаю толькі серыял «Працэс», які яшчэ не выйшаў у шырокі пракат, яго паказвалі на кінафестывалі Bulbamovie».

Кінакрытык расказвае, што ў мінулым годзе выходзілі заўважныя па беларускіх мерках незалежныя фільмы на непалітычную тэматыку. Сярод іх меладрама «Лекі для Веры» — праваслаўная стужка, якая ўдзельнічала ў расійскіх фестывалях, яна здымалася ў Беларусі і беларускімі аўтарамі. Выйшла стужка «Мішэнь» Аляксандры Бутар, былой супрацоўніцы «Беларусьфільма». Тарас згадвае яшчэ адну стужку — карціну «Сардэчна запрашаем у сям’ю», камбінацыю крымінальных разборак і рамантычнай камедыі ў духу «Рамэа і Джульеты», зробленую пад Расію. Правы на яе былі прададзеныя анлайн-кінатэатрам. Рэжысёр гэтага фільма Уладзімір Зінкевіч у 2020 годзе адзначыўся трылерам «Спайс бойз» пра хлопцаў, якія пакаштавалі наркотыкі і ў выніку пазбавілі сябра вачэй.

Тарас Тарналіцкі тлумачыць, чаму, на яго думку, цяпер не лепшы час для развіцця беларускага кіно:

«Пісьменнікі, мастакі могуць працаваць у стол, іх творы могуць чакаць свайго часу. А кіно свайго часу чакаць не можа, бо для яго стварэння патрэбныя людзі і ім трэба плаціць, патрэбная інфраструктура для паказу — кінатэатры. То-бок гэта працэс, які патрабуе шмат людзей і рэсурсаў, і гэтага ўсяго цяпер у Беларусі няма праз рэпрэсіі і небяспеку. Увесь асноўны крэатыўны патэнцыял калі і застаўся на тэрыторыі Беларусі, то ў выглядзе пэўных дакументалістаў. А ўсе рэжысёры, якія здымаюць актуальнае і больш-менш добрае гульнявое кіно ці робяць такую анімацыю, цяпер за мяжой, працуюць на іншыя краіны ці ўвогуле змянілі прафесію».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

З сакавіка запрацуе анлайн-кінатэатр беларускага кіно

У папулярным амерыканскім серыяле і новым «Аватары» сыграла дачка беларускай тэнісісткі

«Разумець не абавязкова, галоўнае — любіць». Жбанкоў, Кацяловіч і Тарналіцкі вучаць, як адрозніваць добрае кіно ад кепскага

Каментары2

  • No
    21.02.2023
    Калхозная прымітыўная прапаганда
  • Алек. Ру
    21.02.2023
    Беларусьфільм=Партызанфільм+Савокфільм-Белмова.

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа5

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Усе навіны →
Усе навіны

Гайдукевіч сцвярджае, што сабраў 100 тысяч подпісаў11

У Вільні пройдзе акцыя ў падтрымку Васіля Верамейчыка5

У Беларусі з'явіўся новы вытворца аўтобусаў2

Блогер Шэры Кот, арыштаваны яшчэ да выбараў-2020, не выйдзе пасля сканчэння тэрміну2

СДПГ зноў вылучыць Олафа Шольца на пасаду канцлера Германіі4

Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Іспаніі

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага7

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа5

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Галоўнае
Усе навіны →