Грамадства1414

«Гэта сітуацыя «выбару Сафі». Пасля звароту родных палітвязняў да лідараў свету ў сацсетках пачалася дыскусія

Сваякі палітвязняў і былыя палітвязні апублікавалі зварот да лідараў свету з заклікам «да больш рашучых дзеянняў па вызваленні» ахвяр лукашэнкаўскіх рэпрэсій. Шмат хто расцаніў гэта як чарговую спробу торгу палітвязнямі. Нават сярод родных палітвязняў няма згоды, ці варта ісці на гэта — у сацсетках разгарнулася дыскусія. Паглядзелі на аргументы бакоў.

Вызваленая Наталля Хершэ ў аэрапорце. Яе сустракала і праводзіла пасол Швейцарыі Крысцін Хонэгер-Залатухін (справа). Коштам вызвалення Наталлі было прызнанне Швейцарыяй Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам шляхам уручэння яму даверчых грамат

Андрэй Шарэнда, муж палітзняволенай Паліны Шарэнда, якая трэці год за кратамі, лічыць, што гэта ініцыятыва створаная толькі з адной мэтай — стварыць глебу для перамоваў Захаду з Лукашэнкам.

Ён лічыць, што на гэтыя граблі ўжо наступалі.

«Лукашэнка выцягне з любых перамоваў максімум для сябе і зноў падмане.

Я буду рады, калі кагосьці з палітвязняў атрымаецца вызваліць, але замест аднаго вызваленага будуць набраныя дзясяткі новых закладнікаў. Разумею боль і роспач родных, якія падпісалі гэты зварот. Але, на жаль, вас проста выкарыстоўваюць», — піша ў сацсетках ён.

Папулярная думка праціўнікаў перамоваў, што гэтым лістом родныя палітвязняў «толькі падахвочваюць рэжым да набору новых закладнікаў і працягу катаванняў (маўляў, вось — працуе наша тактыка на катаванні і набор закладнікаў, таму што яны патрабуюць гандлю)».

Таццяна Хоміч, сястра Марыі Калеснікавай, не выключае, што так і будзе, што будуць набіраць новых, але, піша яна, новыя пасадкі працягваюцца больш за два гады, незалежна ад гэтых дзеянняў. І «гэта не падстава нічога не рабіць і не спрабаваць вызваліць тых, хто ўжо сядзіць гадамі».

Ігар Ільяш, муж зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай, праводзіць паралелі з вызваленнем палітвязняў і палонных.

«Вызваленне байцоў «Азова» ў выніку таемных перамоваў з РФ — гэта здрада з боку кіраўніцтва Украіны? Ці прымусіў гэты абмен Украіну адмовіцца ад барацьбы і пагадзіцца з акупацыяй сваёй тэрыторыі? Вызваленне жаўнераў з расійскага палону знізіла маральны дух ва УСУ і ва ўкраінскім грамадстве? Абмен азоўцаў на Медзведчука ўмацаваў рэжым Пуціна?» — піша ён у фэйсбуку.

Ён мяркуе, што «перамоўныя працэсы бываюць розныя, у тым ліку з захаваннем базавых прынцыпаў і каштоўнасцяў».

«Распавядзіце мне, хто пацярпеў пасля вызвалення Груздзіловіча або Хершэ? Гэта справакавала новую хвалю рэпрэсіяў? Прывяло да легітымізацыі рэжыму, умацавала пазіцыі афіцыйнага Менску?.. Калі я не памыляюся, то нічога не змянілася абсалютна, акрамя таго, што два чалавекі больш не за кратамі. А чаму такіх выпадкаў не мусіць быць 10, 20, 100, 200?»

Шарэнда звяртае ўвагу на хібы аналогіі.

«Байцоў «Азова» памянялі на іншых палонных. А не на прызнанне акупаваных тэрыторыяй, і не на здачу сваіх інтарэсаў. У нас няма на каго мяняць палітвязняў, акрамя здачы сваіх перакананняў і прызнання паразы. Лукашэнку патрэбныя толькі зняцце санкцый, яго легітымізацыя і прызнанне нашай паразы. Вы гатовы пайсці на гэта?» — пытаецца Шарэнда.

Праціўнікі перамоваў з рэжымам звяртаюць увагу, што пасля вызвалення Хершэ пасол Швейцарыі ўручыў Лукашэнку граматы, і гэта, магчыма, дадало да легетымізацыі рэжыму.

Таццяна Хоміч лічыць, што хоць граматамі, хоць іншымі варыянтамі, але трэба нешта рабіць.

