Джэймс Кэмеран стаў адзіным рэжысёрам у свеце, у якога адразу тры фільмы ўвайшлі ў спіс самых касавых за ўсю гісторыю кінематографа.
Фільм «Аватар: Шлях вады» (Avatar: The Way of Water) пры бюджэце ў 350—460 млн даляраў сабраў у сусветным пракаце 2,02 млрд. даляраў. Тым самым ён стаў шостым самым касавым фільмам у гісторыі, які пераадолеў паказчык у 2 млрд. даляраў, піша TMZ.
Характэрна, што сярод 6-ці такіх фільмаў тры былі зняты Джэймсам Кэмеранам: «Тытанік» і два «Аватара», прычым першая частка «Аватара» ўсё яшчэ займае тытул самага касавага фільма ў гісторыі кінематографа — 2,92 млрд. даляраў.
Фільмы са зборамі звыш 2 млрд даляраў:
- «Аватар» (2009) — 2,92 млрд. даляраў;
- «Мсціўцы: Фінал» (2019) — 2,8 млрд. даляраў;
- «Тытанік» (1997) — 2,2 млрд. даляраў;
- «Зорныя войны: Абуджэнне сілы» (2015) — 2,1 млрд. даляраў;
- «Мсціўцы: Вайна бясконцасці» (2018) — 2,05 млрд. даляраў;
- «Аватар: Шлях вады» (2022) — 2,02 млрд. даляраў.
Раней Джэймс Кэмеран заявіў выданню Metro, што франшыза «Аватар» будзе складацца з 5 частак, прычым трэцяя, паводле яго слоў, ужо знята і рыхтуецца да рэлізу.
«Мы ўжо знялі ўвесь трэці фільм, так што зараз ідзе пашыраны постпрадакшн, каб накласці ўсю гэтую CG-магію. А потым будуць зняты «Аватар 4» і «Аватар 5». У нас нават у гатовым выглядзе ўжо ёсць пэўны фрагмент 4-га фільму», — распавядае Кэмеран.
У сваім іншым інтэрв'ю ён раскрыў больш падрабязнасцей наконт трэцяга фільму. У ім гледачам будзе прадстаўлены «негатыўны» вобраз жыхароў Пандоры ў асобе новага і пакуль невядомага попельнага племя, «якое ўвасабляе агонь».
Каментары