Ад 30 квадратаў. Якія сучасныя мікрадамы прадаюць у ваколіцах Мінска
Паглядзелі, якія малюпасенькія хаткі прапануе рынак нерухомасці.
Панарамнае акно і электрычнае ацяпленне
Самы маленькі з выстаўленых на продаж мікрадамоў мае агульную плошчу ўсяго 30,3 м². Каркасны домік без чыставога адстройвання ацэнены на 29 900 даляраў.
Жылая плошча дома складае 26,5 м², з якіх 19 прыпадае на кухню-гасцёўню. Апроч гэтага, у доме ёсць невялікі асобны пакой плошчай 7,4 м². Дадатковыя спальныя месцы можна зладзіць на «другім» паверсе.
У дом праведзеныя святло і водаправод. Ацяпленне працуе ад электрычнасці. Будынак стаіць на палева-вінтавым падмурку. Будынак уцеплены 15-сантыметровым слоем мінеральнай ваты — гэтага дастаткова, каб цалкам захоўваць цяпло.
Дом прадаецца разам з участкам памерам 11 сотак. Знаходзіцца ён за 30 кіламетраў ад Мінска ў вёсцы Шчокі, што непадалёк ад Путрышак і МКАД-2.
Гасцявы дом як асноўны
У вёсцы Драздова, што ўсяго за 3 км ад МКАД, прадаецца драўляны домік плошчай 42 м². За дом і ўчастак плошчай 15 сотак просяць 160 тысяч даляраў. Месца вельмі ж добрае — блізка да горада.
Мяркуючы па апісанні, невялічкі каркасны дом прадаўцы разглядаюць хутчэй як часовае жытло, у якім можна пажыць, пакуль не пабудуецца іншы паўнацэнны катэдж. Пасля чаго драўляны домік з тэрасай можна будзе перарабіць пад гасцявы домік.
«Свідравіна, каналізацыя мясцовая, газ побач. Ёсць палева-вінтавы падмурак пад лазню», — гаворыцца ў апісанні да аб'екта. Пазначаны ўзровень гатоўнасці аб'екта — 90%.
Хата з краю
За 57 500 $ прадаюць дом 2022 года пабудовы цалкам гатовы да пражывання. Агульная плошча аднапавярховага дома 54 м², жылая 35 м².
Дом прадаецца разам з мэбляй і тэхнікай. Месціцца ён у вёсцы Міханавічы на ўчастку памерам 11 сотак. Адлегласць дома ад Мінска 17 кіламетраў, прадавец называе яе «ідэальнай». Участак крайні, у доме ніхто не жыў.
Апроч кухні-гасцёўні, у доміку ёсць асобны спальны пакой. Пры неабходнасці ёсць магчымасць спраектаваць яшчэ адзін ізаляваны пакой — так пазначана ў апісанні.
Ацяпленне ў доме ад электрычнасці, праведзена 380 вольт, ёсць свідравіна глыбінёй 38 метраў, каналізацыя мясцовая.
Дом з басейнам
За 89 500 даляраў пад Мінскам прадаюць свежапабудаваны дом, які гатовы да засялення. Агульная плошча дома 55 м², жылая 38. Ёсць тэраса.
Участак памерам 9 сотак ужо добраўпарадкаваны, на ім ёсць вулічны басейн.
«Новы дом для пастаяннага пражывання з мэбляй і тэхнікай для невялікай сям'і ў ціхім прэстыжным месцы за 7 хвілінаў ад Мінска. Не дачнае таварыства, магчымасць прапіскі, а таксама пабудовы катэджа большага памеру на ўчастку», — гаворыцца ў апісанні да аб'екта.
Жытло прадаецца разам з мэбляй і тэхнікай. На першым паверсе месціцца кухня-гасцёўня, санвузел і саўна. Другі паверх мансарднага тыпу.
«Ён шукаў яго два гады»
За 89 800 $ прадаецца аднапавярховы дом у вёсцы Курневічы Мінскага раёна. Агульная плошча будынка 55 м², жылая 41. Памер участка 15 сотак.
Дом прадаецца разам з мэбляй і тэхнікай. У ім ёсць кухня-гасцёўня плошчай каля 19 «квадратаў» і два спальныя пакоі 10,5 м² і 11,2 м².
Дом пабудаваны з газасілікатных блокаў. З цэнтральных камунікацый толькі электрычнасць, таму, як і ў большасці іншых варыянтаў, ацяпленне ў доме працуе ад электрычнасці. Вада і каналізацыя мясцовыя. З прыемных бонусаў — участак знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, побач расце лес.
Прадаўцы дома за 30 кіламетраў ад сталіцы падышлі да апісання аб'екта з творчасцю і разышліся амаль на дзве тысячы знакаў.
Каментары
першая бытоўка - гэта ж ад 3%робім.бай
ці я трохі не разьбіраюся?