«Што тады застаецца? Нічога не рабіць? Чакаць? Колькі яшчэ? Мы ў 2020-м гаварылі, што ніхто свае тэрміны не адседзіць. Калі ёсць такія варыянты з граматамі і іншымі публічнымі і непублічнымі крокамі, і гэта прыводзіць да вызвалення хаця б некалькіх людзей, то трэба спрабаваць», — піша яна.

Марына Адамовіч звяртае ўвагу, што ўлады, якія развязалі гэты тэрор, моўчкі назіраюць за пакутамі і прыніжэннем сваіх ахвяр.

«Калі ўжо выступаем у ролі прасіцеляў, то мусім выслухаць умовы пераможцаў. Дарэчы, калі прасіцель — праактыўная пазіцыя, то я пас», — піша жонка зняволенага палітыка Мікалая Статкевіча.

Рэдактар Фёдар Паўлючэнка агучыў разгубленасць наконт таго, да чаго заклікаюць падпісанты звароту, якіх рашучых дзеянняў чакаюць ад лідараў свету.

«Некалькі разоў прачытаў уважліва ваш тэкст і не зразумеў, што вы прапануеце», — піша ён.

Вольга Івашына, жонка зняволенага журналіста Дзяніса Івашына, удакладніла, што гэта

«любыя дзеянні, якія дазволіць сумленне, гуманізм, дэмакратычныя і агульначалавечыя каштоўнасці, ажно да пачатку перамоваў наконт вызвалення палітвязняў».

«Перамовы з тэрарыстамі пра вызваленне закладнікаў вядуцца ў цывілізаваных краінах. А наконт новых палонных, дык канвеер і зараз не спыняецца, штодня дзясяткі затрыманых», — піша ў абмеркаванні Вольга Івашына.

Адкрытым застаецца пытанне, што на гэты конт думаюць самі палітвязні. «Вельмі шкада, што вы не падтрымліваеце прынцыповую пазіцыю вашага мужа Дзяніса ў гэтым пытанні. Рады буду, калі вам удасца яго выкупіць і вы ізноў будзеце разам», — піша муж нязломнай Паліны Шарэнда жонцы нязломнага Дзяніса Івашына.

«Цяжкасць сітуацыі ў тым, што камусьці пашчасціць, і ён/яна будзе выкуплены/а. А іншыя, не дастаткова знакамітыя і вядомыя, распіяраныя — будуць сядзець далей, будуць брацца маладыя, напужаныя, непадрыхтаваныя. Хто будзе вырашаць, ратаваць каго канкрэтна? Гэта сітуацыя выбару Сафі. Сітуацыя, якая нібыта мае выбар, але выбару няма, бо сама сітуацыя ненармальная», — мяркуе Наталля Рак.

«Палітвязні — гэта не корань праблемы, а наступствы. І, каб убачыць усіх палітвязняў на свабодзе, трэба вырашаць праблему», — піша праваабаронца Марына Касінерава.

Каментары14

  • Vik
    11.01.2023
    Понятно, что они предлагают: Они предлагают выкупить или выкупать заключенных. За отмену санкций, за деньги, за ... Только никто этого не будет делать. Граждан своей страны будут "выковыривать", а все остальные - не их забота.
  • Mar
    11.01.2023
    Хотят поиграть в любимую игру Лукашенки, в которой он большой профи.
  • pulka
    11.01.2023
    Я на баку Шарэнды, хоць і сама на хіміі. Разумею, Вольга, твой клопат пра Дзяніса. Але я ведаю некалькі чалавек, якія зараз у турме, іх родныя ня хочуць нічога паведамляць, а ім сьвецяць велізарныя турэмныя тэрміны. Хто імі будзе займацца?

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА1

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Мелказёраў расказаў, як аформіў медыцынскую страхоўку для сабакі і чаму гэта выгадна7

Беларуска і беларус здзівілі ўсіх на турніры па покеры на Багамах2

Самую дарагую кватэру ў Мінску ў лістападзе прадалі ў «Доме Чыжа»

Украінскія вайскоўцы на мяжы акружэння ў чатырох вёсках Данеччыны

Трамп выступае за размяшчэнне еўрапейскіх войскаў ва Украіне для кантролю над будучым перамір'ем4

Генеральны сакратар НАТА заклікаў рыхтавацца да вайны з Расіяй праз 5 гадоў20

Беларускім журналістам у выгнанні акажа шчодрую падтрымку Фландрыя6

Прарыў у чорнай металургіі: новы метад павышае хуткасць вытворчасці ў 3600 разоў4

Затрымалі гаспадыню аграсядзібы пад Баранавічамі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА1

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →